У чым сакрэт папулярнасці студэнцкага прафсаюза, расказвае Яніна Будзяну

- 14:03Профсоюзный лидер

Яніна Будзяну ўжо не першы год кіруе прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, якая складаецца амаль з адных хлопцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

—  У нашым прафсаюзе больш за 80% юнакоў, — адзначае Яніна. — Наогул, ва ўніверсітэце вучацца пераважна хлопцы. Як трапіла сюды? З дзяцінства цікавілася тэхнічнымі навукамі, добра разбіралася ў фізіцы, матэматыцы. Праўда, быў перыяд, калі марыла стаць урачом, аднак выбрала ўсё ж такі ГДТУ, атрымала спецыяльнасць горнага інжы­нера.

Дзяўчына прызнаецца, што па натуры яна лідар. У школе была заўсёды старастай класа. Ёй вельмі падабаецца яркае, насычанае мерапрыемствамі, цікавымі па­дзеямі жыццё:

— Зразумела, нідзе больш такога, як сярод студэнтаў, не знайду. Зараз кірую прафсаюзам — дарэчы, узначаліла пярвічку, калі была на 3 курсе. Задач у нас насамрэч безліч. Акрамя сур’ёзнай навуковай дзейнасці, студэнты актыўна займаюцца самадзейнасцю. Вось вам і тэхнічная УВА! Культурнае жыццё кіпіць, творчых кадраў хапае. Асабліва шмат крэатыўных асоб у студэнцкіх інтэрнатах.

— Якія мерапрыемствы найбольш знакавыя?

— Усе ведаюць нашу “Прынцэсу ГДТУ”. Гэты конкурс право­дзіцца ўжо 27 гадоў з вялікім размахам — наведваюць яго не толькі студэнты, але і госці з усяго горада. Ёсць і конкурсы “Містар інтэрнат”, “Міс Беларусачка”. Штогод праводзім святы, прымеркаваныя да Дня маці: па некалькі лепшых студэнтаў ад кожнага факультэта запрашаем разам з мамамі, віншуем, дзякуем жанчынам, што выхавалі дастойных маладых людзей. Асаблівая ўвага — традыцыйным беларускім святам, такім як Масленіца. Ды шмат чаго робім! Можна ска­заць, інтэрнат у нас своеасаблівы культурны цэнтр. А ў гэтым годзе, знакавым для нашай навучальнай установы (ГДТУ спаўняецца 55 гадоў!), мерапрыемстваў будзе яшчэ больш. Добра арганізаванае культурнае жыццё студэнтаў — гэта дзейсны спосаб наладжвання зносін паміж маладымі людзьмі, а яшчэ, што немалаважна, магчымасць накіраваць іх вольны час у правільнае рэчышча. Што асабліва актуальна зараз, калі моладзь намагаюцца ўцягнуць у розныя дэструктыўныя праекты, а часам і ў відавочна крымінальную дзейнасць.

У студэнцкім прафсаюзе 1919 чалавек. Гэта 98% ад усіх студэнтаў.

— Адна з галоўных задач прафсаюзнай арганізацыі — абарона правоў яе прадстаўнікоў. Якія пытанні з’яўляюцца актуальнымі для студэнтаў?

— Трэба падкрэсліць, што падтрымцы студэнцтва ўдзяляецца вялікая ўвага на ўзроўні дзяржавы. Але сітуацыі бываюць розныя, мы стараемся адстой­ваць іх інтарэсы па самых розных напрамках. Ажыццяўляем кантроль за харчаваннем, арганізуем аздараўленне і адпачынак. Прымаем удзел у засяленні студэнтаў у інтэрнаты (сёння 100% нашых студэнтаў забяспечаны месцамі). Дапамагаем сіротам і інвалідам, малазабяспечаным студэнтам і маладым сем’ям. Не трэба забывацца і пра даследчую дзейнасць. Пад асаблівай увагай — развіццё студэнцкай навуковай суполкі.

— У чым сакрэт такой папулярнасці студэнцкага прафсаюза?

— Студэнтаў заўсёды прыцягвае яркае, насычанае падзеямі жыццё. Але немалаважна і сацыяльная, матэрыяльная дапамога, якую яны ад прафсаюза атрымліваюць. Гэта ж моладзь — яе заўсёды патрэбна нечым заахвочваць. Лепшых мы прэміруем, устанаўліваем надбаўкі да стыпендыі за пэўныя поспехі. А поспехаў шмат: моладзь у нас актыўная.

— Нават выдаюць сваю газету.

— Наша “Сушка” — мясцовая легенда. Выдаецца яна штомесяц, хутка ўжо 30 гадоў. Газета расказвае аб усіх мерапрыемствах (іх так шмат, што не хапае і 16 старонак, каб пра ўсе напісаць), навінах універсітэта. Карэспандэнтамі з’яўляюцца як студэнты, так і выкладчыкі розных факультэтаў. “Сушка” супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты “Гомельскія ведамасці” і іншымі СМІ. Гэта медыяцэнтр нашага ўніверсітэта. Дарэчы, чатыры разы за сваё існаванне газета была прызнана лепшым выданнем УВА ў краіне.

— Як лічыце, жаночае кіраўніцтва нечым адрозніваецца ад мужчынскага?

— Напэўна, не. Калі ты лідар, гэта ў тваім характары, у натуры. Але скажу, што лідарскія якасці можна развіць. Нават самы нясмелы чалавек можа павесці за сабой іншых, галоўнае — вялікае жаданне і штодзённая праца над сабой.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Яніны БУДЗЯНУ