У Асіповічах сёлета пачнецца будаўніцтва новай школы

- 9:00Главная, Образование

Сучасная ўстанова агульнай магутнасцю 1020 месцаў з’явіцца ў новым мікрараёне на вул. Чарняхоўскага і зможа прыняць у тым ліку дзяцей дашкольнага ўзросту, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сучасная база

Дзякуючы новабудоўлі атрымаецца разгрузіць бліжэйшыя ўстановы адукацыі. Для Асіповіцкага раёна, другога па колькасці насельніцтва пасля Магілёва і Бабруйска, гэта надзвычай важна. Сістэма адукацыі раёна сёння налічвае 5380 вучняў, 1837 дзяцей дашкольнага ўзросту і 912 педагогаў, —расказала начальнік раённага аддзела па адукацыі Ірына Сяргейчык. — Вялікі акцэнт мы робім на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Запланаваны два капітальныя рамонты ў сярэдняй школе № 3 Асіповіч і Свіслацкай сярэдняй школе. У пазамінулым годзе была адрамантавана Вяззеўская сярэдняя школа, дзе з’явіліся рэсурсныя цэнтры па фізіцы, хіміі і біялогіі з найноўшым абсталяваннем і лабараторыяй. ЅТЕАМ-клас пакуль функцыянуе ў сярэдняй школе № 1, а ў наступным годзе з’явіцца ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Лідары адукацыі

Аддзел па адукацыі раёна на працягу многіх гадоў лідзіруе ў Магілёўскай вобласці сярод аддзелаў па адукацыі раёнаў з колькасцю насельніцтва больш за 20 тыс. Сёлета ў чарговы раз атрымана 1-е месца. Такім чынам адзначаны поспехі педагогаў і вучняў.

Дазвольце крыху пахваліцца: Магілёўскую вобласць на заключным (рэспубліканскім) этапе конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» будуць прадстаўляць два нашы педагогі. Гэта Алена Балвановіч, выхавальніца дзіцячага сада № 8 «Чабурашка» Асіповіч і Юлія Шульгіна, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4, — адзначае суразмоўніца. — На ўзроўні вобласці ў раёне добрыя вынікі ў алімпіядным і конкурсным руху. Летась вучні заваявалі 14 дыпломаў у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і тры дыпломы — у заключным. Па выніках гэтага года атрыманы 7 дыпломаў і два пахвальныя водзывы на абласным этапе і дыплом па матэматыцы на заключным. На ўзроўні рэспублікі за два гады нашы вучні маюць тры ўзнагароды ў конкурсе работ даследчага характару: па грамадазнаўстве, рускай літаратуры і гісторыі.

Асаблівыя поспехі дэманструюць вучні сярэдняй школы № 4 пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Алены Мурашкі. Так, у 2022 г. Вадзім Карпінчык і Уладзіслаў Шпілеўскі перамаглі на рэспубліканскім конкурсе тэхнічнай творчасці і робататэхнікі навучэнскай моладзі TechSkills (дыплом I ступені ў абласным этапе і 4-е месца ў рэспубліканскім). У гэтым годзе ў вучняў Алены Мурашкі два дыпломы II ступені ў абласным этапе XII Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «ТэхнаІнтэлект» (у секцыях «Радыёэлектроніка» і «Робататэхніка»), дыпломы ў абласным конкурсе па робататэхніцы «Калядны турнір». Дыпломам III ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў Hi-Tech у намінацыі «Інжынерны дызайн CAD» узнагароджаны Канстанцін Пілюк.

Чакаем маладую змену

Ірына Мікалаеўна кіруе аддзелам па адукацыі з ліпеня 2021 г. Прайшла ўсе кар’ерныя прыступкі: была піянерважатай, педагогам-арганізатарам, педагогам сацыяльным, намеснікам па выхаваўчай рабоце, дырэктарам сельскай школы і дырэктарам сярэдняй школы № 1, самай вялікай у Асіповічах.

Займаючы кіраўніцкія пасады, часта раіла калегам: «Улюбіце дзіця ў свой прадмет так, як любіце яго вы, каб, выбіраючы прафесію, вучань мог сказаць, што хоча быць падобным да таго ці іншага свайго настаўніка». Мяне на атрыманне педагагічнай прафесіі натхнілі менавіта мае педагогі з Ялізаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, — кажа І. Сяргейчык. — Сёння будучую змену настаўнікі раёна рыхтуюць у васьмі ўстановах адукацыі — у адным педагагічным класе на базе Дараганаўскай сярэдняй школы і 11 педгрупах. Таксама створаны класы і групы аграрнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Сярэдняя школа № 4 і БДУФК заключылі дагавор аб узаемным супрацоўніцтве па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў профільных групах спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Штогод у мясцовыя ўстановы адукацыі ўладкоўваюцца 10—15 маладых спецыялістаў, у асноўным вяртаюцца свае выпускнікі. Замацаванасць складае 93 %. Пачынаючыя педагогі радуюць нас сваімі поспехамі. Так, нядаўна Віялета Аляшкевіч з Асіповіцкага ДЦРД перамагла на абласным этапе рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» у намінацыі «Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі».

З мінулага года ў гімназіі Асіповіч функцыянуе прававы клас (заключаны дагавор са Следчым камітэтам). У студзені адкрыты ваенна-патрыятычныя клубы ў сярэдняй школе № 1 сумесна з МУС і ў сярэдняй школе № 4 сумесна з МНС. А з мая мінулага года на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Гарнізон». Яго асноўная работа праходзіць у воінскіх часцях горада. У жніўні юныя ўдзельнікі клуба адправіліся ў «Зубраня» на злёт ваенна-патрыятычных клубаў, дзе па выніках розных конкурсаў занялі трэцяе месца.

У планах аддзела па адукацыі заключыць дагавор з БНТУ і адкрыць профільны клас па падрыхтоўцы інжынераў. Гэта неабходна перш за ўсё для саміх Асіповіч — буйнога прамысловага горада. Што тычыцца педагагічных кадраў, то мясцовыя школы сёння ў большай ступені маюць патрэбу ў настаўніках матэматыкі, педагогах-псіхолагах і дашкольных педагогах.

Новыя традыцыі

Развіваем існуючыя і ствараем новыя традыцыі і напрамкі, — працягвае І. Сяргейчык. — Так, сёлета ў раёне ўпершыню прайшоў Калядны баль, у якім прынялі ўдзел 270 лепшых навучэнцаў 5—11-х класаў. У маі 2022 г. СШ № 2 Асіповіч прысвоены статус «Школа міру». Набірае абароты валанцёрскі рух, экалагічныя маладзёжныя ініцыятывы. У планах — адкрыццё вучэбных бізнес-кампаній.

Толькі за гэты навучальны год ва ўстановах адукацыі раёна створаны адзін мемарыяльны пакой, 7 музеяў і 10 музейных пакояў. Так, на базе 3-й школы адкрыты музейны пакой памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Асаблівы гонар — Дараганаўскі школьны комплексна-краязнаўчы музей, які размешчаны ў асобным будынку на тэрыторыі школы. Тут захоўваецца каля 4 тыс. экспанатаў, праводзіцца экспедыцыйная і пошукавая дзейнасць.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі