У 2012 годзе дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Мастоў стаў раённым рэсурсным цэнтрам па фарміраванні асноў экалагічнай культуры ў дашкольнікаў. Новы статус аказаў значны ўплыў на работу ўсяго калектыву цэнтра. Выхавальнікі пачалі актыўна далучаць дзяцей да практычнай дзейнасці на карысць прыроды, укараняць цікавыя формы работы. Для таго каб заняткі ў экалагічным кірунку былі эфектыўнымі, створаны экалагічны пакой, педагогі аснасцілі інфармацыйна-метадычны кабінет і групы літаратурай, наглядным матэрыялам і ўсім неабходным абсталяваннем.
Сталовыя для птушак
З 2006 па 2009 год цэнтр з’яўляўся рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі фарміравання асноў экалагічнай культуры ў працэсе фізкультурна-аздараўленчай работы. За гэты час у дзейнасць педагогаў установы ўвайшлі розныя цікавыя формы работы. У прыватнасці, быў распрацаваны цыкл заняткаў па фізічнай культуры з выкарыстаннем казак экалагічнай тэматыкі. Дашкольнікаў вельмі захапляюць гульнявыя казачныя вобразы, у якія ім падчас заняткаў фізічнай культурай даводзіцца пераўвасабляцца. Выконваючы розныя ролі, яны шмат рухаюцца і дэманструюць самыя разнастайныя з’явы прыроды, у тым ліку звычкі жывёл і птушак.
На прысадаўскім участку цэнтра пракладзена эколага-аздараўленчая сцяжынка, дзе педагогі праводзяць фізкультхвілінкі і рухавыя гульні з дзецьмі, дэманструюць экс-перыменты, разам з выхаванцамі назіраюць за ўсім, што адбываецца ў прыродзе ў розныя поры года. Непадалёк на ўчастку размясцілася зялёная аптэка, дзе прадстаўлены вядомыя многім лекавыя расліны. Педагогі расказваюць дзецям, як гэтыя расліны ўплываюць на арганізм чалавека. Ёсць на ўчастку і невялікі агародзік — сумесны клопат педагогаў і выхаванцаў. Растуць на тэрыторыі цэнтра пладова-ягадныя расліны: маліна, парэчкі, каліна.
— Наш дашкольны цэнтр наладзіў супрацоўніцтва з раённым эколага-біялагічным цэнтрам, з мясцовым музеем “Лес і чалавек” і Мастоўскім лясніцтвам, — адзначае намеснік загадчыка цэнтра Таццяна Яўгенаўна Фітлоўская. — Дзеці прыходзяць да ляснічага ў госці, з захапленнем слухаюць яго расказы аб таямніцах лесу. Выхаванцы ўдзельнічаюць у пасадцы дрэваў. Прыродаахоўныя акцыі ў дашкольным цэнтры даўно ўжо сталі традыцыйнымі. Адна з іх — “Дапамажы перажыць зіму” — мае на ўвазе выраб кармушак для птушак. Калі надыходзіць зіма, кожная садаўская група вывешвае кармушкі на сваім участку. Іх можна лёгка зняць, і выхаванцы самі насыпаюць для птушак зярняткі, кладуць хлебныя крошкі. Дзеці з радасцю сочаць за птушкамі, калі тыя прылятаюць. Выхавальнік пры гэтым падрабязна расказвае ім пра гасцей. У вырабе зімовых сталовых для птушак дапамагаюць бацькі.
Ажыццяўляецца ў цэнтры яшчэ адна пастаянная акцыя “Выратуем лес” па зборы макулатуры. Дзеці папярэджваюць бацькоў загадзя, што трэба збіраць макулатуру, што паперу нельга выкідаць у сметнік. Здаралася, што за адну такую акцыю бацькі нашых дзяцей прыносілі да 500 кілаграм макулатуры.
У нас праходзяць выставы дзіцячых малюнкаў на экалагічныя тэмы і выставы вырабаў з прыроднага матэрыялу. Кожны год для маленькіх выхаванак ладзіцца конкурс “Міс Дзюймовачка”. У адной з намінацый конкурсу дзяўчынкі дэманструюць касцюмы з другаснага матэрыялу. Свае работы яны прэзентуюць і на раённым узроўні.
У ДЦРД Мастоў наладжаны кантакт з мясцовай сярэдняй школай № 5, якая знаходзіцца побач і па шчаслівым супадзенні задзейнічана ў вядомым Міжнародным праекце “Зялёная школа”. Нашы выхаванцы ходзяць у гэтую школу на экскурсіі, удзельнічаюць у сумесных экалагічных акцыях.
“Малочнае чарадзейства”
— Дзеці з ранняга ўзросту павінны не проста назіраць за прыродай, але і заўважаць, якія змены адбываюцца ў ёй, цікавіцца і задаваць пытанні наконт убачанага, — адзначае Таццяна Яўгенаўна. — Але для таго, каб у малыша ўзнікла слушнае пытанне да дарослага, яму неабходна мець пэўныя веды і вопыт зносін з прыродай. І роля педагога пры гэтым неацэнная. Ён павінен дапамагаць дзецям спасцігаць усе таямніцы прыроды і шукаць разам з імі адказы на пастаўленыя пытанні. Лепш за ўсё рабіць гэта на асобных занятках у экалагічным пакоі нашага цэнтра. Тут размешчана бібліятэка, дзе сабраны кнігі і атласы, перыядычныя выданні, экалагічныя часопісы. Выдзелена зона для калекцыі, дзе сабраны матэрыял, з якім дзеці працуюць, праводзяць даследаванні. Тут і камяні, і насенне раслін, а таксама лісточкі, каштаны, гербарыі, кара дрэў, узоры з пяску і гліны, нават калекцыі матылькоў і жукоў. Усё гэта знаходзіцца ў асобных каробачках і скрыначках, якія падпісаны. Збіраць калекцыю дапамагаюць бацькі, некаторыя экспанаты яны прывозяць з-за мяжы. У лабараторнай зоне экапакоя знаходзяцца лупы, розныя ёмістасці, падносы, прабірачкі (пластмасавыя і шкляныя), мікраскопы. Ёсць нават сапраўдны тэлескоп. Дзеці прыходзяць у экапакой разам з выхавальнікам і свабодна карыстаюцца ўсім абсталяваннем падчас заняткаў, якія праводзяцца ў падгрупах, што дазваляе педагогу больш увагі ўдзяліць кожнаму дзіцяці.
Аснашчэнне памяшканняў цэнтра ажыццяўляецца за бюджэтныя сродкі дзякуючы Мастоўскаму райвыканкаму і аддзелу адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама,за пазабюджэтныя сродкі, а таксама дзякуючы дапамозе бацькоў.
У мінулым годзе ў раёне праводзіўся конкурс “Я — даследчык”, на якім дашкольнікі выступалі са сваімі творчымі праектамі. Дашкольны цэнтр прадстаўляў на ім тры эксперыментальна-даследчыя праекты, і ўсе яны былі адзначаны дыпломамі. Варта падкрэсліць, што прэзентацыі праектаў былі напісаны ў вершаванай форме нашай выхавальніцай Аленай Міхайлаўнай Буйвід.
Праект “Піце дзеці малако — будзеце здаровымі” атрымаў на конкурсе дыплом І ступені. Работу падрыхтавалі выхавальнік Т.У.Юшко і выхаванцы старшай групы Настасся Барук і Арыяна Аляхновіч. Дыплом ІІ ступені атрымаў праект “Карысць агародніны”, кіраўніком якога была выхавальнік В.А.Юрчук і выхаванцы сярэдняй групы Дар’я Карлагіна, Вікторыя Чарток і Мікіта Шоцкі. Дыпломам ІІІ ступені быў узнагароджаны праект “Марская свінка”. Яго падрыхтавалі кіраўнік Л.І. Кучун і выхаванцы старшай групы Арцём Карнейчык і Глеб Сяліцкі.
— Сапраўднае педагагічнае мастацтва — зматываваць дзіця на цікавае пытанне, якое можа стаць у будучыні пунктам адліку для сур’ёзнага даследавання, — адзначае Таццяна Яўгенаўна. — Усе работы-пераможцы цэнтра былі ўзяты з жыцця. У групе, дзе рыхтаваўся праект пра малако, дзеці не вельмі любілі малако і малочныя прадукты ўвогуле. І выхавальнік вырашыла ўзбагаціць веды дзяцей аб карысці малака для дзіцячага арганізма. Выхаванцы разглядалі карцінкі па гэтай тэме, выконвалі малюнкі, хадзілі на экскурсіі ў малочны магазін, дзе прадаўцы расказвалі ім пра малочныя прадукты. Дзеці наведвалі харчаблок дашкольнага цэнтра, дзе кухары таксама расказвалі ім пра малако і стравы з яго, хадзілі на экскурсію ў медыцынскі блок, дзе медсястра інфармавала выхаванцаў па гэтай тэме. Былі экскурсіі і ў прыватны сектар, дзе дзеці ўбачылі, як пасвіцца карова, як яе дояць. Дома з бацькамі малышы спрабавалі рабіць з малака тварог, ёгурты. Яны назіралі, як рэагуе малако на холад і цяпло, дэгуставалі малочныя прадукты падчас эксперыментаў. А свае назіранні фіксавалі. Дзеці параўноўвалі малако і малочныя прадукты па смаку, колеры, паху. Рабілі і сапраўднае малочнае чарадзейства — фарбавалі малако гуашшу, рознакаляровымі чарніламі, мыйнымі сродкамі і назіралі за змяненнямі. Напрыклад, вадкасць для мыцця посуду садзейнічае больш хуткай афарбоўцы малака. Усе гэтыя сумесныя назіранні бацькі фіксавалі і прыносілі ў дзіцячы цэнтр, а выхавальнік апрацоўваў атрыманыя даныя. Вынік рэалізацыі такога праекта самы станоўчы: дзеці сталі піць малако і есці малочныя прадукты з вялікім задавальненнем.
Праект аб карысці агародніны таксама ўзнік з надзённай праблемы: дзеці не вельмі любілі агародніну і часта пыталіся ў выхавальніка, навошта яе есці. Педагог прапанавала разам ва ўсім разабрацца. Зноў было шмат экскурсій, эксперыментаў, нават дэгуставалі агародніну з заплюшчанымі вачыма. У рэшце рэшт, малышы ахвотна сталі есці агародніну.
Праект, які атрымаў 3-е месца, прысвечаны нашаму Кузю — марской свінцы, якая жыве ў экалагічным пакоі. Штодня дзеці даглядаюць яе, і аднойчы хлопчык Арцём Карнейчык спытаў: “Чаму свінка называецца марской?” Спытаў і пры падтрымцы педагога пачаў шукаць адказ. Ён шмат назіраў за Кузем, разам з дарослымі чытаў літаратуру па гэтай тэме. Хлопчык высветліў, што марской свінка называецца не таму, што жыла ў моры, а таму што была прывезена калісьці з-за мора. І як своеасаблівы вынік праекта — у цэнтры з’явілася яшчэ адна марская свінка. У экалагічным пакоі ёсць таксама сухапутная чарапашка і залатыя рыбкі. Выхаванцы цэнтра даглядаюць іх, дзяжурства арганізавана па групах. Бацькі з той групы, якая дзяжурыць у экалагічным пакоі, таксама клапоцяцца аб жывёлах, прыносяць агародніну для падкормкі. Кожны малыш марыць, каб хутчэй прыйшлі тыя хвіліны, калі ён будзе даглядаць сваіх любімцаў і, канечне ж, гуляць з імі.
Экалагічныя навіны
— Нашы педагогі ўдзельнічаюць у шматлікіх выставах, канферэнцыях, семінарах, майстар-класах, круглых сталах, дзе прыемна ўражваюць сваіх калег з іншых устаноў веданнем экалагічных праблем, — гаворыць Таццяна Яўгенаўна. — У гэтым годзе мы прымалі ўдзел у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па пазнавальнай практычнай дзейнасці ў ДЦРД. Мы ахвотна дзелімся вопытам з калегамі з іншых дашкольных устаноў раёна і вобласці. У дапамогу педагогам раёна распрацаваны метадычныя рэкамендацыі “Развіццёвае асяроддзе для экалагічнай адукацыі дашкольнікаў”, “Пакаёвыя расліны ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, “Эколага-аздараўленчая сцяжынка на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі” і інш. Творчая група педагогаў нашай установы распрацавала перспектыўнае планаванне па пазнавальнай і практычнай дзейнасці сярод дашкольнікаў ад першай малодшай да старшай групы. Гэтыя рэкамендацыі могуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце ўсе педагогі раёна. Значную дапамогу ў арганізацыі работы рэсурснага цэнтра аказваюць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама Ала Казіміраўна Кароль і метадыст РВМК Святлана Міхайлаўна Шчука.
Штомесяц мы выпускаем экалагічную газету, распаўсюджваем яе па групах, а таксама размяшчаем на сайце цэнтра. Кожны жадаючы можа спампаваць яе. Выданне рыхтуе творчая група педагогаў, якія распрацоўваюць тэматыку, па крупінках збіраюць самую цікавую і карысную інфармацыю. Газета асвятляе ўсе падзеі, якія адбываюцца ва ўстанове (выставы, конкурсы), расказвае пра цікавыя моманты з жыцця выхаванцаў цэнтра. Праз газету бацькі знаёмяцца з правіламі беражлівых адносін да навакольнага свету, з правіламі паводзін на прыродзе, а таксама падчас доследаў і эксперыментаў. Педагогі расказваюць аб тым, што можна і чаго нельга рабіць для падтрымання інтарэсу дзяцей да пазнавальнага эксперыментавання, як належным чынам арганізаваць пошукава-даследчую дзейнасць дзяцей дома.
У нашых далейшых планах — здымкі вучэбных відэафільмаў, якія будуць выкарыстоўвацца выхавальнікамі пры правядзенні заняткаў па пазнавальна-практычнай дзейнасці.Такім чынам, кожны педагог раёна зможа пазнаёміцца з новым для сябе вопытам.
Ужо трэці год наша ўстанова з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па фарміраванні асноў экалагічнай культуры ў дашкольнікаў. У наступным годзе плануем выйсці на абласны ўзровень і стаць абласным рэсурсным цэнтрам у экалагічным выхаванні дашкольнікаў.
Надзея ЦЕРАХАВА.