Пяцёра студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога прынялі ўдзел у трох кампетэнцыях II Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2016. Сярод іх — і каманда машынабудаўнічага факультэта пад кіраўніцтвам намесніка дэкана машынабудаўнічага факультэта Уладзіміра Быстранкова.
Студэнты 2 курса факультэта Яўген Лікш і Эдуард Танчынскі спрабавалі свае сілы ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”. Папярэдне яны старанна рыхтаваліся, займаючыся на тым жа абсталяванні, якое было выкарыстана на конкурсе, — мабільнай робататэхнічнай платформе для даследаванняў і навучання Robotino. Сёння разам з прамысловымі робатамі усё больш значэння надаецца робатам мабільным і бытавым. Сістэма Robotino якраз адпавядае гэтаму напрамку тэхнічнага і эканамічнага развіцця і служыць асновай для правядзення даследаванняў і навучання ў гэтай галіне. ГДТУ імя П.В.Сухога пашчасціла набыць новую сістэму ў рамках дзяржаўнай праграмы развіцця вышэйшай адукацыі. Цяпер якраз надышоў момант паказаць яе дзейснасць.
— Машынабудаўнічы факультэт нашага ўніверсітэта ўжо не першы год пераарыентуе свае адукацыйныя праграмы пад задачы сучаснага машынабудавання з выкарыстаннем мехатронных сістэм, робататэхнічных комплексаў, абсталявання з праграмным кіраваннем, — гаворыць кіраўнік каманды-ўдзельніцы і эксперт Уладзімір Быстранкоў. — Для гэтага было закуплена рознае абсталяванне, заснаванае на сучасных кантролерных сістэмах кіравання, у тым ліку і сучасная мабільная робататэхнічная платформа.
Мабільная робататэхніка дазваляе студэнтам вывучыць і асвоіць цэлы комплекс навыкаў. Гэта і работа з разнастайнымі датчыкамі, і праграмаванне мабільных і бытавых робатызаваных прылад, і распрацоўка сістэм кіравання абсталяваннем.
— Што асабліва важна, мы даём нашым студэнтам навыкі, актуальныя не толькі для нашага рэгіёна, але і для любой краіны свету з сучаснай вытворчасцю, — сцвярджае дэкан машынабудаўнічага факультэта Рыгор Пятрышын. — Таму вельмі важны ўдзел у такім значным спаборніцтве, гэта прыдасць нашай рабоце новыя рысы і свежае гучанне.
Даволі ўпэўнена адчувалі сябе і юнакі. Яўген і Эдуард — паспяховыя і старанныя студэнты, і хаця абодва вучацца яшчэ толькі на 2 курсе, яны ўжо зарэкамендавалі сябе як таленавітыя і мэтанакіраваныя. У далейшым яны плануюць удасканальваць свае веды, набываць новы вопыт, у тым ліку і міжнародны.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.