У футбол гуляюць усе

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Лепшую футбольную сям’ю вызначылі ў Квасоўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна. Тут адбыўся спартыўны фестываль “Мама, тата, я — футбольная сям’я”, які сабраў 26 спартыўных сем’яў са школ Гродзенскага раёна.

Міні-турніры па футболе былі арганізаваны ў пяці групах: сярод бацькаў, сярод маці, а таксама сярод дзяцей, якія былі раздзелены на ўзроставыя групы — 7—9 гадоў, 10—12 гадоў і 13—16 гадоў. Пераможцамі турніру сталі сем’і Вільчэўскіх і Мельнік (іх дзеці вучацца ў Квасоўскай сярэдняй школе) і сям’я Шутко (Верцялішкаўская сярэдняя школа).

— У нашай школе ўдзяляецца вялікая ўвага фізічнай культуры, навучэнцы школы маюць шмат дасягненняў у спартыўнай сферы, — гаворыць дырэктар Квасоўскай школы Алег Хрыптовіч. — Штогод у школе арганізоўваецца турнір па міні-футболе, прысвечаны памяці Героя Беларусі В.І.Крамко. Аб спартыўных традыцыях школы сведчыць і такі факт: у гэты ж дзень навучэнец 11 класа Раман Рамановіч стаў пераможцам раённага турніру па плаванні. Школа наладзіла актыўнае супрацоўніцтва з Беларускай федэрацыяй футбола. На гэты раз федэрацыя аказала дапамогу ў правядзенні футбольнага фестывалю і прадаставіла прызы для ўсіх яго ўдзельнікаў: кубкі, майкі з лагатыпам турніру, футбольныя мячы, кепкі. Актыўны ўдзел у арганізацыі спаборніцтваў прынялі намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Аляксей Зубань, настаўнікі Уладзімір Шыкеля, Рамуальда Сурконт, Сяргей Бяззубаў.

Сямейны футбольны турінір паказаў вялікую зацікаўленасць дзяцей і бацькоў у сумесных спаборніцтвах, таму ў планах — арганізацыя на базе Квасоўскай сярэдняй школы ў канцы мая абласнога турніру “Мама, тата, я — футбольная сям’я”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.