У магічнае падарожжа

- 15:41Апошнія запісы, Рознае, Сродкі навучання

Знаёмцеся — Кацярына Уладзіміраўна Лаўрэнава, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска. У 2007 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, потым — магістратуру пры МДЛУ, па размеркаванні вярнулася ў родны горад Асіповічы Магілёўскай вобласці і два гады выкладала англійскую мову ў гімназіі № 1. Ужо чацвёрты год Кацярына Уладзіміраўна працуе з навучэнцамі гімназіі № 24. У суаўтарстве з інжынерам-праграмістам гэтай навучальнай установы Паўлам Сяргеевічам Патапенкам настаўніца распрацавала вучэбную камп’ютарную праграму Magic Tour 8, якая на сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была адзначана дыпломам ІІ ступені. Пра перавагі гэтага праграмнага прадукту і асаблівасці яго выкарыстання ў адукацыйным працэсе наш карэспандэнт гутарыць з К.У.ЛАЎРЭНАВАЙ.

— Кацярына Уладзіміраўна, на вашу думку, наколькі эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках англійскай мовы пры камунікатыўным падыходзе, які сёння пакладзены ў аснову навучання замежнай мове?
— Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ў мяне была спецыялізацыя “Камп’ютарная лінгвістыка”, таму з камп’ютарам я добра знаёма і з першага года работы з дзецьмі выкарыстоўвала яго на ўроках. Калі на некаторых прадметах, магчыма, і дастаткова вучэбнага дапаможніка і настаўніка з яго фонавымі ведамі, то без камп’ютарных тэхналогій у навучанні замежнай мове, лічу, сёння немагчыма абысціся. Кожны ўрок замежнай мовы павінен быць накіраваны на практычны вынік, на дасягненне камунікатыўнай кампетэнтнасці, гэта значыць, пэўнага ўзроўню моўных, краіназнаўчых ведаў, камунікатыўных уменняў і маўленчых навыкаў, якія дазволяць ажыццяўляць іншамоўныя зносіны. Выкарыстанне на ўроках ІКТ дазваляе разнастаіць працэс навучання, прадставіць вучэбны матэрыял больш наглядным і даступным для ўспрымання навучэнцамі. Любая схема, ілюстрацыя, анімацыя, гуказапіс, якія выкарыстоўваюцца пры арганізацыі вучэбнага працэсу, становяцца не проста аздабленнем урока, а робяць яго больш змястоўным.

— Як узнікла ідэя стварыць вучэбную камп’ютарную праграму? З якой мэтай яна распрацоўвалася?
— У мінулым годзе я працавала ў 8 класах, у адным з якіх яшчэ была і класным кіраўніком. Мне хацелася разнастаіць заняткі і зрабіць для навучэнцаў дадатковы дыдактычны матэрыял. А, як гаворыцца, апетыт прыходзіць падчас яды. І назапашаны матэрыял разам з інжынерам-праграмістам гімназіі Паўлам Патапенкам мы аформілі ў закончаны прадукт. Асноўная яго мэта — замацаванне лексічнага і граматычнага праграмнага матэрыялу, развіццё ўменняў чытання, успрымання і разумення маўлення на слых па тэмах, прадугледжаных падручнікам і вучэбнай праграмай. Так з’явілася камп’ютарная вучэбная праграма. Тым больш, што сёння стаіць праблема забеспячэння прадмета якасным электронным суправаджэннем.
Наша праграма ўяўляе сабой электроннае суправаджэнне да ВМК па англійскай мове Magic Tour для восьмых класаў гімназій (аўтар Н.Юхнель) і ўключае фанетычныя і граматычныя даведнікі, лексічныя, граматычныя заданні і моўныя гульні, тэксты для ўспрымання і разумення маўлення на слых і чытання, якія пашыраюць і дапаўняюць матэрыялы падручніка і рабочага сшытка, садзейнічаюць фарміраванню навыкаў аўдзіравання, аблягчаюць запамінанне і адпрацоўку новай лексікі і граматыкі. Праграма прызначана як для індывідуальнай работы вучня на персанальным камп’ютары, так і для работы з інтэрактыўнай дошкай, відэапраектарам у класе з падключэннем калонак і камп’ютара, а таксама яна можа быць эфектыўна выкарыстана ў якасці дамашняга рэпетытара. Настаўнік можа прымяніць праграму як з падручнікам, так і без яго пры вывучэнні асобных тэм у розных класах у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў.

— Якія змястоўныя лініі і структурныя кампаненты змяшчае Magic Tour 8?
— Галоўнае меню праграмы ўключае 9 тэматычных раздзелаў (так званых юнітаў), 3 даведнікі (па гуках англійскай мовы, правілах чытання і няправільных дзеясловах — гэта значыць, тым моўным матэрыяле, які складае аснову ведаў любога чалавека, які вывучае замежную мову) і кнопку выхаду з праграмы. Даведнік па гуках уяўляе сабой інтэрактыўную табліцу, у якой па групах прадстаўлены галосныя, зычныя і дыфтонгі англійскай мовы. Пры навядзенні на значок транскрыпцыі ён павялічваецца, пры націсканні — агучваецца з прыкладам. У табліцы па правілах чытання прадстаўлены тыя літары і літараспалучэнні англійскай мовы, якія паддаюцца правілам, іх фанетычная транскрыпцыя і прыклады, агучаныя намі пры дапамозе сінтэзатараў маўлення і знаёмыя з дзяцінства практычна ўсім, хто вывучае мову. Апошні даведнік складаецца са 138 няправільных дзеясловаў (таксама агучаных) — даецца тры формы і пераклад.
Што тычыцца юнітаў, то структура кожнага з іх аднолькавая і ўключае ў сябе наступныя раздзелы: “Слоўнік”, “Граматыка”, “Успрыманне і разуменне маўлення на слых” і “Чытанне”. Для кожнага юніта падабраны свой фон і музычнае суправаджэнне, якое адпавядае тэме ў мэтах павышэння матывацыі навучэнцаў. Музычная тэма таксама абыграна ў так званым бонусе ў кожным уроку — уяўляе сабой караоке музычнай тэмы юніта. У слоўніку па кожным юніце прадстаўлены слоўнікавыя артыкулы па лексіцы па пэўнай тэме. Кожны слоўнікавы артыкул уключае ў сябе слова, яго агучку, транскрыпцыю, пераклад, прыклад ужывання.
Раздзел “Граматыка” складаюць розныя тыпы практыкаванняў з інструкцыяй: на выбар з двух варыянтаў адказу, на множны выбар, на запаўненне (як элементарнае запаўненне літары — так званы matching, так і на запаўненне словам, словазлучэннем). Як жа працуе зваротная сувязь? Кожнае практыкаванне ўключае кнопкі “Праверка”, “Пачаць спачатку” і “Выхад”. Пры націсканні кнопкі “Праверка” выдаецца вынік — колькасць правільных адказаў з агульнай колькасці заданняў. Націсканне кнопкі “ОК” дазваляе навучэнцу прагледзець свае памылкі, прааналізаваць іх і пры жаданні паўтарыць практыкаванні, націснуўшы кнопку Restart.
Раздзел “Успрыманне і разуменне маўлення на слых” уяўляе сабой аўдыёзапісы да ўрокаў юніта, прадстаўленыя ў выглядзе аўдыёплэера, з якім навучэнцы могуць працаваць у свабодным рэжыме, а таксама скрыпт, які старшакласнікі могуць прагледзець толькі праслухаўшы тэкст як мінімум два разы. А вось раздзел “Чытанне” змяшчае дадатковыя тэксты (не з падручніка!) па тэме з практыкаваннямі тыпу true/false, matching, gap-fill і крыжаванкамі.
Што тычыцца тэхнічных асаблівасцей, то для распрацоўкі інтэрфейсу праграмы выкарыстоўваўся Adobe Photoshop CS 5. Сам праграмны прадукт напісаны на мове праграмавання Delphi ў асяроддзі распрацоўкі Red Studio Delphi-2010.

— Кацярына Уладзіміраўна, ці апрабавалі вы вучэбную праграму ў класе?
— Так, своеасаблівая апрабацыя праграмы праходзіла ў 8-х класах нашай гімназіі і паказала вялікую зацікаўленасць навучэнцаў. І самае галоўнае — тое, што ёсць магчымасць праслухоўваць запісы некалькі разоў, неаднаразова выконваць заданні, якія зацікавілі альбо, наадварот, выклікалі цяжкасці, займацца дома ў свабодным рэжыме. Усё гэта надае вучням упэўненасць у тым, што ў іх усё атрымаецца.

— А ці плануеце распрацаваць штосьці яшчэ?
— У планах — заняцца распрацоўкай уласнага сайта. У першую чаргу ён патрэбен для падтрымання зваротнай сувязі з бацькамі, каб яны былі ў курсе школьных спраў сваіх дзяцей, а таксама для ўзаемадзеяння дзяцей у вучэбных мэтах. Гэтая ідэя пакуль лунае ў паветры, аднак мы падумваем ушчыльную падысці да яе рэалізацыі.

— Дзякуй за размову! Поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.