Тыдзень у рытме творчасці

- 10:58Навіны рэгіёнаў, Рознае

Тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі падобны да маштабнай рэкламнай акцыі, падчас якой пра сябе і свае паслугі расказваюць установы. І, як і любая рэклама, мерапрыемствы тыдня павінны быць яркімі і запамінальнымі, інакш не будуць эфектыўнымі. Ва ўстановах дадатковай адукацыі Міншчыны да правядзення тыдня падышлі сур’ёзна і з крэатывам.

У Мінскай вобласці дзейнічаюць 49 устаноў дадатковай адукацыі. Тут пастаянна вядзецца работа па вывучэнні інтарэсаў і патрабаванняў дзяцей і іх бацькоў з улікам рэгіянальных асаблівасцей, сацыякультурнага асяроддзя, штогод з’яўляюцца новыя актуальныя кірункі работы. У мінулым навучальным годзе ў 4166 аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі вобласці займалася каля 57 тысяч навучэнцаў. Сёлета педагогі і кіраўніцтва ўстаноў пастараліся правесці тыдзень дадатковай адукацыі так цікава, каб апошняя лічба павялічылася. Самым распаўсюджаным мерапрыемствам у рамках тыдня сталі дні адкрытых дзвярэй. Акрамя іх, прайшлі кірмашы-панарамы, майстар-класы, экскурсіі, фестывалі, фальклорныя экспедыцыі, флэш-мобы, танцавальныя батлы, тэатралізаваныя паказы і многае іншае.

Так, напрыклад, у Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці правялі вэб-мост для бацькоў і дзяцей, каб яны маглі анлайн атрымаць поўную інфармацыю аб дзейнасці аб’яднанняў і студый цэнтра. Непасрэднае знаёмства з цэнтрам адбывалася падчас экскурсіі па экспрэс-маршрутах. Узорныя тэатральныя калектывы ЦДТ падрыхтавалі для гасцей тэматычны дзень тэатра і паказалі на сцэне свае лепшыя спектаклі, а ў дзень майстроў дзеці маглі пазнаёміцца з разнастайнымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тым часам калегі ў Слуцкім цэнтры турызму таксама запрасілі дзяцей да сябе ў госці. У цэнтры іх чакаў відэапаказ фільмаў аб турыстычных паходах і захапляльных падарожжах выхаванцаў цэнтра. А на вуліцы чакалі прыгоды: дыстанцыі па арыентаванні, скалалажанні, тэхніцы велатурызму і турыстычна-прыкладным мнагаборстве. Сваімі ўражаннямі ад пераадолення дыстанцый дзяліліся за кубкам гарбаты ля кастра. А напрыканцы тыдня маштабнае мерапрыемства для дзяцей ладзілі ўсе ўстановы дадатковай адукацыі Слуцка разам: Цэнтр дзіцячай творчасці, Цэнтр тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі, Цэнтр турызму і эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў. У гарадскім скверы дзецям прапанавалі разнастайную палітру цікавых заняткаў. Атрымалася сапраўднае свята.

У Дзяржынску ўстановы дадатковай адукацыі пачалі тыдзень з актыўнай рэкламы ва ўсіх сродкай масавай інфармацыі раёна і ў інтэрнэце, таму на дні адкрытых дзвярэй школьнікі і іх бацькі ішлі з вялікай цікаўнасцю.

У ЦТДіМ Дзяржынскага раёна іх чакаў кірмаш паслуг дадатковай адукацыі, інтэрактыўнае падарожжа ў свет тэхнічнай творчасці, майстэрні, практыкумы, творчыя лабараторыі і нават мотар-шоу — паказальныя выступленні па хуткасным манеўраванні, якое падрыхтавалі выхаванцы аб’яднання юных матацыклістаў. Госці цэнтра сталі ўдзельнікамі гульнявой праграмы, флэш-мобу, пазнаёміліся з лепшымі дасягненнямі гурткоўцаў, работай бізнес-кампаніі “Пазітыў”. З радасцю віталі школьнікаў і ў эколага-біялагічным цэнтры Дзяржынскага раёна: тут кожны мог прайсціся па станцыях экалагічнай сцяжынкі і наведаць кантактны міні-заапарк.

У Нясвіжы старт тыдню далі прыгожай цырымоніяй адкрыцця, дзе выступілі выхаванцы ЦДТ Нясвіжскага раёна, якія ўжо дасягнулі поспехаў на занятках у аб’яднаннях цэнтра. Тут прайшлі майстар-класы “Лялечны тэатр: ад афішы да прэм’еры”, “Мастацтва сучаснага танца”,“Новае жыццё старых рэчаў”, дзе жадаючыя засвоілі тэхніку пэйп-арт. Мерапрыемствы выйшлі далёка за межы цэнтра: у мікрараёнах горада прадстаўнікі ЦДТ ладзілі гульнявыя і азнаямленчыя праграмы “У рытме творчасці”. Тут можна было ўбачыць міні-канцэрт выхаванцаў цэнтра, выставу іх работ, паўдзельнічаць у конкурсах, гульнях, віктарынах. Для знаёмства дзяцей і іх бацькоў з экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасцю цэнтра ў гарадскім парку праходзіла экскурсія на электробусе. Кульмінацыяй тыдня ў раёне стала выніковае святочнае мерапрыемства “Беларусь… Усе фарбы жыцця для цябе!”. У гарадскім парку для дзяцей праводзіўся квест. Падарожнічаючы па станцыях, яны выконвалі цікавыя заданні і знаёміліся з кірункамі работы ЦДТ, аб’яднаннямі па інтарэсах.
Разнастайнымі былі мерапрыемствы ў Салігорску. Так, Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна правёў фестываль “Горад тэхнікі”, дзе адбываліся спаборніцтвы па трасавым аўтамадэлізме і суднамадэльным спорце. ЦТДіМ Салігорскага раёна пазнаёміў жадаючых не толькі з творчымі майстэрнямі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, але і з дзейнасцю парламента дзяцей і навучэнскай моладзі горада, клубамі КВЗ. “Сцяжынкамі прыроды” прайшліся госці Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама трапілі на экалагічны трэнінг і інфармацыйны відэаўрок, паўдзельнічалі ў фларыстычнай фотасесіі і стварэнні бутаньерак з кветак, пабывалі на выставе міні-садоў і ландшафтных кампазіцый.

Цікавым і насычаным стаў гэты тыдзень у кожным раёне вобласці, а ў тых, хто выбраў для сябе справу па душы сярод гэтай разнастайнасці прапаноў, гэтак жа пройдзе і ўвесь навучальны год.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі.