Вучні брэсцкай гімназіі № 6 з гонарам нясуць імя жукаўцаў

- 9:00Главная, Образование

У брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава назапашаны вялікі вопыт работы па грамадзянска-­патрыятычным выхаванні. А інакш і быць не можа: імя вялікага палкаводца абавязвае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пад кіраўніцтвам Кацярыны Калейчык, якая ўзначальвала ўстанову апошніх 15 гадоў, творчы калектыў педагогаў-прафесіяналаў паспяхова вырашаў розныя вучэбныя і выхаваўчыя задачы. Эфектыўная практыка работы настаўнікаў шырока прадстаўлена ў зборніках навукова-практычных канферэнцый і рэспубліканскіх метадычных выданнях, у тым ліку ў часопісе “Народная асвета”. Граматамі галіновага міністэрства адзначаны 30 педагогаў, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” — тры.

Гімназія актыўна супрацоўнічае з БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Гэтыя кантакты дапамагаюць у прафарыентацыі, алімпіядным руху і даследчай дзейнасці, а таксама ў абмене цікавым вопытам.

Асаблівая гордасць установы — вучні. Штогод больш за 95% выпускнікоў працягваюць адукацыю ва УВА. Па выніках мінулагодняга ЦЭ два гімназісты атрымалі 100 балаў па рускай мове, а сёлета два — па грамадазнаўстве і адзін — па рускай мове.

На рахунку вучняў больш за 150 дып­ломаў, заваяваных за апошнія 4 гады на раённым, 34 — на абласным і 3 — на заключным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Радуюць і вынікі ўдзелу гімназістаў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчых работ. У розны час 14 юнакоў і дзяўчат з’яўляліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Выхаваўчая работа ў гімназіі будуецца ў адпаведнасці з тэматычнымі перыядамі, на якія падзелены навучальны год: “Мы гэтым імем ганарымся, мы гэтым імем жывём”, “Лабараторыя творчасці”, “Нам не забыць пераможны май” і “Канікулы з карысцю: лета ў горадзе”. У кожным з іх прадугледжаны калектыўна-творчыя справы. Акрамя таго, ва ўстанове рэалізуюцца выхаваўчыя праекты “Я — грамадзянін Айчыны”, “Па­мяць”, “Сям’я”, а таксама выхаваўчая праграма “Я — брэстаўчанін”.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца мерапрыемствам, прымеркаваным да знакавых падзей у айчыннай гісторыі, якія выхоўва­юць любоў да Радзімы, цікавасць да яе мінулага і культурнай спадчыны, фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, — рас­казвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Харчанка. — Гімназія мае гімн, сцяг і лагатып. У сцягу, створаным старшакласнікамі, шэсць колераў, якія сімвалізу­юць дружбу, адданасць вучобе, працы, спорту і здароўю, вернасць Айчыне, роднаму краю і альма-матар. У цэнтры — бусел, які імкнецца ў палёце да высокай мэты. У гімне адлюс­траваны дзіцячыя мары, рэальныя справы, любоў да малой радзімы і гор­дасць за чалавека, чыё імя носіць установа. Усе ўрачыстыя агульнагімназічныя мерапрыем­ствы праходзяць з удзелам сцяганоснай групы з ліку юнармейцаў мемарыяльнага атрада.

Важную ролю ў выхаваўчай рабоце адыгрываюць урокі мужнасці, памяці і пат­рыятызму, дэкады патрыятызму, конкурс інсцэніраванай патрыятычнай песні, акцыі “Ведаем. Памятаем. Шануем”, “Выканаем гімн разам”, “Рабі дабро”, “Дабро каля нас”, “Ад душы”, “Мы — грамадзяне Беларусі!” і інш. У рамках шостага школьнага дня класныя кіраўнікі рэалізуюць праект “Кінаўрокі ў школах свету”, а ў рамках інавацыйнага праекта праводзяць заняткі сямейнай акадэміі “Школа актыўных бацькоў”.

Ва ўстанове з мінулага года ажыццяўляецца інавацыйны праект па ўкараненні ма­дэлі фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў і гатоўнасці да рэалізацыі грамадска значных ініцыятыў праз тэхналогію сацыяльнай творчасці і камандаўтварэння.

Гімназісты ганарацца, што ў складзе мемарыяльнага атрада нясуць Варту Памяці на Пасту № 1 ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці, займаюцца ў Маладзёжным патрыятычным цэнтры, на базе якога ствараецца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі, і з’яўляюцца членамі ваенна-патрыятычнага клуба “Зубр” пры 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

Не абыходзяць увагай педагогі і экскурсійную дзейнасць. З мінулага навучальнага года ў гімназіі ажыццяўляецца праект “Пазнаём гісторыю Брэста праз музеі горада”. Вучні не толькі актыўна наведваюць музеі, але і падарожнічаюць па родным краі.

Амаль за 80 гадоў існавання ўстановы склаліся цудоўныя традыцыі, на якіх выхавана не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат. Настаўнікі захавалі многія традыцыі сярэдняй школы № 11 эканамічнага профілю і заклалі новыя, што надаюць гімназіі непаўторны стыль і абагачаюць яе жыццё.

— Ужо не адно дзесяцігоддзе адным з галоўных упрыгажэнняў гімназічнага двара з’яўляецца яблыневы сад, закладзены выпускнікамі як сімвал дзяцінства, якое засталося ва ўстанове. Штогод у кастрычніку будучыя выпускнікі папаўняюць сад маладымі дрэўцамі. З 2021 года там растуць 435 туй і 20 елак. Радуе вока і міні-дэндрапарк, — заўважае Юлія Харчанка.

Ва ўстанове праводзіцца шмат мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці маршала Перамогі. Каб пашырыць веды вучняў пра Вялікую Айчынную вайну і ролю Г.К.Жукава ў ёй, штогод ладзіцца агульнагімназічная дэкада да дня яго нараджэння “Юныя жукаўцы”. Больш за 10 гадоў у рамках дэкады праходзяць Жукаўскія чытанні “Маршал Г.К.Жукаў: палкаводзец і чалавек”, куды запрашаюцца ветэраны вайны, прадстаўнікі абласнога аддзялення Міжнароднага фонду імя Г.К.Жукава і іншыя ганаровыя госці. Гімназісты расказваюць ім пра дзяцінства і станаўленне маршала, яго ўклад у Вялікую Перамогу, аналізуюць асноўныя ваенныя аперацыі, прэзентуюць творчыя работы, прысвечаныя жыццю палкаводца.

Даволі яркі і цікавы агляд-конкурс на лепшую насценгазету пра Г.К.Жукава. Педагогі арганізоўваюць класныя гадзіны па вывучэнні біяграфіі маршала і яго мемуараў. Акрамя таго, у рамках дэкады ў бібліятэцы ладзяцца выставы тэматычнай літаратуры і віктарыны. Савет дружыны “Добры след” пад кіраўніцтвам старшай піянерважатай праводзіць для пяцікласнікаў інтэрактыўную гульню “Зорны маршал”. На працягу навучальнага года гімназісты наведваюць экспазіцыю, прысвечаную Г.К.Жукаву, на першым паверсе ўстановы. Пачалася работа па стварэнні імяннога віртуальнага музея.

Вучні надзвычай беражліва адносяцца не толькі да гістарычнай памяці, але і да аб’ектаў, якія яе захоўваюць. Так, гімназісты ў рамках працоўных акцый добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ля брацкай магілы воінам-вызваліцелям у скверы мікрараёна Паўднёвы, дзе размешчана ўстанова, а падчас тыдняў памяці нясуць там варту. Мемарыяльная дошка Г.К.Жукаву на ўваходзе ў гімназію — адзін з аб’ектаў краязнаўчага маршруту “Ад абеліска да абеліска”.

На тэрыторыі ўстановы пануе асаблівая атмасфера, створаная руплівымі намаганнямі таленавітых педагогаў, якія добра ведаюць гісторыю, шануюць самаахвярныя подзвігі продкаў і выхоўваюць на іх прык­ладзе моладзь. У паважлівых адносінах да гераічнага мінулага гімназісты не адстаюць ад любімых настаўнікаў. Імя ўстановы аба­вязвае годна трымаць марку жукаўцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА