У нястомным развіцці

- 10:46Навіны рэгіёнаў

— У 2014 годзе да нашага педагагічнага калектыву далучылася выпускніца Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Таццяна Аляксандраўна Новік, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Ляхавіч І.У.Гусак. — Нягледзячы на невялікі стаж работы, маладая выхавальніца ўжо зарэкамендавала сябе добрым спецыялістам, які пастаянна самаўдасканальваецца, вучыцца і развіваецца ў прафесійным плане. Таццяна Аляксандраўна шмат ведае і ўмее. Кожны яе выхаванец з радасцю ідзе ў яслі-сад, дзе робіць новыя адкрыцці пра навакольны свет і дзе весела і цікава праводзіць час з равеснікамі.

Таццяна Новік даволі хутка адаптавалася ў калектыве вопытных педагогаў. Добразычлівая і шчырая, яна ўдзяляе ўвагу кожнаму дзіцяці. Для выхаванцаў першай малодшай групы педагог стала амаль другой мамай. З першых дзён работы Таццяна Аляксандраўна заваявала любоў не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, калег.

— Куратарам маладога спецыяліста была выхавальніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аксана Яўгенаўна Бондар, якая аказвала прафесійную падтрымку і дапамагала вывучаць эфектыўны педагагічны вопыт, — расказвае І.У.Гусак. — Таццяна Аляксандраўна атрымлівала індывідуальныя кансультацыі па розных пытаннях, наведвала заняткі вопытных калег. Неўзабаве малады педагог стала актыўнай удзельніцай метадычных мерапрыемстваў не толькі ў дашкольнай установе, але і ў раёне.

Першы год работы завяршыўся для Т.А.Новік паспяховым правядзеннем адкрытых заняткаў для калег, удзелам у раённым конкурсе “Педагагічны дэбют” і атрыманнем сертыфіката карыстальніка інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. На мінулагоднім раённым конкурсе на лепшую распрацоўку мерапрыемства па ўзаемадзеянні з сям’ёй з выкарыстаннем ІКТ Таццяна Аляксандраўна прэзентавала сцэнарый правядзення сямейнай гасцёўні “Мы — за здаровы лад жыцця”, які атрымаў дыплом І ступені. На раённай канферэнцыі маладых педагогаў “Вучыцца самому, каб вучыць іншых” Т.А.Новік расказала пра дасягнутыя вынікі работы па тэме самаадукацыі “Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў дзяцей дашкольнага ўзросту ў гульнявой дзейнасці”.

Сёлета Таццяна Аляксандраўна запрасіла ўдзельнікаў раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў на адкрыты паказ сюжэтна-ролевай гульні ў сярэдняй групе “Паездка ў тэатр”, дзе яны азнаёміліся з выкарыстаннем розных праблемных сітуацый для стварэння і падтрымання цікавасці дзяцей да гульні, метадаў і прыёмаў кіравання дзіцячай гульнёй у адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі, а таксама прыёмаў, накіраваных на развіццё ролевага маўлення выхаванцаў.

— Педагог заўсёды дасканала плануе і выбірае аптымальныя формы арганізацыі дзейнасці дзяцей, дасягае станоўчых вынікаў на аснове самааналізу, — адзначае І.У.Гусак. — Таццяна Аляксандраўна ўлічвае ў рабоце інтарэсы кожнага выхаванца, кіруючыся прынцыпамі асобасна арыентаванай педагогікі. Выхавальніца стварыла ў групе аптымальнае прадметна-развіццёвае асяроддзе, да папаўнення і абнаўлення якога падыходзіць надзвычай творча. Маладога педагога вельмі любяць дзеці. Да яе рэкамендацый прыслухоўваюцца іх бацькі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці групы.

Сёння Т.А.Новік завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка, бо лічыць, што пастаяннае павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці — неабходная ўмова паспяховай педагагічнай дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.