У апошні час пытанням развіцця фізічнай культуры і спорту ў сельскіх рэгіёнах удзяляецца максімум увагі. Краіна зацікаўлена ў фарміраванні каманды моцных духам і целам падлеткаў, якія з цягам часу павінны падняцца на п’едэсталы па выніках удзелу ў спаборніцтвах сусветнага маштабу.

Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі Міністэрства адукацыі праводзіць акцыю па забеспячэнні школ спартыўным інвентаром.
Доцішская сярэдняя школа Воранаўскага раёна далучылася да гэтай акцыі як адна з ініцыятыўных і актыўных удзельніц розных спаборніцтваў і акцый па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Штогод выпускнікі школы працягваюць спартыўную кар’еру ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Вучні Дарый Дуда і Надзея Гірдзіеўская ўключаны ў зборную вобласці і рэспублікі па лёгкай атлетыцы.
Масавае спартыўнае свята “Вясновыя старты” сабрала вучняў, настаўнікаў і бацькоў 7 сакавіка 2019 года ў спартыўнай зале доцішскай школы. Удзельнікаў аб’яднаў святочны бадзёры настрой і спартыўны азарт.
У час адкрыцця свята прадстаўнікі Воранаўскага райвыканкама перадалі ўстанове адукацыі спартыўны інвентар: лыжы, мячы, тэнісны стол. Віншаванні прагучалі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Янаўны Ганевіч, начальніка аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціны Вінцэнтаўны Люленка.
Падарункі стануць добрым стымулам для актыўных заняткаў фізкультурай і паклічуць на лыжныя старты і за тэнісны стол не толькі вучняў, але і іх бацькоў, працаўнікоў аграгарадка Доцішкі. Гэта будзе садзейнічаць умацаванню спартыўных традыцый, папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў сельскай мясцовасці.
Спартыўны марш запрасіў каманды на старт. Эстафеты, конкурсы прайшлі на адным дыханні. З пераменным поспехам фінішавалі каманды ў конкурсах “Іголкавае вушка”, “Піраміда”, “Хакей”, “Пераадолей перашкоду”. Не засталіся па-за ўвагай і балельшчыкі, якія годна прадставілі свае каманды і павялічылі колькасць агульных балаў, чым наблізілі каманды да перамогі.
Адгучалі апошнія старты. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі. А заўтра ўсіх чакаюць новыя старты і новыя перамогі. Значыць, да новых сустрэч і ўжо на іншых п’едэсталах!
Ганна ПТАШЫНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.





