У круглянцаў ёсць чаму павучыцца

- 10:46Навіны рэгіёнаў

На эфектыўнасць функцыянавання сістэмы адукацыі ўплываюць розныя фактары. Але галоўныя з іх — умелая кіраўніцкая дзейнасць і стварэнне адпаведнага сучасным патрабаванням адукацыйнага асяроддзя. Менавіта гэтыя аспекты — аснова і найважнейшая ўмова для развіцця як навучальных устаноў у цэлым, так і асобна ўзятых педагагічных ініцыятыў. На прыкладзе Круглянскага раёна ў гэтым пераканаліся ўсе кіраўнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Магілёўшчыны, наведаўшы мясцовыя ўстановы адукацыі рознага профілю.

Своеасаблівыя экскурсіі праходзілі ў рамках аднайменнай творчай справаздачы, падчас якой круглянскія педагогі падзяліліся з калегамі сваімі станоўчымі напрацоўкамі па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці.
Як заўважыў, адкрываючы мерапрыемства, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, вопыт працы настаўніцтва Кругляншчыны сапраўды заслугоўвае ўвагі, бо сістэма адукацыі раёна функцыянуе дастаткова вынікова і стабільна.
— Галоўны сакрэт эфектыўнай працы нашай адукацыйнай сферы ў тым, што мы прывыклі не патрабаваць патрэбнае з бюджэту, а шукаць унутраныя рэзервы, разлічваць на ўласныя сілы. Немалаважна і тое, што кожны кіраўнік, педагог добрасумленна выконвае свае абавязкі, цалкам аддаецца сваёй справе, — адзначыла намеснік старшыні мясцовага райвыканкама Тамара Аксёнава.Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Сяргея Храмцова, круглянская сістэма адукацыі мала чым адрозніваецца ад іншых ёй падобных, але свае асаблівасці ўсё ж мае. Ключавая з іх — імкненне да развіцця навучальных устаноў, пастаяннага ўдасканалення педагагічнай дзейнасці, павышэння якасці адукацыі. Мэтанакіраваная праца педагогаў на месцах дазваляе дасягаць пэўных поспехаў. Па выніках кожнага навучальнага года вучні раёна заваёўваюць шэраг пераможных дыпломаў у алімпіядным руху, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Круглянскія педагогі дастойна прадстаўляюць свае ўстановы на конкурсах прафесійнага майстэрства і метадычных распрацовак.
— Аднак на дасягнутым мы не спыняемся. Належным чынам наладзіўшы працу, імкнёмся рабіць яе яшчэ лепш, — падкрэсліў Сяргей Мікалаевіч.
Сказанае кіраўніком сферы адукацыі раёна пацвердзілася падчас наведвання навучальных устаноў. У сярэдняй школе № 1 Круглага плённая работа вядзецца па ўсіх напрамках, але асаблівы ўпор тут робяць на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця ў вучняў і ўкараненне здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйны працэс. Вынікі гэтай дзейнасці дырэктар установы Аляксандр Бялянкін дэманстраваў каля ганаровага стэнда з фотаздымкамі вучняў, якія дасягнулі пэўных спартыўных вышынь. На працягу шэрага гадоў школа з’яўляецца бясспрэчным лідарам раённай круглагадовай спартакіяды сярод гарадскіх школ, пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе”, некаторыя вучні — чэмпіёны рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”. Таксама асаблівы гонар навучальнай установы — краязнаўчы музей, які тут аформілі ўласнымі сіламі.У дашкольных установах гарадскога пасёлка зладжана працуюць не толькі над усебаковым развіццём выхаванцаў, але і над стварэннем бяспечных, камфортных умоў іх знаходжання ў дзіцячых садках. З такой мэтай пастаянна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база гэтых устаноў. Так, у яслях-садзе № 7 у мінулым годзе замянілі мэблю ў групах, абсталяванне ў харчаблоку, большую частку аконных блокаў, заасфальтавалі дваровую тэрыторыю, абнавілі і папоўнілі надворнае абсталяванне, правялі ва ўсе памяшканні гарачую праточную ваду. У яслях-садзе № 1 зроблены капітальны рамонт харчаблока з поўнай заменай усяго тэхналагічнага абсталявання, абноўлены групавыя памяшканні, буфетныя і санвузлы, набыта інтэрактыўная дошка з праектарам, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. Гэтак жа метадычна ў абедзвюх дашкольных установах удасканальваюць адукацыйную дзейнасць. Педагагічныя калектывы знаходзяцца ў бесперапынным творчым пошуку, стараюцца прагназаваць адукацыйныя запатрабаванні грамадства, асвойваць новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі.
Асноўны ахоп дзяцей дадатковай адукацыяй у раёне ажыццяўляецца ЦДАДіМ “Вясёлка”. На сённяшні дзень у цэнтры функцыянуюць 62 аб’яднанні па інтарэсах розных кірункаў: творчыя, экалагічныя, краязнаўчыя, спартыўна-турыстычныя. Такая разнастайнасць відаў занятасці дазваляе цалкам задавальняць патрэбы і інтарэсы дзяцей. Зараз “Вясёлку” наведваюць звыш 800 навучэнцаў.Падчас мерапрыемства прысутным былі прадэманстраваны і перспектывы развіцця сельскіх навучальных устаноў. Напрыклад, Філатаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа сёння не проста ўстанова адукацыі, а сацыяльна-культурны цэнтр аграгарадка. Ва ўсякім выпадку, менавіта да гэтага імкнецца педагагічны калектыў: ператварыць школу ў духоўны цэнтр навакольнай сацыяльнай прасторы, захаваць і распаўсюдзіць культуру і гістарычныя традыцыі малой радзімы і пры гэтым даць навучэнцам паўнавартасную прадметную адукацыю, якая дазволіць ім максімальна рэалізаваць сябе ў жыцці.
Каб умовы навучання былі роўнымі гарадскім установам, на базе ВПК былі адкрыты філіялы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзіцячай школы мастацтваў, аб’яднанні па інтарэсах ад Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вясёлка”, а таксама створаны даследчае аб’яднанне “Эрудыт”, гісторыка-краязнаўчы музей, міні-музей прыроды, школьная газета. Такія крокі далі магчымасць ператварыць традыцыйна замкнёную структуру школы ў адкрытую, трывала звязаную з іншымі ўстановамі адукацыі.
Для забеспячэння якасці адукацыі педагогі Філатаўскага ВПК актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце розныя методыкі сучасных адукацыйных тэхналогій, дыферэнцыраваны падыход да навучання, удзяляюць асаблівую ўвагу прыцягненню навучэнцаў да працы, фармiраванню ў iх асноў здаровага ладу жыцця. Для паспяховай сацыялізацыі вучняў вучэбна-педагагічны комплекс вядзе цеснае супрацоўніцтва з кіраўніцтвам мясцовага сельвыканкама і сельскагаспадарчага прадпрыемства. Акрамя таго, ва ўстанове дзейнічае свая мадэль кіраўніцкай дзейнасці, якая грунтуецца на прыцягненні да рэалізацыі любога рашэння кожнага члена педагагічнага калектыву. Вынік ад такога падыходу адпаведны. На працягу апошніх 10 гадоў Філатаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа — лепшая сельская ўстанова адукацыі ў раёне. Навучэнцы вучэбна-педагагічнага комплексу паспяхова выступаюць у алімпіядным руху, творчых і спартыўных конкурсах. Асобныя з іх з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі абласнога конкурсу на лепшае працоўнае аб’яднанне школьнікаў, рэспубліканскага конкурсу школьнай прэсы ў рамках фестывалю “Свежы вецер”. 70% навучэнцаў паказваюць высокі і дастатковы ўзровень паспяховасці, ахоп дзяцей занятасцю тут стапрацэнтны, а на ўліку ў ІСН і СНС няма ні аднаго вучня.
На падвядзенні вынікаў не раз гаварылася пра тое, што ў прадэманстраванай круглянскімі педагогамі арганізацыі адукацыйнай дзейнасці сапраўды ёсць што ўзяць на заметку кожнаму кіраўніку аддзелаў, устаноў адукацыі з іншых раёнаў вобласці. Як падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, такія мерапрыемствы павінны стаць імпульсам для далейшай паўсюднай плённай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.