У краіне створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”

25 студзеня міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” БНТУ і прыняў удзел у семінары для маладых навукоўцаў “Магчымасці і ўклад тэхнапарка ў развіццё мадэлі “Універсітэт 3.0”. На сустрэчу сабраліся маладыя навукоўцы з усёй краіны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Алег Бараноўскі.

Як вядома,“Палітэхнік” — першы і найбуйнешы ўніверсітэцкі тэхнапарк. Міністр адукацыі пазнаёміўся з магчымасцямі вытворчых і сэрвісных паслуг тэхнапарка, з тэхналогіямі вытворчасці сучасных імпартазамяшчальных прыстасаванняў і прыбораў медыцынскага прызначэння, а таксама з тэхналогіямі спартыўнай інжынерыі і адаптаванай кінезітэрапіі.

“У краіне створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”: сёння нашы ўніверсітэты займаюцца не толькі адукацыяй і навуковымі распрацоўкамі, але і прасоўваюць свае праекты ў эканоміку і іншыя сферы.
Міністэрствам адукацыі ў рамках пілотнага праекта вызначана шэсць універсітэтаў: БДУ, БНТУ, БДУІР, БДТУ, БДЭУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, якім даручана распрацоўка і рэалізацыя эксперыментальнага праекта па ўкараненні новых падыходаў у развіццё вучэбнай, навуковай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўніверсітэта. Змяненні ў адукацыйным працэсе будуць рэалізаваны ўжо ў наступным навучальным годзе, але і ў гэтым годзе мы павінны пастарацца прыйсці да канкрэтных рашэнняў, у тым ліку ўдасканаліць нарматыўна-прававую і заканадаўчую базы”, — сказаў Ігар Карпенка.

У найбліжэйшай перспектыве маладзёжнай навуковай супольнасці трэба ўнесці непасрэдны ўклад у пераўтварэнне Беларусі ў IT-краіну. “Лічбавая трансфармацыя эканомікі будзе рэалізавана спецыялістамі, якія валодаюць шырокім спектрам кампетэнцый, атрыманых у выніку практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, складовымі элементамі якой з’яўляюцца навуковыя даследаванні і распрацоўкі, іх камерцыялізацыя.

Універсітэцкай навуцы трэба будзе паглыбіць і пашырыць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння навукова- адукацыйна-вытворчых кластараў, якія прадугледжваюць інтэграцыю адукацыйных устаноў і прадпрыемстваў. Ужо цяпер наладжана ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі і вытворчых прадпрыемстваў”, — зазначыў Ігар Васільевіч.

Прасоўванне распрацовак на замежныя рынкі ў цяперашні час забяспечваюць 12 сумесных цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй, Казахстанам, Кітаем, Карэяй, Латвіяй, Венесуэлай. Высокі ўзровень навуковых даследаванняў пацвярджаецца ўдзелам універсітэтаў у выкананні больш як 100 праектаў міжнародных навуковых праграм, фондаў і грантаў.

Міністр падкрэсліў, што для рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0” установам вышэйшай адукацыі неабходна стварыць навукова-адукацыйную платформу, якая дазволіць вывучаць і асвойваць новыя і перспектыўныя тэхналогіі апрацоўкі і перадачы даных, выконваць навуковыя даследаванні і распрацоўкі па базавых інфармацыйных тэхналогіях, распрацоўваць і ствараць высокапрадукцыйныя праграмна-апаратныя комплексы і інфармацыйныя сістэмы.

“Мы павінны разумець, што поспех рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0” дазволіць стварыць у найбліжэйшай будучыні высокаінтэлектуальнае матываванае асяроддзе для трансфармацыі УВА ў мадэль “Універсітэт 4.0”, што дазволіць вырашаць складаныя задачы, якія ў шэрагу выпадкаў не па сілах ні карпаратыўнай, ні акадэмічнай навуцы. А гэта магчыма толькі пры сфарміраванасці ў студэнцкай моладзі ўстойлівай цікавасці да кар’еры вучонага і прадпрымальніка”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Падчас работы семінара было закранута пытанне стварэння дзіцячага тэхнапарка. На дадзены момант гэты праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. “Нам бачыцца, што дзіцячы тэхнапарк стане ўстановай дадатковай адукацыі, які будзе задаваць вектар руху да будучай прафесіі дзіцяці. Гэта вельмі важна, бо калі яно будзе мець магчымасць выканаць элементарную паслядоўнасць аперацый і на выхадзе атрымаць самы просты прадукт, то зможа прымерыць на сябе пэўныя прафесійныя якасці і больш дакладна зразумець свае прафесійныя патрэбы. Дзейнасць дзіцячага тэхнапарка будзе ўключаць і работу з адоранымі дзецьмі. Мяркуецца, што заснавальнікамі такога тэхнапарка будуць установы вышэйшай адукацыі (найперш тэхнічнага профілю)”, — падзяліўся міністр.

Акрамя таго, удзельнікі семінара абмеркавалі пытанні дзейнасці галіновых універсітэцкіх лабараторый (у цэнтры ўвагі быў вопыт БДТУ), пагаварылі пра дзейнасць цэнтраў стартапаў. Тут сваім досведам падзяліўся прадстаўнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. А намеснік галоўнага дырэктара “Палітэхніка” падзяліўся досведам БНТУ па ўкараненні канцэпцыі “Універсітэт 3.0”.

Урачыстай часткай семінара стала ўзнагароджанне лепшых маладых вучоных краіны граматамі Міністэрства адукацыі і падзякамі міністра адукацыі. Ігар Васільевіч павіншаваў аўдыторыю з Днём навукі і пажадаў поспехаў у даследаваннях.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *