У бясконцым пошуку невядомага

У 25 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 35 — доктарскую, а ў 44 стаў членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Максім Альбертавіч Багдасараў гаворыць, што гэта вынік мэтанакіраванай, напружанай і карпатлівай працы, падмацаванай унутранай патрэбай у атрыманні новых ведаў і пастаянным самаразвіцці.

— Навучыўся чытаць у тры гады, — прызнаецца Максім Альбертавіч. — Дамашняя бібліятэка была вялікая, таму чытаў вельмі шмат. Вялікі ўплыў на мяне аказваў бацька — кандыдат геолага-мінералагічных навук, прафесар тады яшчэ Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Ужо з трохгадовага ўзросту ён браў мяне ў экспедыцыі і на летнюю практыку са студэнтамі. З бацькам я ўпершыню пабываў у Карпатах, а з дзесяцігадовага ўзросту штогод ездзіў з ім па ўсім СССР. Гэтыя паездкі пакінулі шмат незабыўных уражанняў. У старшых класах я ўжо дакладна вырашыў звязаць далейшае жыццё з прыродазнаўчымі навукамі.

Бацькаў прыклад сфарміраваў выразнае жаданне стаць навукоўцам. Ужо з 2 курса ўніверсітэта Максім Багдасараў пачаў працаваць на будучую кандыдацкую дысертацыю, якую затым паспяхова абараніў у Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі па тэме “Бурштын з антрапагенавых адкладаў Беларусі”. Доктарская дысертацыя, абароненая ў Беларускім навукова-даследчым геолагаразведвальным інстытуце, была прысвечана выкапнёвым смолам Паўночнай Еўразіі. Сёння Максім Альбертавіч узна-чальвае кафедру геаграфіі і прыродакарыстання геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна і з’яўляецца адзіным доктарам геолага-мінералагічных навук і членам-карэспандэнтам НАН Беларусі на Брэстчыне.

Максім Багдасараў працуе над вырашэннем дзвюх асноўных навуковых праблем. Першая звязана з вызначэннем асаблівасцей фарміравання, распаўсюджвання, уласцівасцей і складу розных відаў выкапнёвых смол, абгрунтаваннем перспектыў па выяўленні іх новых залежаў у мезазойскіх і кайназойскіх адкладах Паўночнай Еўразіі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Атрыманыя вынікі адыгрываюць важную ролю ў стварэнні новай геолага-эвалюцыйнай канцэпцыі смолагенезу і ўкаранёны ва Усерасійскім НДІ мінеральнай сыравіны (Масква), Інстытуце геалогіі Комі навуковага цэнтра Уральскага аддзялення Расійскай акадэміі навук (Сыктыўкар) і НВЦ па геалогіі (Мінск).

Другая праблема тычыцца стварэння комплекснай карціны будовы і асаблівасцей фарміравання чацвярцічных адкладаў Брэстчыны як асновы для прагнозу карысных выкапняў і рацыянальнага выкарыстання геалагічнага асяроддзя, а таксама вылучэння перспектыўных плошчаў па здабычы пяскоў, пясчана-гравійных сумесей і гліны з улікам аб’ёмаў запасаў карысных выкапняў, даступнасці іх распрацоўкі і экалагічнай сітуацыі. Атрыманыя вынікі ўкаранёны камітэтам эканомікі Брэсцкага аблвыканкама і абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Максім Альбертавіч з’яўляўся кіраўніком шэрага заданняў, якія выконваліся ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, кіраўніком і ўдзельнікам некалькіх міжнародных навуковых праектаў з установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі арганізацыямі Расіі, Украіны і Польшчы. Ён аўтар ці суаўтар звыш 300 навуковых і вучэбна-метадычных работ, сярод якіх 8 манаграфій, 4 вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (“Геафізіка”, “Метады дыстанцыйных даследаванняў у геалогіі і геаграфіі”, “Геалогія” і “Агульная геалогія. Лабараторны практыкум”), а таксама звыш 100 артыкулаў у часопісах і зборніках.

Навуковая дзейнасць Максіма Багдасарава адзначана на самым высокім узроўні. Ён двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, лаўрэат прэміі НАН Беларусі для маладых навукоўцаў, уладальнік персанальнай надбаўкі Прэзідэнта Беларусі за вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і НАН Беларусі.

— Мне пашанцавала ў жыцці, бо я займаюся тым, што вельмі падабаецца, — прызнаецца Максім Альбертавіч. — У навуцы прыцягвае і вынік, і бясконцы пошук невядомага. У выкладчыцкай рабоце адчуваю вялікую радасць, калі бачу цікаўныя вочы студэнтаў, якія дасягаюць поспехаў у вучэбнай, навукова-даследчай, а затым і ў прафесійнай дзейнасці.

На ІІ з’ездзе вучоных Беларусі Максім Багдасараў хацеў бы пачуць меркаванні наконт перспектыў развіцця айчыннай навукі. Ён уважліва азнаёміўся са стратэгіяй “Навука і тэхналогіі на 2018—2040 гады” і лічыць яе дарожнай картай. Сярод прапаноў — пачаць падрыхтоўку да правядзення дзяржаўнай геалагічнай здымкі тэрыторыі Беларусі ў маштабе 1:50000.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *