Тэатральная студыя “Лялечны вернісаж” дзейнічае ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава не так даўно, але яна ўжо зарэкамендавала сябе надзвычай дружным і творчым калектывам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Тэатр — гэта феерыя, песня, гульня, мастацтва, — гаворыць кіраўнік студыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Данілевіч.
Гэта пацвярджаюць выхаванцы аб’яднання па інтарэсах, дзе займаюцца 15 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. Пад кіраўніцтвам педагога яны праходзяць аматарскую акцёрскую школу: развіваюць творчыя здольнасці, пашыраюць кругагляд, даведваюцца шмат новага і цікавага пра тэатральнае мастацтва, вучацца мімічнай, жэставай, рухавай і інтанацыйнай імправізацыі.
Па словах педагога, лялечны тэатр прыцягвае дзяцей яркасцю і маляўнічасцю разнастайных пастановак. Асноўныя спадарожнікі ў рабоце — натхненне, пошук і творчасць. З дапамогай іх Лілія Данілевіч дапамагае юным акцёрам набыць псіхалагічную ўпэўненасць і свабоду сцэнічных дзеянняў, праявіць індывідуальнасць.
Настаўніца самастойна распрацоўвае сцэнарыі шматлікіх спектакляў, далучаючы тым самым выхаванцаў да стварэння рэквізітаў для тэатральных пастановак і падбору іх музычнага суправаджэння.
Вялікую ўвагу педагог удзяляе рабоце з тэкстам і развіццю маўлення. А праблемныя сітуацыі і пытанні на лагічнае мысленне і кемлівасць павышаюць пазнавальную і мысліцельную дзейнасць школьнікаў.
— У тэатры мы карыстаемся пальчаткавымі лялькамі бібабо, дзе адзін палец устаўляецца ў галаву лялькі, а яшчэ два — у рукавы яе касцюма, — расказвае Лілія Данілевіч. — Нашы лялькі-пальчаткі, многія з якіх зроблены сваімі рукамі, вельмі прыгожыя і выразныя. Яны і веселяць, і вучаць, і развіваюць.
У рэпертуары студыі — рускамоўныя і беларускамоўныя пастаноўкі: “Церамок на новы лад”, “Рэпка”, “Калабок”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Бык і яго сябры” і інш. Кожная з іх прыносіць радасць і добры настрой як акцёрам, так і гледачам, адчыняючы дзверы ў чароўны і таямнічы свет тэатра.
— Заняткі дапамагаюць паспяхова вырашаць розныя псіхолага-педагагічныя задачы і выхоўваць эстэтычны густ, — заўважае педагог. — Заахвочванне стымулюе творчую актыўнасць дзяцей і дазваляе ім разняволіцца, а сумесная работа вучыць добрым зносінам адно з адным. Гуляючы, вучні на практыцы прымяняюць наяўныя веды і імкнуцца паўтарыць убачанае ў дарослым свеце.
Дзеці вельмі любяць лялечны тэатр, бо ён аб’ядноўвае гульню і казку. У пастаноўках школьнікі сустракаюцца са знаёмымі персанажамі (Зайцам, Лісой, Ваўком, Мядзведзем, Калабком, Бабкай, Унучкай і г.д.), добра ведаючы, якія якасці ўвасабляе кожны з іх.
— Праз гэтых персанажаў вучні засвойваюць прыклады дружбы, справядлівасці, чуласці, знаходлівасці і мужнасці, — тлумачыць Лілія Данілевіч. — Калі дзеці іграюць пэўную ролю, то ўяўляюць і перажываюць учынкі сваіх герояў праз эмоцыі. Яркія вобразы, фарбы і гукі дазваляюць убачыць навакольны свет ва ўсёй яго разнастайнасці. Падчас спектакляў юныя гледачы смяюцца і сумуюць разам з персанажамі і нават плачуць, калі штосьці не атрымліваецца ў любімых герояў.
Па словах педагога, перавага школьнага тэатра — у яго мабільнасці. Ён можа выступаць амаль на любой пляцоўцы: у зале і класе, на сцэне. Пастаноўкі праходзяць у гульнявой форме ў цесным тандэме “акцёр — глядач”. Даволі часта юныя гледачы затым выказваюць жаданне паўтарыць убачанае разам з сябрамі ці бацькамі, з задавальненнем пераўвасабляючыся ў любімых казачных персанажаў.
— Самастойнае разыгрыванне роляў дазваляе дзецям убачыць незвычайнае ў звычайным, — адзначае педагог. — Паколькі станоўчыя якасці заахвочваюцца, а адмоўныя асуджаюцца, то вучні бяруць прыклад з добрых і сумленных персанажаў. У выніку любімыя героі становяцца маральнымі ўзорамі. Дзеці ахвотна дзеляцца ўражаннямі з таварышамі і бацькамі. Гэта лепшая пахвала за работу. Пачуцці і эмоцыі надоўга застаюцца ў памяці і праз гады нагадваюць пра шчаслівае дзяцінства.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ