У адзіным творчым парыве

- 23:35Культура

…сышлася студэнцкая моладзь трох універсітэтаў Гродзеншчыны падчас фестывалю “АРТ-вакацыі — 2022”.

Заключныя мерапрыемствы II Абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2022” прайшлі ў Гродне. Сёлетні фестываль прысвечаны Году гістарычнай памяці і праходзіць пад дэвізам “Час новых традыцый — у творчасць мола­дзі”. Удзел у ім прымаюць студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Арганізатарам фестывалю традыцыйна выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Право­дзіцца ён з мэтай фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму моладзі, каштоўнаснага стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Шматлікія мерапрыемствы фестывалю, якія ахопліваюць дзясяткі тысяч маладых людзей, садзейніча­юць укараненню сацыякультурных навацый і падтрымцы ініцыятыў, творчаму развіццю і самарэалізацыі моладзі.

Фестываль на працягу многіх гадоў выбудоўвае творчую лагістыку моладзі. Новай лакацыяй стала Гродна амбіцыйнае. У адзіным творчым парыве аб’ядналася моладзь Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Мола­дзь Гродзеншчыны далучылася да маштабнага фестывальнага руху і выбрала зададзены курс наперад у будучыню. Адкрываючы абласны этап фестывалю, гродзенцы разам са студэнтамі іншых рэгіёнаў краіны ўпэўнена заявілі: “Час новых традыцый —  у творчасць моладзі”. 

— “АРТ-вакацыі” — па­дзея, якую мы чакаем заўсёды з нецярпеннем, — расказала начальнік аддзела культурна-масавай і адпачынкавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Стэльмах. — Раз у два гады ў краіне праходзіць фестываль творчасці сярод устаноў вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе “АРТ-вакацыі” прысвечаны новым творчым традыцыям, ідэям моладзі. Гродзенская вобласць моцная тым, што мы шануем нашы традыцыі. На сцэне прадстаўлены нумары ад Давіда Гарадзенскага да новых сучасных напрамкаў. Для нашага ўніверсітэта вельмі важная творчасць Янкі Купалы, якая таксама знашла адлюстраванне ў фестывальных нумарах. Безумоўна, мы памятаем сваю гісторыю і ствараем яе далей.

Адборачныя этапы прайшлі на базе ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі вобласці, дзе асобныя выканаўцы, творчыя калектывы паказалі свае таленты. Лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы прадставілі праграму на абласны этап. У двух фінальных канцэртах на сцэну выйшлі больш як 300 студэнтаў трох УВА вобласці. У ГрДУ імя Янкі Купалы была прадстаўлена пляцоўка беларускай гісторыі, а ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце —маладзёжных крэатыўных нумароў. 

— Кожную вясну студэнцкую моладзь чакае цудоўная пара — творчыя канікулы, якія называюцца “АРТ-вакацыі”, — падкрэсліла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі Алена Лаўрыновіч. — Фестываль ужо завітаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Эстафету цудоўнага студэнцкага свята прыняло Гродна. Усяго ў фестывалі ў гэтым годзе прымаюць удзел 50 устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Гэта вялікая армія творчых студэнтаў, якія прадстаўляюць усе напрамкі мастацкай творчасці: тэатральны, музычны, харэаграфічны, літаратурны, сучасны лічбавы. Усё, што могуць выказаць творчыя студэнцкія сэрцы, гэта і ёсць “АРТ-вакацыі”.

Творчыя калектывы Гродзеншчыны ў няпросты пандэмійны перыяд захавалі масавыя жанры. На сцэну “АРТ-вакацый” выйшлі і харавыя калектывы, і аркестры. Многія працавалі дыстанцыйна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, праводзілі рэпетыцыі ў новых фарматах. 

— Гродзенскую воб­ласць заўсёды адрознівае творчая дружба, узаемадапаўняльнасць і спецыялістаў устаноў вышэйшай адукацыі, і студэнтаў. Бо калі нешта добрае, цікавае з’яўляецца ў адным універсітэце, ён абавязкова дзеліцца з іншымі. У гродзенцаў існуе такі ўзор творчага партнёрства і ўзаемадзеяння як сярод студэнтаў, так і сярод педагогаў. Хочацца адзначыць ролю Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Наладжаная гэтай установай сістэма бесперапыннага выхавання, адукацыі навучэнскай і студэнцкай мола­дзі, дзяцей — добры прыклад, які можа трансліравацца для ўсёй рэспублікі, — адзначыла Алена Лаўрыновіч.

Фінал “АРТ-вакацый” адбудзецца ў маі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.