Тысячу школьнікаў з усёй Магілёўшчыны плануюць сёлета прыняць на адпачынак у аздараўленчым летніку «Родник»

- 16:05Образование

Менавіта так праводзяць летнія дні школьнікі, якія выбралі для аздараўлення лагер з кругласутачным знаходжаннем “Родник” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тэрыторыя летніка, які размясціўся ў лясным масіве бліз вёскі Заходы Шклоўскага раёна, напоўнена звонкімі дзіцячымі галасамі. Дзеці з задавальненнем прыма­юць удзел у шматлікіх мерапрыемствах. Спартыўныя турніры, творчыя конкурсы і агляды, інтэлектуальныя віктарыны — сумаваць тут не прыхо­дзіцца, занятак па душы знойдзе кожны.

— Галоўнай задачай бачым якасны адпачынак і ўсебаковае развіццё дзяцей. Усе змены маюць тэматычную накіраванасць, праходзяць па загадзя распрацаваных захапляльных праграмах. Адным з прыярытэтаў дзейнасці з’яўляецца далучэнне дзяцей да здаровага ладу жыцця. Прастора лагера свабодная ад гаджэтаў, а ў расклад уключаны рэгулярныя спаборніцтвы, гульні на свежым паветры. Не меншую ўвагу ўдзяляем і выхаваўчай рабоце, фарміруем у выхаванцаў патрыятычныя, грамадзянскія, духоўна-маральныя якасці, — паведаміла намеснік дырэктара МАЦТ Святлана Рыськова. 

Сёлета на аздараўленне ў лагеры плану­юць прыняць 1000 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў з розных куткоў вобласці. Для адпачынку дзяцей створаны ўсе ўмовы: тры ўтульныя спальныя карпусы, сталовая са смачным пяціразовым харчаваннем, клуб, сучасны стадыён. У сукупнасці з насычанай праграмай знаходжанне ў летніку пралятае для дзяцей незаўважна.

— Цяпер ідзе ўжо трэцяя аздараўленчая змена, прысвечаная медыяпрасторы. Каб сфарміраваць у дзяцей навыкі інфармацыйнай бяспекі, прапанавалі ім паспрабаваць сябе ў ролі блогера, інфлюэнсера, лідара меркаванняў. Наогул змены заўсёды маюць пэўную накірава­насць. Штогод імкнёмся прыдумаць для дзяцей нешта новае, крэатыўнае і арыгінальнае. Але ёсць у нас і традыцыі. Адкрыццё і закрыццё змен заўсёды праводзіцца ў спе­цыяльна аформленай зоне для вогнішча. У гэтым месцы выхаванцы спачатку знаёмяцца адно з адным, а потым дзеляцца ўражаннямі, — расказала намеснік начальніка лагера Алена Кавалёва.

Усе змены разлічаны на 15 дзён. Здаецца, шмат, але час адпачынку прахо­дзіць вельмі хутка.

— Дзякуючы намаганням педагагічнага калектыву, у лагеры пануе цёплая сямейная атмасфера. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Шмат выхаванцаў адпачываюць у летніку не ўпершыню. Ёсць нават тыя, хто прыязджае пяты і нават шосты раз, — адзначыла Святлана Рыськова.

“Родник” — толькі адно са звёнаў у шырокай летняй аздараўленчай кампаніі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. У чэрвені на базе ўстановы працавалі чатыры лагеры дзённага знаходжання розных профіляў, у якіх адпачылі 225 хлопчыкаў і дзяўчынак. Зараз ажыццяўляецца далучэнне дзяцей да арганізаванай занятасці. Усе жадаючыя могуць наведваць цікавыя гульнявыя пляцоўкі ці аб’яднанні па інтарэсах, работа якіх у летні перыяд не спыняецца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара