Дакрануцца да рамёстваў, якія працягваюць жыць у руках мясцовых майстроў, змаглі сёлета выхаванцы ўсіх прышкольных аздараўленчых дзіцячых летнікаў Століншчыны. Да іх далучылася і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Аўтэнтычнае Палессе
Палессе, бадай, самы самабытны край. Колькі ведаю майстроў, якія развіваюць дзедавы рамёствы, то ў большасці сваёй яны якраз з гэтых мясцін. Толькі тут сёння, у XXI стагоддзі, проста на вуліцы можна сустрэць жанчын у такіх самых строях, якія насілі мясцовыя жанчыны ў мінулым ці нават пазамінулым стагоддзі. Толькі тут, як і сто гадоў назад, робяць сваімі рукамі маскі для каляднага свята “Конікі”. Толькі тут мяне частавалі мёдам з 200-гадовай калоды і бабкай, запечанай у печы ў макотры (гэтыя гаршкі мясцовыя ганчары ў Гарадной робяць стагоддзямі).
Сапраўды, на Палессі, каб убачыць старажытныя рэчы, не абавязкова ісці ў музей. Канечне, і музеяў тут шмат, толькі рэчы, дастойныя іх паліц, людзі не спяшаюцца рабіць экспанатамі — яны спраўна служаць ім і сёння ў побыце. І ў многім гэтаму спрыяе беражлівае стаўленне да традыцый палешукоў. Рамёствы тут не знікаюць, а жывуць новым жыццём, пераходзячы са старэнькіх рук у маладыя. На гэта накіраваны літаральна ўсе ўстановы адукацыі Століншчыны. А летам — асабліва.
Як расказала Валянціна Грэчка, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама, у чэрвені ўсе прышкольныя лагеры вандравалі па родным краі і знаёміліся са славутымі майстрамі і іх рамёствамі.
— Музей драўлянай скульптуры ў Цераблічах, Цэнтр ганчарства ў Гарадной, музей ткацтва ў Альгомелі і іншыя аб’екты — гэта тое, чым мы ганарымся. Калі ты расказваеш школьнікам пра мясцовае, роднае, з маленства знаёмае, гэта знаходзіць моцны водгук у дзіцячай душы. Мы сваё, роднае, зберагаем, прымнажаем і стараемся падзяліцца ім з кожным дзіцем, — адзначыла Валянціна Аляксандраўна.
Драўлянае мастацтва
Ні адзін дзіцячы маршрут не праходзіць міма Івана Піліпавіча Супрунчыка і яго мастацтва ствараць скульптуры адной толькі сякерай. Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, ганаровы грамадзянін Столінскага раёна і ганаровы паляшук, уладальнік гран-пры міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і іншых прэстыжных фестываляў і конкурсаў — гэта толькі частка заслуг Івана Піліпавіча. Імя самабытнага майстра з яго ўнікальнай аўтарскай манерай разьбы сякерай па дрэве вядома ва ўсім свеце. У створаным ім Цэнтры драўлянай скульптуры пабывалі аматары культуры з дзясяткаў краін свету. Але самыя чаканыя для яго госці — маленькія палешукі.
І.П.Супрунчык сустракае гасцей
— Я тут кожны дзень, бо да мяне і ў будні, і ў выхадныя прыходзяць дзеці. І я вельмі гэтаму рады. Працую для таго, каб захаваць нашу спадчыну, расказваць пра жыццё і побыт нашых дзядоў, прадзедаў, каб памяць пра мінулае нашага краю перадаць кожнаму, хто тут жыве, — гаворыць Іван Піліпавіч.
Нашу гутарку прыпыняе дзіцячы гоман на ганку — гэта госці з прышкольнага лагера Аздамічаў. Зірнуўшы на іх праз акно і прыкінуўшы іх узрост, Іван Піліпавіч тут жа пераключаецца на маленькіх слухачоў, вітае іх і пачынае свой аповед пра мясцовыя легенды, паданні, якія ён і ілюструе ў сваіх скульптурах. Галоўныя з іх — высечаныя з дрэва родапачынальнікі Цераблічаў — сустракаюць гасцей з парога разам з іх творцам. Пасля легенды пра тое, як кожны з родаў атрымаў прозвішча, хлопчыкі і дзяўчынкі вызначаюць, да якога роду адносяцца іх сем’і.
— Гэта ўся наша радаслоўная, продкі нашага сяла. Некалі людзі жылі па родах, і пра іх паходжанне ёсць легенда. Згодна з ёй, пачалося ўсё ад Ліфана. Ён забіў цяля і падзяліў яго паміж усімі родамі. Гэтыя роды і сёння жывуць у нашых Цераблічах і захоўваюць тыя рысы, якія былі ў іх пачынальнікаў, — то лысыя, то працавітыя, то ўпартыя, то прыгожыя. Яны да мяне ў музей прыходзяць, і я заўважаю, што яны насамрэч падобныя на прашчураў, — гаворыць Іван Супрунчык, знаёмячы з калекцыяй скульптур, і, паціху перамяшчаючыся з гасцямі па будынку, расказвае аб прататыпах самых важных яго персанажаў.
Адзін дах з сотнямі скульптур дзеліць і музей народнага мастацтва. Тут сабраны старажытныя рэчы, якімі некалі карысталіся продкі сучасных палешукоў. Многія — яшчэ ў часы язычніцтва. Тут і дубовы човен, якому больш за тысячу гадоў (яго знайшлі сваякі майстра, калі лавілі рыбу), якар ад старажытнага карабля. Каб падзівіцца на гэтыя і дзясяткі іншых экспанатаў і пераканацца ў іх аўтэнтычнасці, сюды прыязджаюць вучоныя з-за мяжы.
Цікава дзецям і ў школьным кутку музея. Яго гаспадар, каб дзеці ўявілі сабе школьныя будні стагоддзі назад, дэманструе артэфакты:
— Гэтыя лічыльнікі — з нашай школы. Можна сказаць, гэта старажытны камп’ютар. А гэта страпкач, ці дзіцячы выхавальнік. Такі ў кожнай хаце вісеў на вушаку. І ў нас дома такі быў, з вузельчыкамі, каб мы баяліся свавольнічаць і каб бацькі не пусцілі яго ў ход. Замест рукзакоў некалі школьнікі насілі кнігі ў такіх торбах.
Настаўніца малодшых класаў Аздаміцкай сярэдняй школы Наталля Леўкавец адзначае:
— Такія сустрэчы, аповеды, рэчы, упэўнена, застануцца ў памяці нашых дзяцей надоўга. Як і сам Іван Піліпавіч, які так ярка расказвае пра сваё дзяцінства, пра жыццё тагачасных дзяцей, вяскоўцаў. Ды і іншыя жыхары раёна. Мы надоечы хадзілі з віншаваннямі да самага пажылога жыхара Аздамічаў у дзень яго 96-годдзя. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Іван Міхайлавіч Мікуліч і цяпер займаецца лозапляценнем. Ён жвавы, актыўны, сам шукае, дзе расце неабходны для карзін-шанек від вярбы, нарыхтоўвае лазу, абдзірае яе. Тое, як ён паказвае дзецям сам працэс пляцення, дазваляе ім не толькі даведацца пра гэтае рамяство, але і паспрабаваць яго асвоіць.
Былі мы з дзецьмі і ў Марыі Фёдараўны Ракавец, якая філігранна вышывае абрусы. Завіталі і ў наш Дом культуры, дзе адкрыўся музейны куток “Вытокі жыцця”. Шмат экспанатаў — кросны, прыстасаванні для ткацтва і іншае — прынесла супрацоўніца ўстановы Валянціна Сталінец. Яна расказала, што раней у нас на Палессі захоўваўся звычай “Ручнікі”. За тыдзень-паўтара да вяселля будучая нявестка мяняла ў хаце мужа ручнікі на ўласна вышытыя, а пад вокнамі той хаты збіралася моладзь паглядзець на яе майстравітасць. Цяпер гэты звычай не выконваецца, але ўсё ж ручнікі і на сучасным вяселлі — абавязковы элемент. На іх выносяць хлеб, імі павязваюць абразы. Для нас гонар пра гэта даведвацца ад тых, для каго гэта не забытыя традыцыі, а частка жыцця.
І тчэ, забыўшыся, рука
Усё пра ручнікі выхаванцы летнікаў сёлета даведваюцца ў музеі ткацтва Альгомельскай сярэдняй школы. Тут захоўваюцца цэлыя калекцыі ручнікоў нашых бабуль і ткуцца новыя.
— Самыя прыгожыя ручнікі былі для абразоў, для каравая. А гэта абрадавы ручнік, ці падвязнік. У нас яго называюць наметка. Ім абвязваюць сватоў на вяселлі. Ручнік-падножжа і сёння рассцілаецца перад маладымі падчас вянчання, — праводзіць экскурсію па музеі старшакласніца Карына Мішкова.
С.І.Пархомава і Карына Машкова
Экскурсію для дзяцей тут праводзяць і мясцовыя бабулі-ткачыхі, і педагогі, і навучэнкі. Яны праводзяць гасцей праз увесь ільняны шлях. Расказваюць і паказваюць, як рабілі снапы на полі, а потым абівалі трапажкай, гатовае льняное валакно адзявалі на грэбень, расчэсвалі грабёнкай, з дапамогай верацяна скручвалі з яго тонкую нітку, ператваралі ў пражу. А самае цікавае пачынаецца для гасцей ля кроснаў.
— Пры дапамозе падножжаў адна частка нітак апускаецца ўніз, а другая — паднімаецца ўверх. Атрымліваецца зеў. Праз яго прапускаем чоўн з уточнай ніткай і прыбіваем берда. Затым падножжы мяняюцца, ніткі пераплятаюцца, мы зноў прапускаем і прыбіваем, — умела тчэ Карына Мішкова для малодшых навучэнцаў сваёй жа школы.
Святлана Пархомава, настаўніца абслуговай працы гэтай школы, гаворыць:
— Якраз тут, у музеі, мы пачынаем свае першыя ўрокі абслуговай працы з пяцікласніцамі. Для гэтага я яго і стварала — каб наглядна ўсё паказаць. Мы з дзецьмі правялі цэлае даследаванне — хадзілі да мясцовых ткачых, даведваліся ад іх творчыя сакрэты. Кожны жадаючы і з нашай школы, і з іншых можа навучыцца ў нас ткаць. Перадаюць сваё майстэрства і мясцовыя бабулі, якія ў свой час былі вядомымі ткачыхамі. Сярод іх і Кацярына Іванаўна Цупа, былая настаўніца матэматыкі нашай школы. Яна з ахвотай дзеліцца з дзяўчатамі сваімі прафесійнымі сакрэтамі за кроснамі.
Наталля Андрэйкавец, кіраўнік лагера і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Альгомельскай сярэдняй школы, адзначае:
— Цэлыя тры тыдні змены летніка мы з дзецьмі падарожнічаем. І па Гомельскай вобласці, і па Пінскім раёне, і па Столінскім. Кожны дзень — новы маршрут. Ужо наведалі Рубеж і яго заставу, Тураў, пабывалі ў кінатэатры Століна, на выратавальнай станцыі, на мемарыялах ва ўрочышчах Стасіна і Хіноўск. 21 чэрвеня сустрэліся з малалетнім вязнем фашысцкіх канцлагераў, з воінамі-афганцамі. І кожны гэты дзень важны. Акрамя таго, значную частку нашай праграмы склалі сустрэчы з майстрамі і рамеснікамі. Гэта дапамагае нашым дзецям расці і выхоўвацца ў атмасферы мастацтва — нашага, мясцовага, самабытнага.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара