У БДУ з’явіўся цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый

- 10:11Навука і інавацыі

Першы цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый на базе ўстаноў адукацыі створаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Днямі паміж Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці і Беларускім дзяржаўным універсітэтам было падпісана пагадненне аб стварэнні на базе БДУ цэнтра падтрымкі тэхналогій і інавацый другога ўзроўню. Мерапрыемства прайшло ў будынку Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, менавіта тут і бу­дзе функцыянаваць новы цэнтр. Знакавы дакумент падпісалі прарэктар па навуковай рабоце БДУ Васіль Сафонаў і генеральны дырэктар Нацыя­нальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў.

Адметна, што БДУ стаў першай пляцоўкай у сістэме айчыннай вышэйшай адукацыі, дзе створаны падобны цэнтр. Як паведаміла прэс-служба ўніверсітэта, з’яўленне новай структуры абяцае зрабіць больш простым і зручным пошук інфармацыі пра навуковыя дасягненні. Таксама цэнтр прызваны актывізаваць навуковую работу маладых вучоных і выкладчыкаў. Паслугі цэнтра бу­дуць прадастаўляцца ўсім жадаючым студэнтам, супрацоўнікам і вучоным БДУ. Яны атрымаюць бясплатны доступ да патэнтных і непатэнтных баз даных Сусветнай арганізацыі інтэ­лектуальнай уласнасці, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і іншых тэматычных рэсурсаў. Гэтыя крыніцы ўтрымліваюць апісанне, графічныя выявы, формулы распрацовак, тэхналогій, метадаў і г.д. Пры неабходнасці карыстальнікам будзе аказана дапамога з пошукам патрэбных матэрыялаў.

У новага цэнтра некалькі кірункаў работы. Выкладчыкі ўніверсітэта пры падрыхтоўцы заняткаў па дысцыпліне “Асновы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю” змогуць выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы цэнтра і навучаць студэнтаў рабоце з базамі даных. На пляцоўках цэнтра плануецца правядзенне канферэнцый, семінараў, кансультатыўных і адукацыйных мерапрыемстваў, прысвечаных прававой ахове і выкарыстанню аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый у БДУ адкрыты ў рамках праекта Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці па стварэнні сеткі такіх цэнтраў па ўсім свеце. Гэты міжнародны праект быў ініцыіраваны яшчэ ў 2009 годзе, для таго каб спрыяць нарошчванню інавацыйнага патэнцыялу краін і рэгіёнаў праз забеспячэнне інфармацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі ў сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

У Беларусі такую ініцыятыву з 2016 года рэалізуе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Прадугледжана стварэнне рэгіянальнай трохузроўневай сеткі цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый. Цэнтры першага ўзроўню арганізоўваюцца на базе Нацыя­нальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці як каардынуючага органа, другога ўзроўню — на базе Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі і яе абласных філіялаў, а таксама ўстаноў адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, трэцяга — на базе арганізацый і прадпрыем­стваў. Чакаецца, што ў перспектыве развіццё сеткі такіх цэнтраў на базе ўстаноў адукацыі створыць дадатковыя стымулы для эфектыўнага выкарыстання навукова-тэхнічнай інфармацыі выкладчыкамі і маладымі вучонымі і больш шырокага ўцягнення іх у інавацыйнае развіццё краіны.

На дадзены момант у Беларусі створаны дзевяць цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый: у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, яе абласных філіялах, Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці і БДУ.

Падрыхтавала Таццяна ШЫМКО.
Фота прэс-службы БДУ.