У Гродзенскім універсітэце — новы рэктар

- 10:24Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка прадставіў калектыву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы новага рэктара. 7 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктарам ГрДУ Ірыны Кітурка. На наступны дзень Ірыну Фёдараўну афіцыйна прадставілі як новага кіраўніка ўніверсітэта.

Ігар Карпенка адзначыў, што нядаўна ў ГрДУ прайшла сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі, дзе былі вызначаны напрамкі развіцця УВА. Ёсць агульнае бачанне і разуменне шляхоў вырашэння задач, якія стаяць перад універсітэтам, які сёння вядзе не толькі адукацыйную, але і навукова-даследчую дзейнасць. Адна з задач, якая стаіць перад новым кіраўніком і ўсім калектывам, — пашырыць віды навукова-даследчай дзейнасці з улікам сацыяльна-эканамічных патрэб Гродзеншчыны, адыгрываць важную ролю ў інавацыйным развіцці рэгіёна.

— Ірына Фёдараўна бачыць перспектывы развіцця ўніверсітэта і задачы, якія стаяць перад сістэмай беларускай адукацыі. Прыярытэтным сярод іх з’яўляецца рух універсітэта да мадэлі 3.0, якая дазволіць ГрДУ імя Янкі Купалы пашырыць дзейнасць і ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Гэтыя задачы могуць быць рэалізаваны сумеснымі намаганнямі ўсяго ўніверсітэта.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч звярнуў увагу новага рэктара і на такую важную місію ўніверсітэта, як падрыхтоўка матываваных спецыялістаў, грамадзян, якія любяць сваю краіну.
Павіншавалі І.Ф.Кітурка з прызначэннем на пасаду рэктара і яе калегі — рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс, а таксама намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша.

Адной з галоўных задач І.Ф.Кітурка вызначыла рух універсітэта да мадэлі 3.0 і рэалізацыю стратэгіі развіцця УВА да 2020 года.

— Місія ўніверсітэта — выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу, — адзначыла Ірына Фёдараўна. — Вырашэнню гэтых задач будзе садзейнічаць і створаны навукова-тэхналагічны парк, дзе навуковыя дасягненні знойдуць рэалізацыю ў выглядзе вытворчасці.

Міністр адукацыі і рэктар ГрДУ паведамілі аб тым, што прэзідэнт краіны выказаў жаданне сустрэцца са студэнцкай моладдзю. Каб вызначыць кола пытанняў, якія хвалююць студэнцтва, даць ацэнку рабоце кіраўніцтва ўніверсітэта, вырашана правесці акцыю “Задай пытанне рэктару”.

І.Ф.Кітурка стала рэктарам сваёй альма-матар праз 24 гады пасля заканчэння яе з адзнакай. Пяць гадоў пасля гэтага працавала настаўніцай гісторыі ў школе, з 2001 года — у ГрДУ на пасадах выкладчыка, намесніка дэкана факультэта бесперапыннай падрыхтоўкі і дэкана факультэта перападрыхтоўкі спецыялістаў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, начальніка вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ, з 2016 года — першага прарэктара. І.Ф.Кітурка — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, аўтар больш як ста навуковых работ, аўтар вучэбнага дапаможніка па курсе “Гісторыя Беларусі”, з’яўляецца навуковым кіраўніком задання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” на 2016—2020 гады і кіраўніком праекта Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.