У краіне ідзе цэнтралізаванае тэсціраванне

- 9:37Апошнія запісы, Рознае, Якасць адукацыі

Учора пачаліся ўступныя выпрабаванні для абітурыентаў. Першымі трымалі экзамен юнакі і дзяўчаты, якія выбралі беларускую мову. На тэсціраванне па гэтым прадмеце зарэгістравалася звыш 22 тысяч чалавек.

Выпрабаванне па беларускай мове праходзіла адначасова ў 369 аўдыторыях у розных пунктах тэсціравання па ўсёй краіне. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка экзамен здавала больш за тысячу абітурыентаў.

Каб асабіста азнаёміцца з ходам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, універсітэт наведала намеснік прэм’ер-міністра старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнымі іспытамі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах Наталля Качанава. Яна пабывала ў аўдыторыях, дзе павінен быў адбыцца экзамен, і папярэдзіла абітурыентаў пра адказнасць, якую яны нясуць пры ўмове парушэння правіл. У прыватнасці, папрасіла не карыстацца мабільнымі прыладамі, бо падобныя выпадкі выяўляюцца і тады для абітурыентаў-парушальнікаў уступная кампанія завяршаецца.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Наталля Качанава заявіла, што сістэма кантролю, якая створана ў нашай краіне, дае свае вынікі. “Сёння кожны кіраўнік установы адукацыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, разумее меру сваёй адказнасці. Гэта дазваляе працаваць вельмі сумленна, адкрыта, дастойна. Мне здаецца, ні ў каго нават не ўзнікае думак наконт таго, што можна парушыць адпаведнае заканадаўства”, — сказала старшыня дзяржаўнай камісіі.

Алгарытм правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і ўступнай кампаніі ў цэлым выпрацаваны, і гэта надае абітурыентам упэўненасці. Яны разумеюць, што іх веды будуць ацэнены аб’ектыўна, а ўмовы залічэння будуць роўнымі для ўсіх.
Дарэчы, ужо першы экзамен паказаў, што сярод абітурыентаў, як заўсёды, сустракаюцца экстрэмалы, якія забягаюць у аўдыторыю літаральна ў апошні момант перад закрыццём. Шанцуе так не ўсім. Мы, напрыклад, сутыкнуліся з абітурыентам, які спазніўся. Яго не пусцілі на экзамен.

У БДПУ імя Максіма Танка сістэма інфармавання абітурыентаў наладжана добра. Валанцёры і арганізатары тэсціравання ўказваюць не толькі аўдыторыі, дзе праходзіць ЦТ, але і папярэджваюць кожнага абітурыента (і неаднаразова) пра неабходнасць зда ць асабістыя рэчы, у тым ліку мабільныя тэлефоны, у гардэроб. А бацькам варта давесці дзецям, што на экзамен трэба прыходзіць загадзя і абавязкова мець пры сабе пашпарт.

Сёння абітурыенты здаюць ЦТ па рускай мове. На яго зарэгістравалася больш за 78 тысяч чалавек. Завершыцца цэнтралізаванае тэсціраванне 27 чэрвеня. Рэзервовы дзень для тых, хто па ўважлівай прычыне прапусціць адзін з тэстаў, прызначаны на 5 ліпеня.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.