У дапамогу птушкам — “Крылаты дазор”

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Птушкі ў ваколіцах Александрыі Шклоўскага раёна знаходзяцца пад надзейнай аховай і наглядам. Пра іх тут клапоціцца “Крылаты дазор”.

Пад такой назвай у Александрыйскай сярэдняй школе ўжо больш як дзесяць гадоў дзейнічае аматарскі клуб па інтарэсах. Нязменным кіраўніком аб’яднання на працягу ўсяго гэтага часу з’яўляецца настаўніца біялогіі Любоў Рыбакова. Паводле яе слоў, зараз у ліку ўдзельнікаў клуба — звыш трыццаці вучняў.
— Гэта неабыякавыя дзеці, якіх хвалююць праблемы не толькі птушак, а ўсёй прыроды ў цэлым, — адзначыла Любоў Уладзіміраўна.Асноўную дапамогу птушкам навучэнцы аказваюць зімой. Сумесна з педагогам яны загадзя майструюць кармушкі, нарыхтоўваюць корм, каб потым марознымі днямі падкормліваць сваіх крылатых сяброў. Але і ў астатні час навучальнага года работа аб’яднання не спыняецца.
Усе ўдзельнікі клуба з’яўляюцца членамі ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яны вядуць назіранне за птушкамі, вывучаюць асаблівасці іх паводзін, удзельнічаюць у розных тэматычных конкурсах. На думку іх настаўніцы Любові Рыбаковай, падобная дзейнасць фарміруе ў дзяцей такія важныя якасці, як дабрыня, узаемадапамога.
— Я ўпэўнена, што з маіх выхаванцаў у будучыні вырастуць сапраўдныя грамадзяне, спагадлівыя да чужых нягод, — падкрэсліла Любоў Уладзіміраўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Александрыйскай сярэдняй школай.