7 мая, напярэдадні Дня Перамогі, прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з ветэранамі вайны і педагагічнай працы. Месцам сёлетняй сустрэчы стаў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Чым далей ад нас пераможны май 1945 года, чым хутчэй адыходзяць ад нас удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш каштоўнымі становяцца падобныя сустрэчы. Час няўмольны і нам, нашчадкам Вялікай Перамогі, неабходна не толькі захоўваць памяць пра подзвіг ветэранаў, але і спяшацца дапамагаць ім у штодзённым жыцці, дарыць усмешкі, добры настрой.
Колькі такіх усмешак было ў гэты дзень? Дзясяткі, сотні, а можа і тысячы… А яшчэ былі ўспаміны: пра аднапалчан, з якімі даводзілася дзяліць ваенныя нягоды; пра калег, з якімі быў пройдзены складаны і адказны педагагічны шлях; пра навучэнцаў, якім нашы ветэраны, як прынята гаварыць, далі пуцёўку ў дарослае жыццё.
— Актуальным на сённяшні час з’яўляецца пытанне, як зрабіць так, каб подзвіг народа, здзейснены ў гады вайны, быў зразумелы моладзі. Той подзвіг, які забяспечыў мірнае развіццё Еўропы, нашага грамадства. Дзякуючы вам, можна знайсці адказ на гэтае пытанне. Пакуль вы жывыя, нам, адказным за ідэалогію дзяржавы, фарміраванне асобы маладога чалавека, значна лягчэй расказваць і паказваць навучэнцам і студэнтам праўду пра вайну, знаёміць з той місіяй, якую несла савецкая армія і савецкі народ для ўсяго чалавецтва, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Па словах старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Аляксандравіча Бойкі, ветэраны з’яўляюцца своеасаблівым падмуркам, на якім грунтуецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі. Вядома, што для паспяховага фарміравання ў маладога пакалення любові да Радзімы, павагі да свайго народа-пераможцы, ва ўстановах адукацыі праводзяцца шматлікія выхаваўчыя мерапрыемствы, у тым ліку класныя гадзіны, зорныя паходы. Але самым эфектыўным сродкам, безумоўна, з’яўляюцца сустрэчы са сведкамі ваенных падзей, удзельнікамі баёў.
Як у гады вайны настаўнікі былі на першым плане барацьбы за народнае шчасце, свабоду Радзімы, так і цяпер настаўнік знаходзіцца на першым флангу барацьбы за шчасце і працвітанне самастойнай Беларусі, яму належыць галоўная роля ў выхаванні маладога пакалення. Нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі, сказанымі на ўрачыстай сустрэчы Яўгенам Гаўрылавічам Валністым, старшынёй Мінскага абласнога савета ветэранаў работнікаў адукацыі.