У авангардзе дадатковай адукацыі дарослых Брэстчыны

- 16:32Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды яго 70-годдзя. Да юбілейнай даты былі прымеркаваны адкрыццё абноўленай музейнай экспазіцыі “Адукацыя Брэстчыны. Вытокі” і галерэі лепшага педагагічнага вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”, а таксама правядзенне рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасная дадатковая адукацыя дарослых: вопыт, праблемы, перспектывы”. Завяршылася святкаванне сходам, на які былі запрошаны былыя кіраўнікі і супрацоўнікі інстытута, начальнікі раённых (гарадскіх) аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, калегі з іншых ІРА краіны.

— Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе ў Брэсце пры абласным аддзеле народнай адукацыі адкрыўся педагагічны кабінет, які ў студзені 1941 года быў ператвораны ў абласны інстытут удасканалення настаўнікаў. Яго работа спынілася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і аднавілася ў 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказаў рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў.
Сямідзесяцігадовая гісторыя інстытута неаддзельная ад пасляваенных пераўтварэнняў і здзяйсненняў у сістэме адукацыі Брэстчыны і ўсёй краіны. Пасля вайны ў школы вярнуліся тысячы настаўнікаў. Супрацоўнікам інстытута неабходна было аказаць ім метадычную дапамогу для паспяховага аднаўлення ў прафесіі.
У 60—70-я гады мінулага стагоддзя пачалося істотнае пашырэнне сеткі школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У адным страі з прадстаўнікамі мясцовых органаў кіравання адукацыяй на гэтай “перадавой” зноў былі кіраўнікі і супрацоўнікі інстытута, якія дапамагалі педагогам удасканальваць прафесійныя веды.
У апошнія дзесяцігоддзі, адзначаныя ў масавай і прафесійнай школе ўкараненнем сучасных адукацыйных тэхналогій, інфарматызацыяй вучэбнага працэсу і шырокай трансляцыяй вопыту эфектыўнай педагагічнай практыкі, інстытут забяспечвае гэтыя важныя працэсы ведамі, без якіх настаўніку і выхавальніку складана было б адказваць на запыты часу і грамадства.
Сёння інстытут з’яўляецца ўстановай дадатковай адукацыі дарослых, у якой штогод павышаюць кваліфікацыю больш за 5 тысяч педагогаў па 33 катэгорыях і такіх актуальных напрамках, як, напрыклад, “Педагагічная дзейнасць у сацыяльна-педагагічных установах”, “Выхаванне прыёмных сем’яў”, “Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, “Рэзерв кіраўніцкіх работнікаў”, “Атэстацыя педагагічных работнікаў”, “Падрыхтоўка ІТ-цьютараў”, “Кіраўніцтва школьнымі метадычнымі аб’яднаннямі” і інш.
Інстытут штогод праводзіць звыш 60 навукова-метадычных мерапрыемстваў (з удзелам больш як чатырох тысяч работнікаў сістэмы адукацыі вобласці). Сярод іх — рэгіянальны конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны”, абласныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і “Энергамарафон”, абласны фестываль педагагічнага майстэрства, панарамы вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інавацыйна-эксперыментальнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, “Эстафета творчасці і майстэрства выхавання навучэнцаў”, абласны конкурс “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” і інш. Акрамя таго, інстытут каардынуе работу больш як 1,7 тысячы метадычных фарміраванняў педагогаў: творчых і праблемных груп, школ маладога настаўніка, школ перадавога педагагічнага вопыту і інш.
Па словах Ю.А.Іванова, у апошнія гады інстытут з’яўляецца адным з цэнтраў суправаджэння і развіцця дзіцячай і юнацкай творчасці ў вобласці. Тут праходзяць штогадовы фестываль школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове, абласны этап рэспубліканскага маладзёжнага эпісталярнага конкурсу, адборачны этап алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Метадысты інстытута займаюцца арганізацыяй штогадовай алімпіяды школьнікаў па вучэбных прадметах.
Акрамя навукова-метадычнай і арганізацыйна-метадычнай функцый, накіраваных на бесперапыннае развіццё сістэмы адукацыі Брэстчыны, інстытут выконвае і інфармацыйна-аналітычныя задачы. У ім вядуцца базы даных аб кадравым складзе сістэмы адукацыі вобласці, адораных дзецях, дзецях-сіротах і асобах, абавязаных вяртаць расходы на ўтрыманне дзяцей пры іх дзяржзабеспячэнні і інш. Інстытут паспяхова сертыфікаваў створаную сістэму менеджменту якасці адукацыі.
— Сустракаючы 70-годдзе, інстытут бачыць перспектывы далейшага развіцця як установы дадатковай адукацыі дарослых, якія тычацца бесперапыннага забеспячэння якасці адукацыйных паслуг шляхам выкарыстання механізма створанай сістэмы менеджменту якасці, бесперапыннага кансалтынгу кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі на бязвыплатнай аснове, актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі і ўдзелу інстытута ў міжнародных і рэспубліканскіх адукацыйных праектах, — адзначыў Ю.А.Іваноў. — Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сённяшнім днём. Калектыў інстытута імкнецца быць у авангардзе дадатковай адукацыі дарослых, трансліруе каштоўнасці сучаснай дашкольнай і школьнай адукацыі, развівае і стымулюе творчасць педагогаў і навучэнцаў ва ўзаемадзеянні з абласным упраўленнем адукацыі.
— За 70 гадоў у інстытуце назапашаны каштоўны вопыт выніковай работы па ўдасканаленні прафесійнага ўзроўню педагогаў. Новы час ставіць перад метадыстамі і новыя задачы. Упэўнены, што калектыў інстытута паспяхова справіцца з імі, бо заўсёды ідзе ў нагу з часам, — заўважыў у віншавальным звароце да супрацоўнікаў ІРА начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук.
Шмат цёплых слоў у адрас інстытута прагучала з боку яго партнёраў — прадстаўнікоў іншых ІРА, начальнікаў раённых (гарадскіх) аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікоў школ і старшыні Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Харытановіча. Многія супрацоўнікі інстытута атрымалі з рук начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука ганаровыя граматы за добрасумленную і выніковую работу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.