У нашых сэрцах і песнях

Калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі Віцебшчыны прысвяцілі юбілею Вялікай Перамогі творчую песенную эстафету. Ініцыятарам маштабнай педагагічнай акцыі выступіў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

Старт акцыі далі педагогі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

— Музыка дапамагала савецкаму народу выс­таяць і перамагчы ў страшны час мінулай вайны. Песні пра Радзіму, сустрэчы і расставанні, страты і надзеі матывавалі людзей на гераічны подзвіг. Па сённяшні дзень песні ваенных гадоў не страцілі сваёй актуальнасці: памяць пра вялікі подзвіг бацькоў, дзядоў і прадзедаў жыве ў нашых сэрцах, — патлумачыў ідэю акцыі дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў. — Напярэдадні 9 Мая нашы педагогі разам выйшлі на сцэну і праспявалі знакамітую песню “Дзень Перамогі”. Відэа з запісам выступлення мы размясцілі на сваім сайце і запрасілі калег далучацца: ствараць, размяшчаць на сайтах і дасылаць нам відэаролікі з вядомымі песнямі часоў Вялікай Айчыннай вайны або прысвечанымі тым падзеям.

Як расказала намеснік дырэктара палаца па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Янцэвіч, было прапанавана запісваць невялікія работы — адзін куплет і прыпеў — у выкананні педагогаў установы дадатковай адукацыі (пераважна) і яе навучэнцаў з суправаджэннем фанаграмы “Мінус”, інструментальным акампанементам або a cappella. Віталіся касцюміраванне, тэматычны фон, арыгінальнасць і творчы падыход. Да 30 красавіка ў музычным эстафетным чэленджы “Песні Вялікай Перамогі” прынялі ўдзел усе ўстановы дадатковай адукацыі паўночнага рэгіёна. Многія выкарысталі магчымасць павіншаваць ветэранаў, калег, землякоў з 75-годдзем Перамогі. З творчай справаздачай аб акцыі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце абласнога палаца дзяцей і моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.