У гасцях у казкі: пагутарылі з педагогамі, якія напярэдадні навагодніх свят пераўвасабляюцца ў Дзядоў Марозаў і Снягурак

- 12:40Новости

Кожны год напярэдадні навагодніх свят гэтыя педагогі пераўвасабляюцца ў персанажаў зімовых казак, якіх яны палюбілі яшчэ ў дзяцінстве. Іх заўсёды горача сустракаюць вучні і бацькі, і нават журы агляду­-конкурсу “Ёлка­фэст” не застаецца ўбаку: нашы суразмоўцы ў розныя гады займалі прызавыя месцы на яго рэспубліканскім этапе як лепшыя Дзед Мароз і Снягурка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

”Дзед Мароз павінен быць чараўніком: умець адначасова і спяваць, і іграць, і танцаваць, і дарыць казку дзецям”, — упэўнены Юрый Герашчанка, настаўнік музыкі сярэдняй школы № 59 Гомеля.

— Я, можна сказаць, нарадзіўся будучым Дзедам Марозам, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — З дзяцінства любіў спяваць, танцаваць, з захапленнем чакаў Новага года. У Дзеда Мароза, вядома, верыў. Дарэчы, і мае дзеці яшчэ вераць у казку. І спадзяюся, у марознага Дзеда таксама.

Юрый Герашчанка ўжо некалькі разоў удзельнічаў у “Ёлка-фэсце” і заўсёды трапляў у тройку прызёраў.

— Кожны год паказваем школьнікам новую пастаноўку, сцэнарыі для якой падбірае педагог-арганізатар школы Таццяна Яфрэмава, — адзначае ён. — За ўсю гісторыю ні разу не паўтарыліся. Вядома, мяняецца час, мяняюцца і персанажы казак. У дзяцей новыя захапленні, новыя мультфільмы.

На пытанне, ці мяняюцца самі хлопчыкі і дзяўчынкі, Дзед Мароз адказвае: “Напэўна, не. Можа, толькі падарункаў чакаюць ужо іншых, сучасных. Напрыклад, тэлефон ці планшэт. Але засталася і значная частка тых, хто хоча ў падарунак проста мяшочак мандарынаў”.

— Усё залежыць ад бацькоў, — падкрэслівае Юрый Герашчанка. — Якія падарункі дзіця прывыкла атрымлі­ваць у сям’і, тых чакае і ад казачнага Дзеда. Дзеці пачына­юць пісаць мне лісты яшчэ з пачатку снежня. Рознае чытаю ў іх… Але ў мяне ёсць свае прафесійныя хітрасці. Напрыклад, калі малы марыць пра айфон, можна падарыць яму шакаладку, якая формай падобна на тэлефон, і сказаць, што гэта чароўны айфон. У Дзеда Мароза павінна добра працаваць фантазія! Галоўнае — ніколі не гаварыць дзіцяці, маўляў, гэты падарунак вельмі дарагі і ты яго ніколі не атрымаеш. Гэта моцна раніць малых.

Вялікую ўвагу Дзед Мароз удзяляе свайму касцюму. Шмат разоў яго перашывалі, удасканальвалі. Ёсць у ім і асабліва каштоўныя рэчы, якія даволі цяжка набыць у магазіне, — посах, галаўны ўбор. Юрый Міхайлавіч адзначае дапамогу, якую ў арганізацыі свят аказвае адміністрацыя школы, непасрэдна яе дырэктар Алена Рыбак і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Халязнікава.

— Я скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Часам на выступленнях сам сабе акампаную на фартэпіяна. Дзед Мароз павінен быць чараўніком: умець адначасова і спяваць, і іграць, і танцаваць, і дарыць казку дзецям. Галоўнае — каб казка вучыла хлопчыкаў і дзяўчынак дабрыні. Сюжэты розныя, а сутнасць адна: добрыя персанажы заўсёды перамагаюць злых. Але, як і ў жыцці, каб атрымаць перамогу, героям трэба прайсці доўгі і няпросты шлях.

”Акцёр — гэта іншы бок прафесіі педагога, таму і на сцэне адчуваем сябе натуральна і лёгка”, — лічыць Кацярына Сухаверхая, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 18 Пінска Брэсцкай вобласці.

Кацярына Паўлаўна ўспамінае, што яшчэ ў дзяцінстве марыла стаць Снягуркай:

— На навагодніх святах самы папулярны ў дзяўчынак быў касцюм Сняжынкі, а самы ганаровы — Снягуркі. Заўсёды хацелася яго прымераць. Калі мне, ужо дарослай, у школе прапанавалі выканаць ролю ўнучкі Дзеда Мароза, я з радасцю пагадзілася. У нас падабралася каманда цудоўных, крэатыўных педагогаў, якія мне дапамагаюць. Хачу сказаць ім вялікі дзякуй! Гэта настаўнікі працоўнага навучання Сяргей Савіцкі і Таццяна Таўгень, якія да навагодніх свят робяць прыгожыя дэкарацыі, касцюмы, педагогі-арганізатары Алёна Барысевіч, Яўгенія Кравец, якія прыдумва­юць самыя неверагодныя сцэнарыі, і наш Дзед Мароз — настаўнік працоўнага навучання Эдуард Мацкевіч, з якім мы складаем гарманічную казачную пару. За нязменную падтрымку хачу выказаць падзяку і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Іне Шахновіч.

Дарэчы, у знакамітым “Ёлка-фэсце” школа № 18 Пінска прымала ўдзел ужо 9 разоў, а ў мінулым годзе дуэт пінскіх педагогаў заняў 2-е месца ў рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу ў намінацыі “Лепшыя Дзед Мароз і Снягурка”.

— Кожны раз на сцэне — ці то на конкурсе, ці то на нашых школьных святах — я адчуваю неверагодныя эмоцыі, — дзеліцца Снягурка. — Яны ідуць ад дзяцей: іх усмешкі, захапленне імгненна перадаюцца мне. Кожны год прыдумваем новы сцэнарый — трымаем яго ў сакрэце, гэта павінен быць сюрпрыз. Стараемся ўводзіць больш сучасных персанажаў, добра знаёмых школьнікам. У мінулым годзе рабілі цудоўную казку па матывах кнігі “Аліса ў Залюстрэччы”. Пры гэтым мы не проста паказваем нейкі спектакль на сцэне, а актыўна ўцягваем у яго вучняў. Лічу, што акцёр — гэта іншы бок прафесіі педагога, таму і на сцэне адчуваем сябе натуральна і лёгка.

”Добрае веданне роднай мовы дапамагае ў казачнай рабоце”, — падкрэслівае Вадзім Сакратароў, дырэктар Старасельскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза У.П.Краева Віцебскага раёна.

Вадзіма Аляксандравіча мы ўбачылі, калі ён выходзіў з лесу, як і належыць сапраўднаму Дзеду Марозу.

— Лес каля школы мы ўпрыгож­валі да навагодніх свят, — расказаў ён. — Дарэчы, я выконваю ролю казачнага Дзеда і ў нашай Прыдзвінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, дзе кожны год дзеткі становяцца ўдзельнікамі чароўных падзей, для іх рыхтуюцца незабыўныя шоу і квесты. Ну і, вядома, як жа без “Ёлкі-фэсту” — я прымаў удзел у гэтым конкурсе тройчы. Адзін раз дыстанцыйна, падчас кавіду, у 2016 го­дзе мы са Снягуркай занялі 2-е месца на рэс­публіканскім этапе, а ў 2022-м — 3-е месца. Напэўна, за тое, што я так добра ўвасобіў вобраз Дзеда Мароза, трэба сказаць дзякуй маім бацькам: гэта яны падарылі мне такі высокі рост (больш за 190 см) і нізкі голас.

Дарэчы, Вадзім Аляксандравіч скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, атрымаў спецыяльнасць выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Ён заўважае, што добрае веданне роднай мовы дапамагае яму ў казачнай рабоце. Так, на “Ёлка-фэсце” ён адзіны з усіх Дзядоў Марозаў выступаў на беларускай мове.

— У навагоднім сцэнарыі звычайна робім стаўку на тое, што падабаецца сучасным дзецям, — тлума­чыць дырэктар. — Гэта, напрыклад, Маша і Мядзведзь, Фіксікі. У гэтым годзе вырашылі звярнуцца да класічнага персанажа — Чабурашкі. Але не так важна, напэўна, якія героі, галоўнае — сама казка. А якой яна атрымаецца, добрай ці не, залежыць ужо ад нас, дарослых.

Што тычыцца арганізацыйных момантаў, то школе вельмі дапамагае аддзел па адукацыі Віцебскага райвыканкама.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены суразмоўцамі