У гонар першага рэктара

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Другая імянная аўдыторыя з’явілася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У 2013 годзе адну з аўдыторый назвалі ў гонар дырэктара Гродзенскага педінстытута Дзмітрыя Спірыдонавіча Маркоўскага, у 2018 годзе — у гонар рэктара купалаўскага ўніверсітэта Аляксандра Васільевіча Бадакова.

Аляксандр Васільевіч Бадакоў працаваў у ГрДУ з 1973 па 1994 год. Менавіта пры рэктары А.В.Бадакове ў 1978 годзе педагагічны інстытут ператварыўся ва ўніверсітэт.

На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця імянной аўдыторыі сабраліся выкладчыкі і студэнты. Рэктар ГрДУ Ірына Кітурка адзначыла:

— Мы адкрываем аўдыторыю ў гонар выдатнага чалавека, які паспяхова кіраваў нашым універсітэтам 21 год, зрабіў вельмі шмат для яго развіцця і пры якім наша альма-матар стала ўніверсітэтам.

Успамінамі аб першым рэктары ўніверсітэта падзяліліся людзі, якія працавалі разам з Аляксандрам Васільевічам, — прафесар Іван Платонавіч Мартынаў і прафесар Часлаў Станіслававіч Кірвель.

— А.В.Бадакоў падтрымліваў навуковыя кадры і шукаў таленавітых людзей на ўсёй прасторы Савецкага Саюза, каб запрасіць іх на выкладчыцкую работу ў Гродна. Яму ўдалося аб’яднаць у сценах ВНУ таленавітых маладых вучоных, якія пасля стваралі свае навуковыя школы і рыхтавалі высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, — сказаў І.П.Мартынаў.

Ч.С.Кірвель падкрэсліў, што Бадакоў валодаў неймавернай працаздольнасцю, быў чалавекам з непаўторным глыбокім светам, які прынёс у купалаўскі ўніверсітэт.

Апошнія гады жыцця А.В.Бадакоў жыў у Мінску, але неаднаразова прыязджаў у Гродзенскі ўніверсітэт, дзе заўсёды быў жаданым госцем. Удзельнікі ўрачыстасці ўбачылі відэафільм, дзе Аляксандр Васільевіч дзеліцца ўспамінамі аб развіцці ўніверсітэта і аб яго людзях.

У гэты ж дзень “свой дом” атрымалі і арганізацыі студэнцкага самакіравання ўніверсітэта. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і старшыня каардынацыйнага студэнцкага савета Яна Мілюк перарэзалі чырвоную стужачку перад аўдыторыяй, дзе зараз будуць размяшчацца каардынацыйны студэнцкі савет, штаб працоўных спраў, савет валанцёраў, першасная арганізацыя “Белая Русь”. Такі падарунак адміністрацыя зрабіла моладзі ў сувязі з 40-годдзем утварэння ўніверсітэта. У падарунак студэнты атрымалі сертыфікат на набыццё камп’ютара, прынтара, канцылярскіх прылад.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.