У аснове ўсіх інавацый

- 11:46Навука і інавацыі

Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў праводзіць конкурсы навуковых праектаў практычна ў рэжыме нон-стоп: заканчваецца адзін — пачынаецца другі. Зараз, напрыклад, ідзе прыём заявак на фінансаванне ў рамках конкурсу “БРФФД — Мінадукацыі М — 2018” (бія- і фармтэхналогіі; нанатэхналогіі і матэрыялы; мікра- і оптаэлектроніка, лазерныя тэхналогіі; інфармацыйныя тэхналогіі і абарона інфармацыі). Па ўзгадненні з турэцкім бокам аб’яўлены конкурс сумесных навуковых праектаў БРФФД і Савета па навукова-тэхналагічных даследаваннях Турцыі “БРФФД — ТЮБІТАК — 2018” (фізіка; матэматыка; камп’ютарныя навукі і інфармацыйныя тэхналогіі; хімія і навукі аб Зямлі; аграрныя і біялагічныя навукі).

Як паведаміў старшыня БРФФД акадэмік Сяргей Гапоненка, штогод фонд абвяшчае 10—15 конкурсаў, і па іх выніках выдзяляецца каля 300 грантаў на выкананне пошукавых і фундаментальных даследаванняў. Тут прадстаўлены ўсе напрамкі — пачынаючы ад фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і заканчваючы біялагічнымі, медыцынскімі і гуманітарнымі навукамі.

— Гранты не вельмі вялікія, але вельмі важныя, — гаворыць Сяргей Васільевіч. — Ва ўсім фінансаванні навуковых распрацовак, што ёсць у краіне, праз наш фонд размяркоўваецца прыкладна 1,5—2% сродкаў. Гэта пацвярджае той факт, што фундаментальныя даследаванні не перагружаюць дзяржаўны бюджэт і не пустошаць кішэні падаткаплацельшчыкаў. Сёння фундаментальныя навукі ва ўсім свеце — гэта не задавальненне цікаўнасці асобных вучоных, а першая фаза інавацыйнага працэсу, самая важная і самая танная. Даследаванні таму і называюцца фундаментальнымі, што яны ляжаць у аснове ўсіх інавацый. Іх вынікі з цягам часу становяцца часткай буйных праграм, перарастаюць у прыкладныя даследаванні, а потым і ў распрацоўкі. Тое, што робіцца ў лабараторыях, праз 10—15 гадоў можа аказацца на канвееры прадпрыемстваў.

Акадэмік Гапоненка падкрэслівае, што фундаментальныя даследаванні не адарваны ад жыцця, як многім падаецца. Найперш яны маюць на ўвазе вывучэнне аб’ектаў, створаных чалавекам (транзістар ці лазер — тыповыя аб’екты, створаныя людзьмі).

— Нашы навукоўцы, якія атрымліваюць гранты, не займаюцца, напрыклад, пошукам незямных цывілізацый і не будуюць мадэлі іншых сусветаў, — гаворыць Сяр гей Васільевіч. — Яны займаюцца рэальнымі і разумнымі з пункту гледжання падаткаплацельшчыкаў рэчамі. Гэта, напрыклад, новыя матэрыялы для электронікі, фатонікі і іншыя перспектыўныя напрамкі.

Важны прынцып работы фонду — адкрытасць. Усе конкурсы, умовы іх правядзення і вынікі публікуюцца ў друку.

— Усе праекты адбіраюцца на конкурснай аснове, — тлумачыць Сяргей Гапоненка. — Экспертыза заявак праводзіцца ў 16 экспертных саветах, у склад якіх уваходзіць звыш сотні кампетэнтных і незалежных навукоўцаў з розных арганізацый. Падкрэслю, што фонд — рэспубліканскі, таму прыкладна палова праектаў, якія атрымліваюць нашу падтрымку, — праекты навукоўцаў з устаноў Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і інш. Каля паловы грантаў атрымліваюць вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук.

Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў дзейнічае больш за 25 гадоў. Гэта найстарэйшы фонд на прасторах СНД. За час існавання ён прафінансаваў на конкурснай аснове прыкладна 7 тысяч навуковых праектаў.

Адна з задач фонду — выхаванне маладых лідараў у навуцы, таму кожны трэці праект, які фінансуецца фондам, — гэта праект маладых вучоных. З іх вырастаюць будучыя кіраўнікі кафедр, лабараторый, навуковых інстытутаў.

І яшчэ адна важная задача, якую вырашае фонд, — развіццё міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

— У эпоху глабалізму ідэі належаць усяму свету, — гаворыць акадэмік Гапоненка. — Абсалютная большасць ідэй нараджаецца ў дыскусіях на канферэнцыях і ў сумеснай працы мабільных груп вучоных, асабліва ў галіне міждысцыплінарных даследаванняў. І я не пабаюся сказаць, што наш фонд з’яўляецца вельмі важным, эфектыўным і, магчыма, галоўным інструментам развіцця міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Мы штогод адкрываем да 200 новых міжнародных праектаў.

Фонд мае дагаворы з двума дзясяткамі замежных арганізацый і фондаў з розных дзяржаў, у рамках якіх праводзяцца сумесныя конкурсы і фінансуюцца розныя навуковыя праекты. Вядома, асноўны партнёр БРФФД — Расія, каля паловы міжнародных праектаў выконваецца з удзелам расійскіх калег. Але ў ліку партнёраў беларускага фонду таксама арганізацыі і фонды Турцыі, Карэі, В’етнама, Манголіі, Кітая. Безумоўна, рэалізуюцца сумесныя праекты і з еўрапейскімі краінамі. Менш, але ёсць узаемадзеянне з ЗША, Канадай, Японіяй.

— Галоўная задача нашага фонду — дапоўніць традыцыйную сістэму падтрымкі навукі (базавае фінансаванне) сістэмай конкурснага выдзялення сродкаў па актуальных напрамках, — гаворыць Сяргей Гапоненка. — У адрозненне ад базавага фінансавання, накіраванага на забеспячэнне работы навуковых арганізацый, гранты падтрымліваюць асобныя перспектыўныя калектывы вучоных. Штогод мы падводзім вынікі і бачым, што гэта эфектыўна.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.