Вучні гімназіі № 1 Ашмян даведваюцца новае і пастаянна чэрпаюць веды не толькі падчас заняткаў. У пазаўрочны час актыўна спрыяе гэтаму арганізаваная ва ўстанове адукацыйная прастора. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дастаткова сказаць, што тут стварылі электронную бібліятэку твораў школьнай праграмы, шахматна-шашачны хол з тэматычнай мэбляй, незвычайны літаратурны гадзіннік і не толькі.
Кожны паверх установы адукацыі мае тэматычны напрамак. Першы — грамадзянска-патрыятычны. На стэндах размешчана інфармацыя аб грамадскіх арганізацыях, членамі якіх з’яўляюцца педагогі і навучэнцы. Свой ненадакучлівы аповед вядуць нават незвычайна аформленыя вокны ўстановы адукацыі.
— У 2021 годзе работа па іх стылізацыі пачалася з конкурсу школьных эсэ. Дзеці дзяліліся сваімі думкамі, чаму нашу краіну называюць незалежнай, сінявокай… Пасля гэтага аналагічныя тэматычныя банеры занялі сваё месца ў верхняй частцы ўсіх вокнаў першага паверха. Кожнае з такіх дапаўняе QR-код, які накіроўвае нашых вучняў на матэрыялы па адпаведнай тэме, — расказвае дырэктар гімназіі Вольга Саванец.
Другі паверх вельмі творча аформленай установы адукацыі прытрымліваецца тэматыкі “Бяспека”. І зноў карысныя веды акружаюць вучняў у незвычайнай форме: у выглядзе ахоўных экранаў на радыятарах. Уздоўж калідора знаёмімся на іх з правіламі паводзін, напрыклад, на вадзе і ў спякоту, успамінаем правілы дарожнага руху… Тут жа шкляныя вокны ў падлогу, якія аддзяляюць памяшканне бібліятэкі, прапануюць школьнікам свайго роду электронны каталог твораў школьнай праграмы. На стылізаваных паліцах кожная кніга — з QR-кодам, які адпраўляе на патрэбны твор, яго аўдыяфайл ці экранізацыю.
— Такое афармленне таксама працягвае ідэю бяспекі — у сетцы. Мы паказваем, у якім напрамку карыстацца інтэрнэтам не толькі бяспечна, але і карысна, — працягвае Вольга Саванец.
Трэці паверх прытрымліваецца тэматыкі духоўна-маральнага выхавання. Інфармацыйныя расцяжкі, якія закрываюць радыятары, змянілі павучальную функцыю на матывацыйную і расказваюць вучням, напрыклад, што “шчасце — гэта не мэта, а лад жыцця”. Заслугоўвае ўвагі і незвычайны літаратурны гадзіннік перад уваходам у кабінет рускай мовы і літаратуры. Цыферблат у ім прадстаўлены стылізаванымі кнігамі: 1 — “Пётр Першы” А.Талстога, 2 — “Два капітаны” В.Каверына, 3 — “Тры таўстуны” Ю.Алешы… Што тычыцца характэрнага для ўстановы афармлення вокнаў, на трэцім паверсе — гэта выявы карцін вядомых беларускіх і рускіх пейзажыстаў, з якімі дзеці сустракаюцца на ўроках літаратуры і мастацтва.
— Нашы вучні былі актыўна задзейнічаны ў такім афармленні ўстановы адукацыі. Праходзіла абарона кожнага тэматычнага паверха, расказвалі аднагодкам пра яго асаблівасці тыя з іх, чые класныя кабінеты размешчаны менавіта тут, — адзначае дырэктар.
З энтузіязмам ва ўстанове падыходзяць і да афармлення адукацыйнай прасторы непасрэдна ў кабінетах. Напрыклад, у кабінеце біялогіі знаходзяцца муляжы птушак, манекены для вывучэння цела чалавека, мініяцюрныя шпакоўні на стылізаваным ствале бярозы і нават паліцы ў форме пчаліных сот.
Гаворачы пра кабінет хіміі, цікава яшчэ да таго, як зайшоў, дзякуючы надпісу “Хімія феерверкаў”. Дарэчы, нават кветкі на падаконніках тут адпавядаюць вучэбнай тэматыцы — у падстаўках з прабіркамі “высаджаны” таблічкі з назвамі хімічных элементаў. А побач з традыцыйнай для такога кабінета табліцай Мендзялеева вучні бачаць хімію ў штодзённым жыцці: прадукты і рэчывы з выявай іх хімічных формул.
У кабінеце матэматыкі на сцяне “расце” дрэва з формул, а стрэлкі вялікага насценнага гадзінніка ходзяць вакол ураўненняў.
— Ёсць у нас і ідэі па далейшым афармленні вучэбных кабінетаў. У кабінеце гісторыі плануем размясціць выставачны павільён, які будзе расказваць вучням пра этапы Вялікай Айчыннай вайны, — падзялілася Вольга Уладзіміраўна.
Па словах кіраўніка ўстановы адукацыі, галоўнымі аўтарамі арыгінальных ідэй нязменна становяцца настаўнікі. І сёння можна гаварыць аб своеасаблівай модзе на цікавае афармленне. Садзейнічае гэтаму ў тым ліку штогадовы конкурс на лепшы клас. Адпаведная таблічка ўваходныя дзверы класа-лідара ўпрыгожвае на працягу ўсяго навучальнага года.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара