У Лужкаўскай сярэдняй школе навучэнцаў матывуюць на атрыманне запатрабаваных эканомікай раёна прафесій і працоўную дзейнасць на малой радзіме. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Падчас наведвання аграгарадка Лужкі Шаркаўшчынскага раёна здзіўляешся, якія прыгожыя тут мясціны і багатая гісторыка-культурная спадчына. Радуюць вока добраўпарадкаваныя дарогі, узорныя двары, школа, стадыён, мясцовы амфітэатр, спартыўна-аздараўленчы комплекс, дзіцячая школа мастацтваў, магазіны, пошта, амбулаторыя. Усяго на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета 29 дзеючых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Усё тут ёсць. Але галоўны скарб Лужкоў — гэта людзі.
— Мы жывём і працуем тут, бо любім свае Лужкі, любім цішыню. Тэмп вялікага горада — не наша стыхія. Да таго ж людзі ў нас вельмі добрыя, — расказвае дырэктар школы Наталля Вершаловіч. — Мы моцна прывязаны да сваіх каранёў і знайшлі сябе менавіта ў сельскіх рэаліях.
Выхаванне ў навучэнцаў любові да роднага краю, на думку Наталлі Віктараўны, цесна звязана з іх матывацыяй на атрыманне запатрабаваных эканомікай раёна прафесій і працоўнае жыццё на малой радзіме. У Лужкаўскай школе вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню цікавасці вучняў да сельскагаспадарчай вытворчасці. На тэрыторыі ўстановы ёсць садавінна-ягадны сад, дзве цяпліцы, у якіх вырошчваецца расада агародніны і кветак. Школьнікі атрымліваюць прафесію кветкавода. Яны беражліва ставяцца да роднай зямлі, ім цікава вучыцца ў аграрных класах. Школьнікі карыстаюцца магчымасцю атрымаць рэальнае ўяўленне аб будучай працоўнай дзейнасці.
Траекторыя аграрнага росту
Наталля Віктараўна ўпэўнена, што дзяцей трэба вучыць працаваць на зямлі, выхоўваць у іх жаданне вырошчваць штосьці сваімі рукамі. Гэта дае адчуванне каштоўнасці такой дзейнасці і сувязі з прыродай. Толькі ў такім выпадку вёска назаўсёды застанецца ў душы чалавека і, магчыма, стане месцам яго жыцця.
Навучэнка Эмілія Красавіна запісвае інтэрв’ю са старшынёй Лужкаўскага сельсавета Т.М.Краснадубскай. На сустрэчы прысутнічаюць Т.А.Эйтміновіч, Н.В.Вершаловіч, С.М.Грыдзюшка, загадчык Лужкаўскага сельскага дома культуры
Праз працоўную, краязнаўчую і даследчую дзейнасць школьнікі прыйшлі да заканамернага пытання: як звязаць у адно цэлае багатую гісторыка-культурную і прыродную спадчыну, сацыяльную інфраструктуру малой радзімы з магчымасцямі для замацавання тут моладзі? Эканоміка Шаркаўшчынскага раёна скіравана на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта стратэгічны напрамак. Як вядома, харчовая бяспека краіны ў руках аграрыяў. На тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета аграпрамысловы комплекс прадстаўляюць камунальнае ўнітарнае вытворчае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Гарадзец”, сем фермерскіх гаспадарак. Ажыццяўляюць сваю дзейнасць участак УКП ЖКГ Шаркаўшчынскага раёна, участак ДРБУ-131, Лужкаўскае лясніцтва. Наяўнасць маладых кадраў, якія прыйдуць на змену старэйшаму пакаленню, — галоўны паказчык жыццяздольнасці Лужкоў і развіцця патэнцыялу аграгарадка.
Месца для жыцця
Што неабходна зрабіць, каб моладзь выбірала Лужкі месцам для жыцця? Гэтае пытанне лягло ў аснову даследчай работы дзесяцікласніцы Лужкаўскай школы Эміліі Красавінай.
— Далучаючы школьнікаў да даследчай дзейнасці, абазначаем сацыяльную значнасць даследаванняў, іх практычную накіраванасць, — тлумачыць Таццяна Ананьеўна Эйтміновіч, настаўніца гісторыі, кіраўнік праекта. — Акцэнтуем увагу на тым, што знаходзіцца побач, пры гэтым тэма павінна быць актуальнай, а вынік даследавання — станоўча ўплываць на ход падзей. Тэму падказала само жыццё: “Аграгарадок Лужкі — месца для жыцця”.
На тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета зарэгістраваны 250 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 15% ад агульнай колькасці насельніцтва. Эмілія Красавіна высветліла па выніках выбарчай кампаніі 2024 года, што лужкаўская моладзь займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Дарэчы, два гады запар сем’і лужкаўцаў з’яўляюцца пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. На сустрэчах са старшынёй Лужкаўскага сельскага Савета, кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадаркі “Гарадзец”, устаноў культуры
і адукацыі дзяўчына даведалася пра развіццё аграгарадка, стварэнне камфортных умоў для пражывання, працаўладкавання, прафесійнага станаўлення і замацавання моладзі на першым працоўным месцы. Эмілія выявіла праблемы ў сферы адпачынку, забеспячэння сучасных запытаў маладых спецыялістаў і даведалася, як яны вырашаюцца. Школьніца адзначыла такі станоўчы момант: на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета працуюць усе неабходныя аб’екты інфраструктуры.
Маладыя людзі пры жаданні могуць задаволіць свае патрэбы ў розных сферах дзейнасці. Тут яны могуць рэалізаваць самыя неверагодныя праекты ў агратурызме, адкрыць сацыяльна-культурныя аб’екты на камерцыйнай аснове — для ўвасаблення такіх ідэй ёсць адпаведныя будынкі. Яскравы прыклад — вопыт Наталлі Іванаўны Міхалевіч па арганізацыі аграсядзібы. Яна пераехала з Мінска ў дом свайго дзеда і занялася прадпрымальніцкай дзейнасцю.
У фокусе ўвагі
— У Лужках працуюць 5 маладых спецыялістаў розных профіляў. З кожным з іх я паразмаўляла і зрабіла выснову, што ўсе яны задаволены лужкаўскімі краявідамі, стаўленнем да сябе з боку кіраўніцтва і калектываў, дзяржаўнай падтрымкай, жыллёвымі ўмовамі, інфраструктурай, — расказвае юная даследчыца.
Па яе словах, не кожны з іх плануе застацца ў Лужках пасля адпрацоўкі па размеркаванні. Свой выбар на карысць горада некаторыя тлумачаць адсутнасцю прывязкі да сельскага жыцця і спадзяваннем на тое, што іх кар’ера ў горадзе будзе больш паспяховай, хоць працаваць, магчыма, прыйдзецца не па спецыяльнасці. Два спецыялісты прынялі рашэнне застацца ў Лужках.
— Я пераканалася, што да працы ў вёсцы ў большай ступені прызвычаены менавіта мясцовыя жыхары, — адзначае Эмілія Красавіна. — Большасць з маіх суразмоўнікаў нарадзіліся, выраслі і працуюць на лужкаўскай зямлі і лічаць сваю мясцовасць прывабнай для жыцця. З якім захапленнем гэтыя людзі гавораць пра малую радзіму! Іх жыццёвы і працоўны вопыт паўплываў і на маё рашэнне вярнуцца пасля вучобы ў родную вёску і звязаць сваю будучыню з установай адукацыі, дзе я зараз вучуся. З упэўненасцю магу сказаць, што аграгарадок Лужкі — гэта маё месца.
Выбар павінен быць свядомым
Сапраўды, цікавая і карысная даследчая работа з актуальнай высновай: будучага працаўніка малой радзімы трэба вырасціць ва ўмовах мясцовага соцыуму.
— Выхоўваць іх трэба падчас навучання ў школе, асаблівую ўвагу ўдзяляючы тым, хто хоча і можа жыць і працаваць у родным сельскім асяроддзі, — упэўнена Таццяна Ананьеўна. — Праблема не новая, яна была заўсёды. І вырашаць яе можна праз індывідуальную прафарыентацыйную работу з дзецьмі, у якіх ёсць патэнцыял для замацавання на малой радзіме, і абавязкова з іх бацькамі.
У Лужкаўскай школе менавіта так і падыходзяць да прафарыентацыі. Гэта агульны клопат як педагогаў, так і прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады і гаспадарнікаў. Такое ўзаемадзеянне з акцэнтам на рэальнай патрэбнасці ў кадрах і індывідуальнай рабоце з кандыдатамі з ліку школьнікаў дае свой плён. Вядомы сваімі дасягненнямі лужкаўскі механізатар камбайнер-перадавік Андрэй Каснікоўскі — выпускнік школы. І гэта не адзіны прыклад. За апошнія 4 гады двое выпускнікоў свядома выбралі прафесію ўрача-ветэрынара, чацвёра скончылі Глыбоцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй і працуюць трактарыстамі ў сваёй вобласці і раёне. Два мінулагоднія выпускнікі набываюць прафесію тэхніка-механіка ў Відзаўскім дзяржаўным каледжы, адзін — трактарыста катэгорыі С у Полацкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Дзве навучэнкі плануюць атрымаць прафесію настаўніка. Няхай малая радзіма стане для іх надзейнай стартавай пляцоўкай у вялікае самастойнае жыццё!
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай