У майстры — з вучэбнай лабараторыі

- 12:55Навіны рэгіёнаў

Расія, Польшча, Германія, Украіна, Чэхія, Кітай, Арабскія Эміраты… Гэта спіс не з блакнота падарожніка. У згаданых краінах Злата Шпак пабывала падчас навучання ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы, спалучаючы пазнанне новых мясцін з пазнаннем прафесійным, удзельнічаючы ў міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, вучэбных курсах.

— Мы стараемся стварыць сваім навучэнцам найлепшыя ўмовы для таго, каб яны сталі прафесіяналамі, зацікаўленымі ў пастаянным самаўдасканаленні, творчым падыходзе да справы, адказнымі людзьмі,— расказвае дырэктар каледжа Леанід Бялей. — Нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у конкурсе WorldSkills і дэманструюць высокія вынікі, яны актыўныя ў грамадскім, спартыўным жыцці.

“Будучыня пачынаецца тут” — вось ужо на працягу дзесяці гадоў гэты прынцып ператварае ў жыццё калектыў, які пачынаў свой шлях з аб’яднання дзвюх навучальных устаноў — каледжа хімічнай прамысловасці і гандлёвага вучылішча № 225. Зараз у Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы рыхтуюць на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі кухараў, кандытараў, барменаў, афіцыянтаў, прадаўцоў, кантралёраў-касіраў, аператараў для хімічнай вытворчасці; на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — таваразнаўцаў, тэхнікаў-тэхнолагаў грамадскага харчавання і лясной гаспадаркі. Аб узроўні падрыхтоўкі і запатрабаванасці выпускнікоў сведчаць такія факты: конкурс на спецыяльнасць “Грамадскае харчаванне” ў мінулым годзе склаў амаль тры чалавекі на месца, а каб яго прайсці, сярэдні бал астэстата павінен быць не меншым за сем балаў; усе выпускнікі атрымліваюць першае працоўнае месца. Прычым размяркоўваюцца маладыя спецыялісты і па-за межамі Гродзенскай вобласці.

З 2010 года навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць і перамагаюць у прафесійных конкурсах. У рэспубліканскіх конкурсах — 1-е месца па прафесіі кухара ў 2010 годзе, у 2011 годзе — 3-е па прафесіі афіцыянта, у 2013 — 3-е па прафесіі кандытара. А праз год навучэнка Наталля Сулікоўская па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” паказала трэці вынік на конкурсе WorldSkills Belarus.

— Вопыт удзелу ў такіх прафесійных спаборніцтвах вельмі карысны як для навучэнцаў, так і для майстроў вытворчага навучання, педагогаў. Гэта вялікі імпульс у самаўдасканаленні, пошуку новага, магчымасць азнаёміцца з лепшым сусветным вопытам, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Брушко. — З 2014 года, калі Беларусь далучылася да руху WorldSkills, нашы навучэнцы прымаюць удзел і ў гэтым самым прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства.

Дзяўчына з “залатым” імем Злата Шпак прайшла некалькі ступеней такога прафесійнага ўдасканалення. У 2016 годзе яна заняла першае месца на ІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”. У гэтым жа годзе — 1-е месца ў конкурсе кандытарскага мастацтва ў рамках XXII Міжнароднай выставы для хлебапякарнага і кандытарскага рынку Modern Bakery Moscow у намінацыі “Лепшыя вырабы з шакаладу”. Была ўзнагароджана сярэбраным медалём на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў Эрфурце (Германія). 2017 год прынёс Злаце яшчэ некалькі ўзнагарод — 2-е месца ў Міжнародным чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” WorldSkills Russian — 2017 у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, стала ўладальнікам Medallion of Excellence на пляцоўцы Міжнароднага выставачнага цэнтра Suzhou International Expo Center (Сучжоу, Кітай) у кампетэнцыі WorldSkills International. Прыняла Злата ўдзел у складзе каманды Беларусі і ў галоўным прафесійным мерапрыемстве мінулага года — чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі. І толькі тры балы не хапіла дзяўчыне да прызавога месца.

Сярод дасягненняў навучэнцаў каледжа — залаты медаль Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва ў намінацыі “Работа з шакаладу” Ганны Брыцько, сярэбраны медаль Таццяны Расмысло ў намінацыі “Мастацкая нарэзка агародніны і фруктаў”, бронзавы медаль Валерыя Галянкова ў намінацыі “Цукровыя кветкі”.

— У нас працуе творчы калектыў, — працягвае Ірына Юр’еўна. — Поспехі дзяцей — гэта вынік работы настаўнікаў, якія, як магніт, прыцягваюць сваім захапленнем вучняў, а дзеці, як лакмусавая папера, — у іх знаходзіць увасабленне творчы пошук нашых спецыялістаў.

— Для дасягнення такіх вынікаў патрэбна матэрыяльная база, — гаворыць дырэктар каледжа Леанід Бялей. — І калі адпаведная вытворчая база для навучання ёсць на прадпрыемстве “Гродна Азот” і яго філіяле “Хімвалакно”, дзе адпрацоўваюць практычныя навыкі нашы навучэнцы, і такія вытворчыя ўмовы ні адна навучальная ўстанова не зможа стварыць у сябе, для спецыяльнасцей грамадскага харчавання мы за два апошнія гады стварылі добрую базу. Ёсць самае сучаснае абсталяванне, увесь інвентар для кандытарскіх і кулінарных шэдэўраў, якія нашы навучэнцы дэманструюць на конкурсах.

У каледжы пайшлі па шляху стварэння рэсурснага цэнтра, які пачне працаваць з новага навучальнага года. У спецыяльным блоку размесцяцца не толькі лабараторыі грамадскага харчавання і вучэбныя кабінеты. Тут будуць па-сучаснаму абсталяваны бібліятэка і лінгафонныя кабінеты. Вывучэнню замежнай мовы ўдзяляецца вялікая ўвага. Гродна ўжо сустрэў 50-тысячнага бязвізавага турыста, так што ў каледжы разумеюць, што веданне замежнай мовы сёння неабходна кожнаму навучэнцу.

У рэсурсным цэнтры будуць праходзіць майстар-класы для навучэнцаў з іншых прафесійных устаноў вобласці. Ён стане месцам павышэння кваліфікацыі работнікаў галіны грамадскага харчавання і гандлю. Выпушчаную тут прадукцыю можна будзе рэалізоўваць у горадзе.

— Толькі напоўніць маладога чалавека прафесійным зместам — гэта яшчэ не ўсё, — разважае Леанід Іосіфавіч. — Выхаванне — такая ж неад’емная частка работы. Кожны год нашы навучэнцы адзначаюцца абласной прэміяй імя А.Дубко за поспехі ў вучобе. Тэатр песні і танца “Новае пакаленне” не раз перамагаў у Рэспубліканскім конкурсе “Арт-вакацыі”, у рэспубліканскім праекце “Праф-бум”. Каманда спартсменаў заняла 2-е месца ў спартакіядзе Гродзенскай вобласці сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У мінулым годзе яны былі лепшымі па зімовым мнагаборстве на чэмпіянаце рэспублікі. Жаночая зборная па валейболе — чэмпіён вобласці.

А яшчэ ў каледжа ёсць свае традыцыі, якімі тут ганарацца. Так, 1 верасня ўвесь калектыў навучэнцаў, педагогаў, майстроў вытворчага навучання збіраецца ў лепшай зале горада — у драматычным тэатры. Пабывалі навучэнцы каледжа ў тэатры і ў святочныя зімовыя дні. Тут пад патранатам старшыні Гродзенскага аблвыканкама праходзіць галоўная абласная ёлка, куды запрашаюць выдатнікаў вучобы, пераможцаў розных конкурсаў і алімпіяд. А Злата Шпак прайшла на свята са сваім падарункам — шакаладным Дзедам Марозам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.