У аўры Скарыны

- 11:59Культура

Патрымаць у руках факсімільныя выданні Францыска Скарыны, учытваючыся ў старажытныя велягурыстыя літары і ўзіраючыся ў поўныя сімвалаў чорна-белыя гравюры… Мець магчымасць пагутарыць сам-насам з дырэктарам галоўнай кніжнай скарбніцы краіны — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — Раманам Матульскім, а з вуснаў яго намесніка апантанага скарыназнаўца Аляксандра Сушы пачуць займальную лекцыю пра беларускага першадрукара…

Атрымаць майстар-клас па кнігадрукаванні ад навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава і паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара, зрабіўшы адбітак скарынаўскай гравюры… Паглядзець вясёлыя і дасціпныя мультфільмы пра Яе Вялікасць Кнігу і пра карысць чытання… Убачыць каліграфічныя творы вядомага сучаснага мастака Усевалада Свентахоўскага і ўвачавідкі пераканацца ў тым, што такія з’явы, як каліграфія, стварэнне новых і нават узнаўленне раней ужо вынайдзеных шрыфтоў, не страчваюць сваёй актуальнасці і ў наш час пры ўсёй неверагоднай атацы на вочы сённяшняга чалавека з боку штучнай лічбавай графікі… І ўсё гэта — у адной адносна невялікай прасторы і фактычна ў рэжыме нон-стоп на працягу двух дзён! Дзе і калі яшчэ магла б прадставіцца такая цудоўная магчымасць для нашых дзяцей і падлеткаў, якія сёння толькі і чуюць вакол сябе пафасныя воклічы дарослых а-ля “Наш Скарына — геній!” або “Беларусы падаравалі ўсім усходнеславянскім народам друкаванае слова!”, але да канца так і не ўяўляюць усёй велічы Скарынавай постаці і яго высакароднай справы, не пагрузіўшыся непасрэдна ў саму скарынаўскую аўру, не дакрануўшыся ўласнаручна да яго спадчыны? Дзе? У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Калі? 5 і 6 верасня “в лето-2017”.

Менавіта ў гэтыя вераснёўскія дні НББ зладзіла ў сваіх сценах вялікую інтэрактыўную акцыю “Чытаем Скарыну разам”, каб маленькія і юныя беларусы маглі даведацца ва ўсіх падрабязнасцях, хто такі быў і ёсць Францыск Скарына і чым ён займаўся. Вітаючы ўдзельнікаў свята, а на яго адкрыццё 5 верасня былі запрошаны навучэнцы і выкладчыкі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі знайшоў цёплыя словы: “Вы, нашы юныя сябры, мабыць, добра ведаеце дзіцячую гульню ў сапсаваны тэлефон. Калі ад зін кажа адно на вуха другому, другі трэцяму — другое, трэці чацвёртаму — трэцяе, і так яны пераказваюць адно і тое ж, а ў выніку атрымліваецца зусім іншы сэнс. Дык вось у гісторыі кнігі таксама ёсць падобная рэч — калі чалавек нешта калісьці напісаў, потым яго працытавалі адзін, другі, трэці, хтосьці скараціў, хтосьці коску паставіў, хтосьці ў перакладзе нешта па-свойму перайначыў… І ў выніку першапачатковы сэнс напісанага першааўтарам мяняецца і ўсе цытуюць тое, што зараз найбольш вядома, што зараз на слыху, а насамрэч у свае словы першааўтар укладваў крыху іншы, а можа быць, зусім іншы сэнс. Калі мы падыходзілі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, да мяне часта звярталіся самыя розныя людзі: “А ці можна ў вашай бібліятэцы патрымаць у руках кнігу, выдадзеную Скарынам? Ці можна яго пачытаць самому, без падказак іншых?” Што і казаць, арыгіналы скарынаўскіх выданняў — гэта найвялікшы скарб. Іх у Беларусі вельмі мала. І калі кожны, хто захоча, іх патрымае ў руках, то праз нейкі час ад іх нічога наогул не застанецца. Таму мы і выдалі факсіміле Скарыны, сабраўшы ў 20 тамах усе яго творы з усяго свету, паралельна пераклаўшы іх і на сучасную беларускую мову. Для таго каб кожны з вас мог пачытаць Скарыну сам, знайшоў для сябе тое, што бліжэй. Можа быць, тое, што будзе весці па жыцці. У вас будзе сёння такая магчымасць. А напрыканцы дазвольце вам прачытаць адну цытату Скарыны, з якой я жыву даўно: “Рабіце іншым тое, чаго самі ад іх хочаце. І не рабіце іншым таго, чаго самі ад іх мець не хочаце”. Вось так усё проста. Мы ж жывём сёння ў няпросты час. А вы яшчэ зусім юныя людзі. І многія з вас, упэўнены, часам адчайна ўсклікваюць, маўляў, людзі вакол не тыя, сябар вакол не той, наогул штосьці не так і ўсё павінна быць па-іншаму… У такія моманты ўспомніце, калі ласка, працытаванага мной Скарыну. Хочаце, каб да вас ішло дабро, рабіце і іншым дабро. Чалавек робіцца багатым, калі ён робіць дабро. А калі чалавек робіць нешта злое, зло множыцца. Таму што гэтае зло будзе перадавацца ад аднаго чалавека да другога… Жадаю вам, каб побач з вамі былі добрыя людзі, якія вас лю-бяць, паважаюць і шануюць. І каб вы цанілі такіх людзей. І калі гэта будзе так, то вы будзеце жыць у шчаслівай краіне. Шчаслівай нашу краіну можам зрабіць толькі мы самі і ніхто акрамя нас”.

Да прысутных таксама звярнулася дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Пятруцкая, якая падкрэсліла, што такая непасрэдная сустрэча са Скарынам вельмі важная для навучэнцаў установы, будучых настаўнікаў, што ўвогуле кніга для іх і найвялікшая каштоўнасць, і натхняльнік па жыцці, і матыватар у добрых справах, і лепшы памочнік у прафесійным сэнсе. (Дарэчы, МГПК сябруе з НББ не першы год. Напрыклад, навучэнцы каледжа ў “дыяменце” адкрывалі Год навукі.) Дзеці таксама падыходзілі да мікрафона і цытавалі Францыска Скарыну, па-свойму інтэрпрэтавалі скарынаўскія запаветы.

Прастора для правядзення акцыі “Чытаем Скарыну разам” была арганізавана вельмі зручным чынам. Усё кампактна размясцілася на другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: “Дзіцячы куток”, “Маладзёжны куток”, пляцоўка “Скарынаўскія скарбы “дыямента” знаходзіліся ў дзясятку метраў адно ад аднаго, крыху далей трэба было адысці толькі ў галерэю “Ракурс”, каб трапіць на выставу шрыфтоў і каліграфіі Усевалада Свентахоўскага.

Аўра Скарыны не адпускала. Выхоўвала і вучыла…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.