У чым плюсы мэтавага накіравання, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала малады спецыяліст настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п.Івянца Валожынскага раёна Алена Сярэбраннікава.
— Толькі ў педагогіку і нікуды больш — такі вердыкт вынесла мая бабуля, — успамінае дзяўчына. — Я заўсёды цягнулася да малышоў, лёгка знаходзіла кантакт з любым дзіцем. Родных братоў і сясцёр у мяне няма, але хапае стрыечных. Я сярод іх самая старэйшая, таму часта даводзілася заставацца з імі за дарослага.
Дакладных намераў працаваць з асаблівымі дзеткамі ў Алены не было, але, калі яна адкрыла сайт педагагічнага ўніверсітэта, яе зацікавіла спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага. Чаму б і не паспрабаваць атрымаць яе? Па парадзе класнага кіраўніка дзяўчына прыняла рашэнне ўзяць мэтавае накіраванне. Так, у 2016 годзе яна стала студэнткай БДПУ.
— У грамадстве існуе стэрэатып, маўляў, калі ты мэтавік, то табе можна расслабіцца, дыплом дакладна атрымаеш і на работу ўладкуешся, — адзначае Алена. — Але гэта далёка не так. Асноўны бонус — паступленне па асобным конкурсе. А ў астатнім ты такі ж студэнт, як і ўсе. Гэтак жа ходзіш на заняткі, здаеш залікі і экзамены, пішаш курсавыя работы, праходзіш педагагічную практыку.
БДПУ Алена Сярэбраннікава скончыла ў 2020 годзе па спецыяльнасці “Алігафрэнапедагогіка”. Пяць гадоў адпрацоўкі пасля ўніверсітэта па мэтавым накіраванні — гэта нямала. Дзяўчына была ўпэўнена, што ў яе дакладна будзе месца працы. Валожынскі раён невялікі, але дашкольных устаноў і школ дастаткова, і куды менавіта адправяць па размеркаванні — было невядома. Алене пашанцавала. Па размеркаванні яна вярнулася ў свой родны гарадскі пасёлак Івянец, дзе вырасла, дзе ўсё было ёй знаёма. З верасня 2020 года яна працуе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Івянца.
— Мой рабочы кабінет абсталяваны ўсім неабходным для плённай дзейнасці. Папрацаваць мне ўдалося з рознымі дзецьмі, і ў тым ліку з тымі, у каго ёсць парушэнне слыху (кахлеарны імплант), лёгкая інтэлектуальная недастатковасць, затрымка псіхічнага развіцця і цяжкія парушэнні маўлення, — адзначае Алена. — Кожны чалавек, які робіць першыя крокі ў прафесіі, адчувае пэўныя цяжкасці, і я не выключэнне. Узніклі праблемы з падрыхтоўкай і правядзеннем заняткаў. Ва ўніверсітэце было шмат тэорыі, але недастаткова практыкі. Першыя два гады работы сталі для мяне самымі складанымі, бо трэба было напрацаваць матэрыял, зрабіць дыдактычныя дапаможнікі і г.д. Не хапала і жыццёвага вопыту. Але з кожным годам працуецца лягчэй, з’яўляецца пэўны вопыт.
Для сябе я зрабіла выснову, што настаўнік — гэта чалавек, якому неабходна пастаянна самаразвівацца і імкнуцца перадаць як мага больш ведаў сваім вучням. Прыемна ў канцы кожнага навучальнага года бачыць вынікі сваёй дзейнасці. І няхай у першы год у вас не будзе вялікіх поспехаў, але зробленыя вамі крокі навучаць ісці ўпэўнена па жыцці і не спыняцца на дасягнутым.
Надзея ЦЕРАХАВА