У новым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі Брэста прыйшлі 235 маладых спецыялістаў. Давайце пазнаёмімся з некаторымі з іх.
Выпускніца БрДУ імя А.С.Пушкіна Вольга Аляксандраўна Назарэвіч выбрала прафесію выхавальніка дашкольнай адукацыі, паколькі марыць змяніць свет да лепшага разам з разумнымі і крэатыўнымі чамучкамі.
З першых дзён работы ў дзіцячым садзе № 14 педагог паказала сябе чуллівым, цярплівым, адказным, добрасумленным і камунікабельным спецыялістам, якога не палохаюць цяжкасці.
— Поспех дасягаецца шляхам нялёгкіх выпрабаванняў, перашкод і нават падзенняў, што падкрэслівае каштоўнасць ведаў, вопыту і асобасных якасцей, — лічыць Вольга Аляксандраўна.
Выхавальніца захапляецца мастацтвам ва ўсіх яго праявах, бо лічыць, што педагог павінен быць культурна дасведчанай і духоўна багатай асобай, цікавай для дзяцей.
Настаўніца англійскай мовы Марына Андрэеўна Пархач пасля заканчэння БрДУ імя А.С.Пушкіна вярнулася ў родную сярэднюю школу № 5.
Педагагічны калектыў сустрэў сваю выпускніцу і маладую калегу з радасцю. Нездарма кажуць, што родныя сцены дапамагаюць ва ўсім.
У жыцці і прафесійнай дзейнасці Марына Андрэеўна кіруецца прынцыпам: “Ніколі не спыняцца на дасягнутым, вучыць і вучыцца адначасова”.
— Поспех маладога настаўніка залежыць ад умення выбудоўваць даверлівыя адносіны з вучнямі, — лічыць педагог. — Важна быць гібкім і мабільным у пошуку новых шляхоў у навучанні дзяцей. У настаўніцкай прафесіі няма двух аднолькавых дзён. Кожны дзень прыносіць новыя выклікі і адкрывае новыя магчымасці для прафесійнага і асобаснага росту.
Выпускніца філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Ірына Віктараўна Нічыпорчык марыла стаць педагогам з дзяцінства.
Чаканні ад работы ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры цалкам апраўдаліся. Дружны калектыў гімназіі № 4 не адмаўляе ў дапамозе маладому спецыялісту. Вучні і іх бацькі таксама падтрымліваюць ва ўсім, ацаніўшы сумленнасць, шчырасць, дабрыню і іншыя асобасныя якасці педагога.
Прафесійнае крэда Ірыны Віктараўны: быць справядлівым настаўнікам з цвёрдым унутраным стрыжнем і здаровымі амбіцыямі. Маладая настаўніца адкрыта ўсяму новаму і ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Выпускніца БрДУ імя А.С.Пушкіна Вольга Мікалаеўна Лях выбрала прафесію педагога-псіхолага, бо шчыра хацела дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы.
— Радуе, калі дзякуючы мне хтосьці знаходзіць выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі, выходзіць з душэўнага крызісу, дасягае пастаўленых мэт, наладжвае канструктыўныя зносіны з членамі сям’і, — гаворыць Вольга Лях, якая працуе ў сярэдняй школе № 6.
Малады спецыяліст упэўнена, што немагчыма быць добрым педагогам без такіх якасцей, як эмацыянальнасць, камунікабельнасць, аптымізм, ініцыятыўнасць, назіральнасць, працавітасць і эмпатыя. А яшчэ вельмі важна развіваць свае прафесійныя ўменні і навыкі.
Пераадольваць цяжкасці Вользе Мікалаеўне дапамагае любоў да дзяцей і прафесіі, а цікаўнасць і жаданне стаць добрым спецыялістам матывуюць да самаўдасканалення.
Настаўніца пачатковых класаў Маргарыта Аляксандраўна Паддубнава з гімназіі № 4 скончыла БрДУ імя А.С.Пушкіна з чырвоным дыпломам.
А інакш і быць не магло, бо дзяўчына выбірала будучую прафесію, як кажуць, па поклічы сэрца.
Калегам падабаюцца такія асобасныя якасці маладога спецыяліста, як імкненне да лідарства, мэтанакіраванасць, любоў да дзяцей і дабрыня, без якіх у школе няма чаго рабіць.
Маргарыта Аляксандраўна да ўсяго падыходзіць з аптымізмам і заклікае іншых ніколі не здавацца і не апускаць рукі, непахісна верыць ва ўласныя сілы.
Малады педагог упэўнена, што поспех у рабоце магчымы пры адказным выкананні сваіх абавязкаў, нястомнай самаадукацыі і пастаяннай практыцы. Можна не сумнявацца: з такім падыходам у Маргарыты Аляксандраўны ўсё атрымаецца і яна стане прафесіяналам.
Выпускнік Політэхнічнага каледжа БрДТУ Максім Валер’евіч Ігнацюк з задавальненнем застаўся працаваць у альма-матар пасля яе заканчэння.
На машынабудаўнічым аддзяленні каледжа юнак атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка і працуе сёння тэхнікам-праграмістам.
“Добры, уважлівы да людзей, заўсёды адгукаецца на просьбы аб дапамозе”, — так характарызуюць педагогі свайго калегу.
Нягледзячы на 20-гадовы ўзрост, Максіма Валер’евіча ўжо можна назваць прафесіяналам сваёй справы. Ён з дзяцінства захапляецца тэхнікай, выдатна разбіраецца ў камп’ютарах і ва ўсім, што з імі звязана.
— Поспех у рабоце спадарожнічае тым, хто аддае ёй усе сілы, а згуртаваны калектыў аднадумцаў толькі дапамагае ў гэтым, — лічыць Максім Ігнацюк.
Вераніка Аляксандраўна Галах пачала працаваць у школе яшчэ чацвёртакурсніцай фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Малады педагог не марыла з дзяцінства быць настаўніцай, але пра выбар прафесіі зусім не шкадуе, бо зрабіла яго ўсвядомлена.
— Хацела застацца ў навуцы, але зразумела, што мне цікава не толькі пісаць артыкулы, але і вучыць дзяцей, якія даюць творчыя сілы і натхняюць працаваць яшчэ лепш, — прызнаецца настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 25. — Калі бачыш аддачу, агонь у вачах, гэта моцна матывуе.
Вераніка Аляксандраўна лічыць, што настаўнік можа вучыць іншых да таго часу, пакуль вучыцца сам, таму падыходзіць да любімай справы адказна і прынцыпова, імкнецца да самаразвіцця і ўдасканалення. Педагог кіруецца прынцыпам “чым складаней, тым цікавей”. Новыя выклікі падштурхоўваюць да творчага пошуку і паспяховага вырашэння пастаўленых задач.
Па натуры настаўніца сапраўдны эстэт, бо любіць нават самым сумным рэчам надаваць вытанчанасць. Маляванне і фатаграфаванне дапамагаюць ёй супакоіцца і настроіцца на творчы лад.
Выхавальніца Вікторыя Анатольеўна Каспяровіч з дзіцячага сада № 42 для дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі педагог, але і надзейны сябар.
У прафесію дзяўчына прыйшла яшчэ студэнткай БрДУ імя А.С.Пушкіна: “Са школьных гадоў цікавілася педагогікай, з вялікай павагай ставілася да настаўнікаў і выхавальнікаў і ніяк не магла зразумець, як яны ўсё паспяваюць. А цяпер ужо разумею: самае важнае — любіць сваю справу і дзяцей”.
У рабоце Вікторыі Анатольеўне больш за ўсё падабаецца тое, што яна зусім не адчувае, як бяжыць час. Выхаванцы зараджаюць педагога аптымізмам і жыццярадаснасцю.
З кожным днём выхавальніца імкнецца працаваць усё лепш і лепш. Нават у вольны час яна ўдасканальвае свае навыкі і веды.
“Разумець і адчуваць дзіцячы свет, умець падабраць ключык да сэрца кожнага выхаванца і ніколі не здавацца” — прафесійнае крэда Вікторыі Каспяровіч.
Настаўніца англійскай мовы Святлана Паўлаўна Лакуц з пачатковай школы № 6 лічыць, што шэрасць спараджае шэрасць, а агонь спараджае агонь. Зыходзячы з гэтага, малады педагог і будуе сваю работу.
— Вельмі важна быць не столькі высакакласным спецыялістам у сваёй сферы, а найперш асобай, на якую выхаванцам хочацца раўняцца ва ўсім, — гаворыць Святлана Паўлаўна.
Спраўляцца з прафесійнымі задачамі ёй дапамагае не толькі грунтоўная ўніверсітэцкая падрыхтоўка, але і вопытны педкалектыў, дзе малады спецыяліст адчувае сябе як дома.
У працэсе работы Святлана Лакуц плануе атрымаць цікавы вопыт і станоўчыя эмоцыі, развіць важныя асобасныя і прафесійныя якасці.
Кіраўнік фізвыхавання Паліна Анатольеўна Свентухоўская з дзіцячага сада № 46 выбрала педагогіку, бо любіць не толькі фізічную актыўнасць, але і зносіны з дапытлівымі чамучкамі.
Са сваімі выхаванцамі яна з радасцю адпраўляецца ў цікавае і захапляльнае падарожжа па краіне ведаў.
Дзяўчына лічыць, што настаўніку трэба заўсёды быць самім сабой, не баяцца мяняцца, настойліва працаваць над уласнымі недахопамі, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новага, запальваць сваімі ідэямі дзяцей, давяраць ім і падтрымліваць іх ініцыятывы.
Паліна Анатольеўна хоча прымяняць атрыманыя ва ўніверсітэце веды на практыцы і паглядзець, на што здольна. Маладому педагогу падабаецца атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад зносін з калегамі, дзецьмі і іх бацькамі, а таксама ад вынікаў вучэбнай дзейнасці хлопчыкаў і дзяўчынак.
Кіраўнік фізічнага выхавання ўласным прыкладам даказвае, што фізкультура можа прыносіць не толькі здароўе, але і радасць.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ