У Беларусі павялічваецца колькасць каледжаў, якія вучаць маладых людзей з АПФР, і ствараюцца новыя спецыяльнасці

- 10:07Актуально, Образование

Рэспубліканскі семінар-­нарада па актуальных пытаннях прафесійнага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх далейшага працаўладкавання адбыўся на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій і прадпрыемстваў сталіцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У нашай краіне ў поўным аб’ёме рэалізуецца прынцып сацыяльнай дзяржавы па падтрымцы і стварэнні неабходных умоў як для атрымання адукацыі, так і для наступнага прафесійнага станаўлення, працаўладкавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах. Менавіта таму мы запрасілі на нараду дастаткова шырокае кола ўдзельнікаў — не толькі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, але і спецыялістаў міністэрстваў аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, прадстаўнікоў заказчыкаў кадраў, грамадскіх аб’яднанняў, — расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Міністр падкрэсліў, што прынцып інклюзіўнай адукацыі, які закладзены ў кодэксе, з’яўляецца не выключэннем, а штодзённай работай ва ўстановах адукацыі.

— Сёння амаль кожнае дзясятае дзіця мае асаблівыя адукацыйныя патрэбы. У Беларусі гэтай тэме ўдзяляецца вялікая ўвага, удасканальваецца заканадаўства. Пры Савеце Рэспублікі створаны каардынацыйны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які ўзначальвае Наталля Качанава, — адзначыў Андрэй Іванец. — Мы павінны бачыць, якую пуцёўку ў жыццё даём маладым людзям, што маюць асаблівыя патрэбы з пункту гледжання стварэння адукацыйнага асяроддзя і наступнага прафесійнага станаўлення і сацыялізацыі.

Сярод ключавых задач у гэтай сферы — ранняе выяўленне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, што дасць ім больш шансаў стаць норматыповымі, звычайнымі дзецьмі.

Важна выбудаваць індывідуальны адукацыйны маршрут для кожнага дзіцяці пачынаючы з дзіцячага сада, а таксама выпрацаваць адзі­ныя падыходы да ўмоў працы, якія павінны ствараць наймальнікі для работнікаў з АПФР.

* * *

— З людзьмі з інваліднасцю актыўна працуюць службы занятасці. За мінулы год працаўладкавана больш за 1,8 тысячы інвалідаў. Тут эфектыўна працуе механізм суправаджальнага працаўладкавання, — расказала першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка. — У канцы 2022 года ўнесены змяненні ў Кодэкс аб адукацыі, прадугледжана яшчэ адна форма працаўладкавання асоб з АПФР — у кошт броні. Рабочыя месцы па заяўцы ўстановы адукацыі браніруюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі яшчэ да заканчэння навучання. Гэта дае магчымасць працаўладкаваць чалавека з захаваннем статусу маладога спецыяліста. Механізм браніравання працоўных месцаў не новы, па падобнай схеме ў нас працаўладкоўваюцца, напрыклад, дзеці-сіроты, інваліды, моладзь, якая ўпершыню шукае работу да 21 года, асобы перадпенсіённага ўзросту. У краіне на сёння існуе больш за 22 тысячы забраніраваных рабочых месцаў, з іх амаль 3,5 тысячы — для інвалідаў.

* * *

У бягучым навучальным годзе больш за 2,6 тысячы навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю займаецца ў 150 каледжах (што складае 4,1% ад агульнай колькасці навучэнцаў).

— У апошнія тры гады павялічваецца колькасць каледжаў, якія вучаць гэтую катэгорыю маладых людзей як у асобных групах, так і ў інклюзіўных, — расказаў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі. — Сумесна з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў вядзецца работа па адкрыцці новых спецыяльнасцей і кваліфікацый. У кале­джах функцыянуюць цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У рэгіёнах дзейнічае 8 такіх цэнтраў і адно аддзяленне. На іх базе арганізуюцца кансультаванне і стажыроўка педкадраў каледжаў, рэспубліканскія семінары, круглыя сталы, аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога і ствараюцца спецыяльныя ўмовы для навучання вучняў з улікам асаблівасцей іх псіхафізічнага развіцця.

У 2024 годзе плануецца ўвядзенне новай спецыяльнасці “Фларыстычны дызайн”, кваліфікацыі “фларыст” 3-га разраду для навучання асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Акрамя таго, увядзенне ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі дыстанцыйнага навучання пашырае магчымасці асоб з АПФР і інваліднасцю на атрыманне адукацыі.

* * *

У каледжах пры каардынацыі РІПА рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. Адзін з іх па стварэнні цэнтра кампетэнцый для асоб з АПФР у Мінску ўжо завяршыўся. Пляцоўкай для яго стаў Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій. У рамках праекта РІПА “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне” для лабараторый каледжа закуплена і перададзена абсталяванне на суму каля 3 млн рублёў у мэтах арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння пры навучанні моладзі з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату, а таксама дарослага насельніцтва. Паказальны прыклад — з’яўленне ўнікальнай лабараторыі для навучання невідушчых і тых, у каго слабы зрок, рабоце з інфармацыйнымі рэсурсамі з выкарыстаннем спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і вучэбнага абсталявання. Дзеці з АПФР іншых устаноў таксама атрымалі доступ да навучання ў гэтых лабараторыях.

У каледжы лічбавых тэхналогій маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі вучацца па спецыяльнасцях “Мікраэлектроніка”, “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Фатаграфія”. Выпускнікі часта ўладкоўваюцца ў ААТ “Інтэграл”.

У Мінскім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі навучэнцы з парушэннем слыху атрымліваюць спецыяльнасці “Швачка” і “Кравец” і ў далейшым працуюць на СП ЗАТ “Мілавіца”.

Мінскі дзяржаўны каледж сэрвісу і тэхналогій прапануе навучэнцам з АПФР асвоіць спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва” і “Дэкаратыўная касметыка (мастак-ма­дэльер)”.

У Мінскім дзяржаўным каледжы рамеснікаў і дызайну імя М.А.Кедышкі на аснове спецыяльнай адукацыі маладыя людзі з інтэлектуальнай недастатковасцю вучацца па спецыяльнасцях “Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ” 2-га разраду, “Тынкоўшчык” 3-га разраду, “Маляр” 2-га разраду, а з наступнага навучальнага года тут плануецца ўвесці спецыяльнасць “Фларыст” 3-га разраду.

У Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы асвойваюць спецыяльнасць “Медыка-дыягнастычная справа” маладыя людзі з парушэннем слыху (з прысваеннем кваліфікацыі “фельчар-лабарант”), а “Лячэбны масаж” — навучэнцы з парушэннямі зроку (з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-масажыст”) з далейшым працаўладкаваннем ва ўстановы аховы здароўя.

У Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогіі будаўніцтва дзеці з інтэ­лектуальнай недастатковасцю вучацца на кветкаводаў, агароднікаў і работнікаў зялёнага будаўніцтва, а ў далейшым працаўладкоўваюцца ў батанічны сад, на прадпрыемствы “Зелянбуда”, сталічныя агароднінную фабрыку і парнікова-цяплічны камбінат.

Удзельнікі семінара не толькі азнаёміліся з умовамі навучання асоб з АПФР ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы, але і наведалі прадпрыемствы “Інтэграл” і “Мілавіца”, на якіх працу­юць такія выпускнікі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара