У нефармальнай атмасферы школьнай суботы

- 10:17Актуально, Апошнія запісы

Шосты школьны дзень павінен арганізоўвацца без прымусу і праходзіць у атмасферы садружнасці бацькоў, дзяцей і настаўнікаў. Перанос факультатываў на суботу дапаможа разгрузіць вучняў, а наведванне школьнікамі прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі дазволіць ім не проста азнаёміцца з працоўнымі прафесіямі, але і “прымераць” іх на сябе падчас адпаведных майстар-класаў. Такое меркаванне выказаў падчас наведвання Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва міністр адукацыі Ігар Карпенка.

У 12-м ліцэі ў шосты школьны дзень ідзе актыўная работа: працуюць факультатывы, гурткі, спартыўныя секцыі. Адметнасцю навучальнай установы з’яўляецца тое, што тут кожную суботу праводзіцца прафарыентацыйная работа са школьнікамі. Дзецям расказваюць пра дзейнасць ліцэя, а пасля даюць магчы-масць паспрабаваць сябе ў вучэбных майстэрнях.

Прадстаўляючы навучальную ўстанову, яе дырэктар Сцяпан Шэлег заўважыў, што ліцэй цяпер цалкам укамплектаваны. “Мы выконваем пастаўленыя планы, але прафарыентацыйная работа не павінна спыняцца, бо, як гаворыцца, пад ляжачы камень вада не цячэ. Вельмі прыемна, што пасля заканчэння вучобы ў школе многія паступаюць менавіта да нас”, — адзначыў Сцяпан Васільевіч. Сапраўды, актыўная дзейнасць дае свой плён: калі тры гады назад план прыёму ў ліцэй складаў 180 чалавек, то на 2017/2018 навучальны год запланавалі ўжо 242.

У мінулую суботу ў ліцэі пабывалі навучэнцы старшых класаў з сярэдніх школ №№ 66 і 122 Мінска. Школьнікі з цікавасцю наведалі вучэбную майстэрню па сталярных і цяслярскіх работах, дзе з дапамогай выкладчыка ліцэя самі змайстравалі сабе драўляныя малаточкі. Работа праходзіла ў некалькі этапаў: спачатку трэба было папрацаваць на фрэзерным станку, затым на адразным. Канчатковы прадукт школьнікі маглі атрымаць на зборачным стале. Затым хлопцы і дзяўчаты паспрабавалі сябе ў майстэрнях па зварцы, тынковачных і абліцовачных работах, каменнай, малярнай, слясарнай.

Майстар-класы наведаў і міністр адукацыі, які цікавіўся ў старшакласнікаў, ці падабаецца ім такая школьная субота. Тыя задаволена ківалі галовамі, бо калі нават і не стануць будаўнікамі, то пасля наведвання ўстановы цагляную сцяну здолеюць скласці. Адпаведны майстар-клас у 12-м ліцэі будаўніцтва карыстаецца сярод школьнікаў вялікай папулярнасцю.

Затым Ігар Карпенка наведаў заняткі па ахове працы, а таксама пагутарыў з выкладчыцай ліцэя Тамарай Іосіфаўнай Дылеўскай, вядомым у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі аўтарам вучэбных дапаможнікаў. У прыватнасці, былі выдадзены такія дапаможнікі, як “Тынковачныя работы”, “Тэхналогія абліцовачных работ”.

Гаворачы пра арганізацыю шостага школьнага дня ў 12-м ліцэі, Ігар Васільевіч адзначыў, што такая прафарыентацыйная сувязь дапамагае школьніку падумаць, чым ён хацеў бы займацца, куды хацеў бы пайсці вучыцца. “Майстар-класы дазваляюць вучням паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі. Акрамя таго, першасныя элементарныя навыкі працоўнага навучання ў жыцці спатрэбяцца кожнаму”, — заўважыў міністр адукацыі.

Адказваючы на пытанні журналістаў, ён адзначыў, што галоўная задача школы — падрыхтаваць дзіця да выхаду ў самастойнае жыццё, каб школьнік у будучыні стаў добрым грамадзянінам, сем’янінам і прафесіяналам. “Натуральна, у пяць дзён вучэбнага тыдня немагчыма ўкласці ўсё цалкам. У дзіцяці ж павінен быць асабісты час і час для адпачынку, таму мы прапаноўваем разгрузіць навучэнцаў за кошт перамяшчэння факультатываў на шосты школьны дзень, — сказаў Ігар Карпенка, падкрэсліўшы, што ў гэтым пытанні неабходны рацыянальны падыход. — Калі правядзенне факультатыву, напрыклад, у чацвер задавальняе школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў, то няма чаго яго аўтаматычна пераносіць на суботу. Мы разглядаем шосты школьны дзень як больш рацыянальнае выкарыстанне часу. У суботу могуць праходзіць фізкультурна-аздараўленчыя, культурна-творчыя мерапрыемствы, сустрэчы бацькоў з настаўнікамі-прадметнікамі, бацькоўскія сходы. Тут павінна выразна працаваць садружнасць педагогаў, бацькоў і навучэнцаў. Праводзіць заняткі ў суботу варта, толькі калі гэта ўсіх задавальняе і дазваляе разгрузіць вучэбны тыдзень”.

Каменціруючы выступленне Прэзідэнта Беларусі на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, міністр адукацыі адзначыў, што пытанне арганізацыі навучання на беларускай мове ў вышэйшых навучальных установах будзе абмяркоўвацца. “Гэтая тэма, на мой погляд, вельмі актуальная. Думаю, што ў найбліжэйшы час мы правядзём круглы стол ці сустрэчу па гэтай праблеме, абмяркуем пазіцыі, якія дазволілі б нам больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў адукацыйным працэсе”, — сказаў Ігар Васільевіч.

Міністр адукацыі адзначыў, што гэтая тэма закраналася профільнымі камісіямі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў перад тым, як вынесці на грамадскае абмеркаванне праект кодэкса аб адукацыі. “Заканадаўства дазваляе сёння адкрываць як рускамоўныя, так і беларускамоўныя патокі ў вышэйшых навучальных установах. Тое ж самае тычыцца і сярэдняй школы, так што сёння такія магчымасці ёсць. Усё залежыць ад выбару, які робяць студэнты, навучэнцы і бацькі”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Пасля Мінскага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва міністр адукацыі наведаў сярэднюю школу № 66 Мінска. Дырэктар навучальнай установы Элада Рыгораўна Уласенка запрасіла Ігара Васільевіча ў школьны музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Затым міністр наведаў школьны Цэнтр духоўна-маральнага выхавання, дзе праходзілі заняткі ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву “Ліра”, а таксама выніковы школьны канцэрт “Сузор’е талентаў”, на якім прысутнічалі бацькі навучэнцаў.

Расказваючы пра арганізацыю шостага школьнага дня, Элада Рыгораўна адзначыла, што яны імкнуцца рабіць суботы тэматычнымі. Адказваючы на пытанне міністра наконт пераносу факультатываў на суботу, дырэктар заўважыла, што частка факультатыўных заняткаў праводзіцца і сярод тыдня, бо так зручна і дзецям, і настаўнікам, і бацькам.

У кабінеце псіхолага праводзіліся прафарыентацыйныя заняткі з дзевяцікласнікамі. Тут адбылася імправізаваная размова Ігара Васільевіча са школьнікамі. Міністр пацікавіўся меркаваннем дзяцей наконт наведвання школы ў суботу. Дзевяцікласнікі адказалі, што ў школе па суботах бываюць часта. Акрамя таго, у гэты дзень у іх праходзяць і пазашкольныя мерапрыемствы, напрыклад, культурныя паходы ў кіно, музеі ці прафарыентацыйныя экскурсіі ў вышэйшыя або прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы.

Звяртаючыся да школьнікаў, Ігар Васільевіч адзначыў, што ў любой прафесійнай дзейнасці вельмі важнымі з’яўляюцца маральныя якасці чалавека і ўменне наладжваць стасункі. А функцыя школьных субот таксама і ў тым, каб дапамагаць асобаснаму росту. Нефармальная атмасфера школьнай суботы спрыяе развіццю сяброўскіх і чалавечых узаемаадносін.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.