У фокусе — адукацыя і выхаванне

- 9:17Актуально, На парадку дня

Удасканаленне сістэмы адукацыі стала ключавой тэмай калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта, якая прайшла на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Асаблівая ўвага

Удзельнікі калегіі сканцэнтраваліся на абмеркаванні тэм і пасылаў, якія прагучалі напярэдадні на нарадзе ў Прэзідэнта аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі. Гаворка ішла пра кадравае забеспячэнне галіны, удасканаленне адукацыйнага працэсу і сістэмы адбору абітурыентаў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка адзначыў, што сфера адукацыі мае асаблівае значэнне для краіны, бо з ёй у той ці іншай ступені звязана вялікая колькасць людзей — настаўнікі, навучэнцы, іх бацькі, работнікі, якія забяспечваюць дзейнасць устаноў адукацыі, мясцовыя органы ўлады. “Адукацыйная сфера дынамічна мяняецца, з’яўляюцца новыя формы і матэрыялы. Адпаведна, ідзе рух наперад. Сёння мы ўбачылі тое новае, што рэалізуецца Міністэрствам адукацыі”, — адзначыў Ігар Сергяенка.

Сістэма адукацыі знаходзіцца пад асаблівай увагай Адміністрацыі Прэзідэнта, падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ігар Луцкі. “Ад таго, якой яна бу­дзе, якія будзе даваць адказы на выклікі часу, залежыць, ці сфарміруем мы здаровую і адукаваную нацыю, здольную адстойваць свае ідэалы, свабоду і незалежнасць, забяспечваць паступальнае развіццё краіны і грамадства”, — сказаў ён.

Ігар Уладзіміравіч падкрэсліў, што за апошнія гады дзяржавай шмат зроблена для развіцця адукацыі: створана неабходная заканадаўчая база, забяспечана стабільнае фінансаванне, навучэнцам і педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка. 

У фае БДПУ імя Максіма Танка была арганізавана выстава творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, узораў новых тэхналогій у адукацыі і выхаванні. Акрамя таго, была прадстаўлена інфармацыя аб падрыхтоўцы да выпуску вучэбных выданняў, рабоце нацыянальнага адукацыйнага партала, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, сістэме павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў, укараненні новых спецыяльнасцей і кваліфікацый, развіцці валанцёрскага руху, патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. 

“Па вялікім рахунку сістэма працуе зладжана. Сведчанне таго — умацаванне пазіцый нацыянальнай адукацыі на сусветным узроўні, рост колькасці замежных грамадзян, якія жада­юць вучыцца ў нас, перамогі нашых школьнікаў на міжнародных алімпіядах, а таксама тое, што нашых выпускнікоў з рукамі і нагамі, калі можна так сказаць, гатовы забраць да сябе многія кампаніі, у тым ліку і за мяжой, — канстатаваў Ігар Луцкі. — Працы шмат, задача ва ўсіх адна — выхаваць адукаванага грамадзяніна і патрыёта. Не толькі адукацыя, але і выхаванне — асноўная функцыя нашых педагогаў. Хацелася б, каб усе дзеці, якія заканчваюць школы, універсітэты, рэалізоўвалі свой патэнцыял на роднай зямлі”.

Акрамя таго, на калегіі гаварылі пра забяспечанасць месцамі ў дзіцячых дашкольных установах адукацыі, закрыццё і рэарганізацыю школ, цякучасць і недахоп спецыялістаў па тэхнічных і прыродазнаўчых напрамках (матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы). Закраналася тэма выхаваўчага працэсу, у тым ліку работы кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Стан і перспектывы

У размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што з 1 верасня ўступае ў сілу абноўлены Кодэкс аб адукацыі, для чаго была праведзена вялікая работа па змяненні нарматыўна-прававой базы. Цяпер, паводле яго слоў, важна ацаніць, наколькі сістэма адукацыі гатова ўспрыняць і рэалізаваць гэтыя навацыі.

Частку новаўвядзенняў пачалі паступова ўкараняць, напрыклад, мэтавы набор ва УВА быў павялічаны падчас уступнай кампаніі гэтага года. “На мэтавую падрыхтоўку мы прынялі дастаткова вялікую колькасць маладых лю­дзей. Для такіх галін, як ахова здароўя, сельская гаспадарка, набор мэтавікаў склаў амаль 50% ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў. Чаму гэта важна? Таму што ў гэтыя галіны павінны прыхо­дзіць тыя кадры, якія матываваныя, свядома выбралі прафесію і якія павінны замацавацца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах”, — растлумачыў міністр.

Па педагагічных спецыяльнасцях Андрэй Іванец прывёў наступныя даныя: кожны трэці выпускнік педагагічнага класа выбірае профільны ўніверсітэт, кожны чацвёрты з тых, хто паступае на бюджэт у педагагічную УВА, — выпускнік педкласа, а кожны пяты — выдатнік або медаліст. Гэта азначае, што каля 45% студэнтаў педагагічных універсітэтаў з’яўляюцца выдатнікамі або выпускнікамі педкласаў. Сёлета больш за 5,8 тысячы выпускнікоў педагагічных УВА прыступілі да работы. Таксама ўжо адпрацавалі год па спецыяльнасці тыя, хто спачатку вучыўся ў педагагічных класах, а затым паступіў у профільны ўніверсітэт. Водзывы дырэктараў школ пра такіх маладых спецыялістаў вельмі добрыя.

Міністр заўважыў, што беларуская адукацыя становіцца ўсё больш папулярнай за мяжой: за апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў у краіне павялічылася ў паўтара разу. З 17 тысяч чалавек 5 гадоў назад яна вырасла да 32 тысяч са 107 краін у цяперашні час.

Адбываецца паступовае амаладжэнне педагагічных кадраў, доля пенсіянераў сярод настаўнікаў — 9,5%. “Мы лічым, што гэта аптымальная лічба, бо падрастаючае пакаленне, маладыя спецыялісты маюць патрэбу ў настаўніцтве. І хто як не тыя педагогі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў адукацыі, могуць перадаць ім свой вопыт. Гэта добры сплаў маладосці і вопыту”, — перакананы міністр.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.