У дашкалят і на кухні творца

- 13:22Навіны рэгіёнаў

Кухар у дашкольнай установе — гэта амаль чараўнік. У яго няпростая задача: прытрымліваючыся зацверджаных норм, неабходна згатаваць так, каб у дзіцяці заставалася пустая талерка, а звыклыя стравы падаць па-новаму.

Задача насамрэч вырашальная, калі па-сапраўднаму захапляцца справай і пастаянна павышаць сваё майстэрства. Каб заахвоціць кухараў, павысіць іх прафесійнае майстэрства, а таксама ў мэтах удасканальвання рацыянальнай тэхналогіі гатавання ежы, пашырэння асартыменту страў у дзіцячых садках, упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама быў арганізаваны абласны конкурс “Лепшы кухар установы дашкольнай адукацыі 2017 года”.

Спачатку свае таленты кухары дзіцячых садоў дэманстравалі на рэгіянальным узроўні, а лепшыя ўжо спаборнічалі за перамогу ў абласным этапе конкурсу. У фінал трапілі кухары ўстаноў дашкольнай адукацыі Калінкавіцкага, Жыткавіцкага, Светлагорскага, Ельскага, Хойніцкага, Гомельскага, Рэчыцкага, Жлобінскага, Рагачоўскага, Добрушскага раёнаў, а таксама Чыгуначнага раёна Гомеля.

У адзін з веснавых дзён фіналісты сабраліся ў Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе кухарам неабходна было прадэманстраваць свой талент. У кожнага канкурсанта была свая каманда падтрымкі, якая складалася з выхавальнікаў, музычных кіраўнікоў, педагогаў-псіхолагаў. Справа кухара — гатаваць ежу. Тут ён можа крэатывіць і здзіўляць. А педагогі-дашкольнікі — лепшыя крэатыўшчыкі ў вясёлых і яскравых прадстаўленнях.

Пачыналася кулінарнае спаборніцтва з самапрадстаўлення. Тут можна было назіраць работу каманды. Візітная картка кожнага ўдзельніка ператварылася ў цікавыя казачныя міні-спектаклі з капрызнай прынцэсай, баронам Мюнхгаўзенам і нават драконам.

Калі журы і гледачы пазнаёміліся з канкурсантамі, надышоў час паназіраць за іх прафесійным майстэрствам. Другое заданне на першы погляд вельмі простае: згатаваць бутэрброд. Аднак у спаборніцтвах не бывае лёгкіх рашэнняў. Арганізатары ўскладнілі задачу, абмежаваўшы яе выкананне дзвюма хвілінамі, а згатаваны прадукт павінен быў уключаць не больш і не менш за пяць інгрэдыентаў, якія канкурсанты выбіралі з вялікай колькасці прадуктаў. Зразумела, проста нарэзаць іх і пакласці на хлеб было недастаткова — неабходна было праявіць творчасць, тым больш што бутэрброд прызначаўся дашкалятам.

У наступным заданні кухары павінны былі знайсці парушэнні ў тэхналогіі гатавання страў, прадстаўленых на фотаздымках. Але задача зноў была ўскладнена. Фотаздымкі з назвамі страў з чатырох літар захоўваліся ў канвертах, а каб атрымаць свой канверт, неабходна было спачатку разгадаць ключавое слова, выкарыстоўваючы шыфр з верша.

Справіўшыся з рэбусамі і растлумачыўшы журы памылкі гатавання страў, якія былі на карцінках, канкурсанты атрымалі прыгожыя скруткі, перавязаныя стужкамі, дзе змяшчаліся пытанні накшталт “Колькі жаданняў выконвае залатая рыбка?”, “Колькі вушэй у каровы?” і гэтак далей. Адказаўшы на ўсе пытанні, удзельнікі конкурсу атрымлівалі нумар тэлефона, па якім трэба было пазваніць і даведацца, дзе схаваны кантэйнер з агароднінай. Прынесці яго ў залу і хуценька зрабіць прыгожую нарэзку — гэта і было чацвёртае заданне. Ускладнялася яно тым, што на ўсё — ад адказу на пытанні ў скрутках да гатавання нарэзкі — давалася толькі 5 хвілін.

Нехта сказаў, што сапраўдны кухар — гэта мастак, які малюе сваю карціну, гэта скульптар, які лепіць сваю скульптуру, гэта кампазітар, які стварае санату, і нарэшце, гэта творца, які радуецца сам і прыносіць радасць іншым. Сапраўды, цудоўнае параўнанне, пацвердзіць якое кухарам належала, выконваючы дамашняе заданне: з раней падрыхтаваных прадуктаў згатаваць салату пад назвай “Фруктовы сад”.

Спаборніцтва было няпростым, канкурсанты хваляваліся, недзе нават губляліся. І ўсё ж, калі ёсць майстэрства, талент, многае па сілах. Варта адзначыць, што журы, у складзе якога былі члены абласнога савета па харчаванні, пільна сачыла не толькі за выкананнем заданняў за адведзены на гэта час, але і за знешнім выглядам канкурсантаў, за адпаведнасцю санітарным нормам, афармленнем, прадстаўленнем, смакавымі якасцямі страў.

Пераможцай абласнога конкурсу стала кухар ясляў-сада № 2 Рэчыцы Таццяна Пладунова, якой кампетэнтнае журы аддало першае месца; на другім месцы апынулася Ніна Новікава, кухар Мільчанскага ясляў-сада Гомельскага раёна. Трэцяе месца падзялілі Таццяна Кур’яновіч з ясляў-сада № 4 Хойнікаў і Ірына Макарэвіч з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч. Канкурсанты, якія здзівілі журы сваімі стравамі, але крыху не дацягнулі да перамогі, атрымалі пахвальныя лісты ў розных намінацыях. Так, самая арыгінальная страва была ў Святланы Цепляковай з ельскага ясляў-сада № 2, а самая карысная — у Алесі Бяляўскай з добрушскага ясляў-сада № 3. Лепшым эстэтычным афармленнем парадавала кухар ясляў-сада № 7 Рагачова Алена Рагавец. Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і грашовымі прэміямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.