Падчас камандзіровак у розныя рэгіёны рэспублікі кожны раз здзіўляешся (і ганарышся): колькі ў нас таленавітых, неабыякавых, творчых, кампетэнтных педагогаў! Пра кожнага хочацца напісаць, вопыт кожнага прадставіць на старонках часопіса.
Таму ўжо стала добрай традыцыяй у рубрыцы “Педагагічная асамблея” арганізоўваць своеасаблівую настаўніцкую майстэрню. У сакавіцкім выпуску мы прапануем сваім чытачам завітаць у Рагачоўскі раён, дзе склалася адметная сістэма работы па падрыхтоўцы настаўнікаў да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, можна нават сказаць, па “вырошчванні“ настаўніка года. Дзякуючы высокаму ўзроўню метадычнай кампетэнтнасці педагогаў, калектывы школ маюць магчымасць рэалізоўваць разнастайныя інавацыйныя праекты, паглыбляць веды на базе раённых рэсурсных цэнтраў, выхоўваць патрыётаў і грамадзян сваёй краіны з дапамогай музейнай педагогікі. Вялікую ўвагу тут удзяляюць пытанням прафесійнага самавызначэння навучэнцаў і праблеме вяртання маладых спецыялістаў на сваю малую радзіму. Спадзяёмся, што асвятленне на старонках часопіса складнікаў поспеху Рагачоўскага раёна ў адукацыйнай сферы будзе мець водгук у нашых чытачоў.
У кожнай школы ёсць свая душа, свая непаўторная аўра. Настаўнікі Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, чый вопыт прадстаўлены ў рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, стараюцца пачуць кожнага навучэнца і абудзіць у ім прагу да ведаў, запаліць агеньчык імкнення да штодзённых адкрыццяў, творчых пошукаў і асабістых дасягненняў. У гэтым і заключаецца галоўны лейтматыў дзейнасці педагагічнага калектыву ўстановы, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды вучняў у прадметных алімпіядах, разнастайных конкурсах і навукова-даследчых вучнёўскіх канферэнцыях. Асаблівая ўвага ў школе ўдзяляецца музычна-эстэтычнаму развіццю дзяцей. З гэтай мэтай быў створаны ўзорны харавы калектыў “Натхненне”, вакальны і інструментальны ансамблі, якія добра вядомы па-за межамі раёна. У выхаваўчай дзейнасці акцэнт робіцца на фарміраванні ў навучэнцаў дакладных каштоўнасных арыенціраў, сапраўднага патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі. На старонках часопіса чытачы змогуць азнаёміцца з вопытам метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай работы педагагічнага калектыву гэтай установы адукацыі.
“Знешнасць падлетка як спосаб самавыяўлення” — тэма рубрыкі “Бацькоўскі сход”. Чаму прыгажуня дзяўчына з адзення прызнае толькі стыль “аверсайз” і джынсы? І ўсё выключна цёмнага колеру? Якая прычына прымусіла выдатніка, “першага хлопца ў школе” зрабіць пірсінг на брыве?… “Эксперыменты са знешнасцю — важны паказчык таго, што падлетак становіцца дарослым, аднак да сацыяльнай сталасці яму яшчэ далёка. Гарманальная перабудова, эмацыянальныя ўсплёскі, суб’ектыўнае перажыванне немагчымасці кантраляваць свой настрой робяць маладога чалавека неабароненым, прыводзяць да разузгодненасці ў жаданнях і дзеяннях”, — так тлумачыць сутнасць падлеткавых пошукаў свайго знешняга выгляду кандыдат псіхалагічных навук Н.К.Плаўнік. Выпрацоўка аптымальнай стратэгіі бацькоў і педагогаў у адносінах да падобных эксперыментаў іх дзяцей і вучняў — у артыкулах выпуску.
Апошнія старонкі “Народнай асветы” вяртаюць нас у педагагічнае асяроддзе 1930-40-х гадоў. Гэты перыяд “асветаўскага” жыцця праходзіў пад знакам станаўлення камуністычнай партыі ў Беларускай ССР, таму і часопіс у тыя гады меў назву “Комуністычнае выхаванне”, а пазней — “Совецкая школа”. Безумоўна, палітычныя падзеі аказвалі значны ўплыў на змест адукацыі, але ж нязменнымі заставаліся глыбокая педагагічная думка і пошук шляхоў павышэння якасці адукацыі праз якасць урока і якасць падрыхтоўкі настаўніка. Так, у артыкуле “Настаўнік павінен рыхтавацца да ўрока” аўтары зазначаюць, што “ўдумлівая і старанная падрыхтоўка настаўніка да кожнага ўрока з’яўляецца абавязковай умовай для дасягнення высокіх паказчыкаў паспяховасці”, і даюць метадычныя парады, з чаго павінна складацца штодзённая падрыхтоўка да ўрока. У артыкуле “Некаторыя заўвагі аб педалагічным абгрунтаванні ўрока” даюцца канкрэтныя “ўказанні, як арганізаваць урок так, каб вучэбная дзейнасць вучняў праходзіла найбольш эфектыўна ў напрамку засваення імі асноў навук”. І, што адметна, гэтае засваенне грунтуецца ў першую чаргу на цікавасці вучня, а ў другую — на “прывучэнні дзяцей да самастойнай работы, шырока практыкуючы розныя заданні ў меру аўладання вызначаным курсам ведаў (работа ў кабінеце, у лабараторыі, збіранне гербарыяў, выкарыстоўванне прышкольных участкаў у вучэбных мэтах і г.д.)”. Кампетэнтнасны і метапрадметны падыходы, як бачым, былі ў дзеянні амаль 100 гадоў назад. І завяршае нашу рэтраспектыву даволі актуальны, на мой погляд, артыкул пра “выхаванне дысцыплінаваных, ініцыятыўных грамадскіх дзеячоў”, галоўная думка якога — настаўнікам трэба заўсёды мець на ўвазе выхаванне мэтанакіраванасці, адданасці справе, патрыятызму, нацыянальнай гордасці.
Адзначу, што цяперашнія беларускія настаўнікі з годнасцю і пад тым жа дэвізам выхоўваюць сучасную моладзь. Жадаем вам прыемнага чытання!
Святлана Мазурына,
галоўны рэдактар