Новы год — свята сямейнае. На жаль, не кожнае дзіця мае магчымасць правесці яго з роднымі і блізкімі. Аднак хочацца, каб, нягледзячы на гэта, сямейную атмасферу і сардэчнае цяпло адчуў кожны без выключэння. Менавіта з такімі думкамі і намерамі ехалі госці ў Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу. Напярэдадні навагодняга свята ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ўстанову наведалі міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Мікалаевіч Галубоўскі, студэнты педагагічнага ўніверсітэта.
Сёння ў Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу выхоўваюцца 78 юнакоў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе яны знаходзяцца тут па рашэнні суда і не могуць пакідаць установу па сваім жаданні. Магчымасці паехаць на Новы год дадому няма, таму яны асабліва рады візіту гасцей, якія дораць добры настрой і душэўную цеплыню. Ігар Васільевіч Карпенка павіншаваў выхаванцаў і калектыў установы са святамі і адзначыў, што арганізатарам мерапрыемства хацелася, каб юнакі адчулі дух свята і сямейную атмасферу. Міністр падкрэсліў, што лёс дзяцей дзяржаве неабыякавы, і выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб у самастойнае жыццё хлопцы ішлі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. У падарунак ад Міністэрства адукацыі ўстанове быў уручаны тэлевізар, таксама юнакі атрымалі шматлікія салодкія падарункі ад гасцей. Акрамя таго, рэктар БДПУ А.І.Жук уручыў дзецям сувенірныя наборы шахмат, што дазволіла арганізаваць невялікі шахматны турнір, у якім выхаванцы вучылішча змагаліся з міністрам адукацыі і рэктарам педуніверсітэта.
Святочную праграму падарылі выхаванцам і супрацоўнікам Крывіцкага СЛВПТВ творчыя калектывы БДПУ: танцавальны праект “Арт-юніці”, вакальная група “Модус”, спартыўная каманда “Лайфстайл”, гурт “Бай-сіці” і, вядома, добры чараўнік Дзед Мароз. Выхаванцы ўстановы таксама падрыхтавалі для гасцей шэраг творчых нумароў.
Гэтым днём у Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства, створаны пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Клас абсталяваны камп’ютарамі, мультыбордам, інтэрактыўнай картай прафесій, а таксама шматлікімі метадычнымі матэрыяламі для правядзення прафарыентацыйнай работы з выхаванцамі, а таксама для самастойнага азнаямлення з рознымі прафесіямі.
Увагу і падтрымку Крывіцкае СЛВПТВ адчувае не толькі ў святочныя дні. У пачатку 2017 года калектыў БДПУ быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Атрыманыя грашовыя сродкі прэміі былі перададзены Крывіцкаму СЛВПТВ. Дзякуючы гэтаму было набыта абсталяванне і матэрыялы для арганізацыі ў вучылішчы навучання па спецыяльнасці “Абліцоўшчык-плітачнік”. З першага верасня мінулага года хлопцы прыступілі да заняткаў. Студэнтаў і кіраўніцтва педуніверсітэта тут вітаюць як сапраўдных сяброў.
Не першы раз наведвае ўстанову і міністр адукацыі. Ігар Васільевіч Карпенка падкрэсліў, што такім установам адукацыі надаецца асаблівая ўвага, яны знаходзяцца пад пільным кантролем Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў улады. Паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, завяршаецца капітальны рамонт і мадэрнізацыя. У хуткім часе будзе ўведзена ў эксплуатацыю частка збудавання, дзе размесціцца медыцынскі блок. Узмацняюцца і сацыяльна-псіхалагічныя службы, якія працуюць ва ўстановах такога тыпу. Створана рэспубліканская сацыяльна-псіхалагічная служба экстраннай дапамогі, у склад якой увайшлі дасведчаныя спецыялісты-псіхолагі. Пры неабходнасці яны будуць выязджаць ва ўстановы падобнага тыпу для кансультавання падлеткаў і педагогаў, дыягностыкі і карэкцыйнай работы.
На мерапрыемстве ў Крывічах міністр адукацыі падвёў вынікі мінулага года. Ігар Васільевіч адзначыў, што год для сістэмы адукацыі краіны быў знакавы і паспяховы: прыняты шэраг рэшэнняў, якія дазволяць у далейшым развіваць гэтую сферу, рухацца наперад эвалюцыйным шляхам. За год адбылося шмат важных падзей, самая галоўная з іх — Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе былі прыняты канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі, згодна з якімі карэкціруецца Кодэкс аб адукацыі. Упершыню праект новай рэдакцыі кодэкса быў вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне.
У адпаведнасці з прынятымі канцэптуальнымі падыходамі былі перапрацаваны вучэбныя планы і праграмы. Працягваецца работа па абнаўленні лінейкі падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — да 1 верасня 2019 года гэтая работа будзе завершана.
Летась былі зроблены пэўныя захады для таго, каб у наступным годзе актывізаваць работу па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы адукацыі. Міністр выказаў упэўненасць, што бюджэт галіны павінен не проста падтрымліваць яе жыццядзейнасць, гэта павінен быць бюджэт развіцця. Для гэтага запланавана рэалізацаваць некалькіх значных праграм. Напрыклад, сумесная з “Гарызонтам” праграма па абсталяванні школ мультыбордамі вытворчасці гэтага прадпрыемства. Працягнецца і работа над праектам “Электронная школа”. Важна, што праект не абмяжоўваецца толькі выкарыстаннем электроннага журнала і дзённіка, гэта комплекс, які спрашчае працэс аналізу ходу вучэбнага працэсу.
Перад Беларуссю стаіць задача стаць ІТ-краінай, і гэта накладвае пэўную адказнасць на сістэму адукацыі, якая павінна дапамагаць рэалізацыі гэтай задачы. Невыпадкова летась быў праведзены маштабны адукацыйны ІТ-форум, удзел у якім узялі розныя ІТ-кампаніі, гатовыя ўзаемадзейнічаць з сістэмай адукацыі для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для ІТ-сферы.
Па словах міністра, упершыню ў мінулым годзе сур’ёзна была акцэнтавана ўвага на сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Установы адукацыі наведалі прэзідэнт і прэм’ер-міністр краіны. Былі пастаўлены канкрэтныя задачы па далейшым развіцці галіны, у тым ліку і падтрымка руху WorldSkills. Конкурсы прафесійнага майстэрства і падрыхтоўка да іх сталі важнай кропкай узаемадзеяння сістэмы адукацыі і прадпрыемстваў, якія сталі больш актыўна супрацоўнічаць з установамі адукацыі. Шмат аб чым сведчыць той факт, што аргкамітэт па правядзенні спаборніцтваў WorldSkills у нашай краіне ўзначалілі разам міністр адукацыі і міністр прамысловасці. З новага года пачнецца рэалізацыя праграмы абсталявання рэсурсных цэнтраў устаноў прафтэхадукацыі, ужо ўнесена адпаведная карэкціроўка ў дзяржпраграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка”.
Важныя крокі былі зроблены і для развіцця студэнцкага спорту, папулярызацыі спорту сярод навучэцкай моладзі. Адбыўся агульны сход Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, яе ўзначаліў новы малады і актыўны лідар Аляксандр Багдановіч. Распрацавана і зацверджана праграма развіцця студэнцкага спорту, вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з федэрацыямі розных відаў спорту, робіцца ўсё для таго, каб развіваўся масавы спорт і каб падтрымліваць таленавітых студэнтаў, якія могуць паказваць высокія дасягненні.
Важнай падзеяй мінулага года, якая мела гучны грамадска-палітычны рэзананс, стала аздараўленне дзяцей з Сірыі ў Беларусі. Летам дзеці з краіны, параненай вайной, адпачывалі ў Беларусі. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы была распрацавана доўгатэрміновая праграма па аздараўленні сірыйскіх дзяцей. І ўжо 15 студзеня НДЦ “Зубраня” прыме чарговую групу маленькіх сірыйцаў.
Сярод важных кірункаў, над якімі давядзецца папрацаваць асабліва плённа, — экспарт адукацыйных паслуг. Для гэтага была распрацавана канцэпцыя, якая будзе ўзгоднена з Міністэрствам замежных спраў. Канцэпцыя прадугледжвае прасоўванне брэнда “Адукацыя ў Беларусі”; стварэнне адзінай сістэмы прамога ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі, каб пазбегнуць нядобранадзейных пасрэднікаў; фарміраванне новага пакета адукацыйных паслуг; пашырэнне пераліку спецыяльнасцей, што выкладаюцца на англійскай мове.
Сёння апрабуецца і новы від экспарту адукацыйных паслуг: зараз ідзе работа над праектам стварэння пад ключ рэсурснага цэнтра ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў штаце Пенджаб (Індыя). Ідэя яго ў тым, каб стварыць і абсталяваць рэсурсны цэнтр, падрыхтаваць спецыяльныя прафесійныя кадры, якія на базе рэсурснага цэнтра будуць весці адпаведную падрыхтоўку пры навукова-педагагічным і метадычным суправаджэнні беларускіх спецыялістаў.
Створана стратэгія пашырэння вывучэння кітайскай мовы ў нашай краіне. Кітай — надзейны стратэгічны партнёр Беларусі, ужо сёння рэалізуюцца значныя сумесныя праекты дзвюх краін. Вывучэнне кітайскай мовы адкрые новыя перспектывы ў эканамічным узаемадзеянні Беларусі і Кітая.
У новы год сістэма адукацыі накіроўваецца з новымі планамі і новымі надзеямі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.