У педагагічным калектыве Чачэрскага раёна папаўненне: на свае першыя працоўныя месцы прыбылі 11 маладых спецыялістаў

- 12:06Новости

У педагагічным калектыве Чачэрскага раёна папаўненне: на свае першыя працоўныя месцы прыбылі 11 маладых спецыялістаў, з іх 2 прыступілі да абавязкаў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Чачэрска, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дарэчы, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці — візітная картка Чачэрска, займае лідзіруючыя пазіцыі сярод устаноў адукацыі раёна. Праца мэтанакіраваных людзей, беззапаветна адданых сваёй справе, адзначана на высокім узроўні — ДЦРД занесены на абласную Дошку гонару.

У жніўні ва ўстанову на першыя працоўныя месцы прыбылі маладыя спецыялісты Дар’я Рабко­ва і Алеся Вярбовікава. Загадчыца дашкольнага цэнтра Іна Муляр разам з педагогамі дапамага­юць перспектыўным кад­рам адаптавацца і ўліцца ў калектыў, настроіцца на працоўны лад. Вопытныя настаўнікі робяць акцэнт на галоўных правілах: любіць дзяцей, прыслухоўвацца да меркавання калег і расці ў прафесійным плане. Дарэчы, дзяўчаты ўжо прыступілі да сваіх абавязкаў, іх дні напоўнены цяп­лом, увагай і клопатам аб самых маленькіх выхаванцах.

Пакуль носікі-курносікі салодка спяць у сваіх ложках, гутарым з Дар’яй Рабковай. Спецыяліст ганарыцца, што, адвучыўшыся ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна, робіць першыя і ўпэўненыя крокі ў высакароднай прафесіі.

— Заўсёды марыла праца­ваць з дзецьмі, — прызнаецца Дар’я Аляксандраўна. — У сваёй сям’і я пакуль адзіны педагог. Здаецца, першы працоўны дзень запомніцца на ўсё жыццё, усё ж хвалююча адчуваць сябе ў ролі выхавальніка. Але я не разгубілася, пастаралася зацікавіць чамучак, прыцягнуць увагу, супакоіць, калі нехта ўспамінаў, што сумуе па маме. Упэўнена, што зрабіла правільны прафесійны выбар, планую расці і развівацца ў гэтым напрамку.

Суразмоўніца некалькі разоў падкрэсліла, што не бачыць сябе ў іншай сферы дзейнасці, і адзначыла цёплы прыём калектыву ДЦРД.

— Дапамогі шмат не бывае! — працягнула малады спецыяліст. — Прыемна адчу­ваць усебаковую падтрымку ад нас­таўнікаў і кіраўніц­тва. Страх адольваў толькі па дарозе ва ўстанову, а як толькі пераступіла парог групы, усе сумненні прапалі. Прызнацца, мне тут усё падабаецца. Паспела заўва­жыць, што ў дашкольнай установе творча падыходзяць да выхавання малых дзетак: ёсць мультстудыя, а неўзабаве адкрыецца дзіцячы прэс-цэнтр. А яшчэ побач працуюць найлепшыя спецыя­лісты, яны адказна падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў, ідуць у нагу з часам і дапамага­юць усебакова развівацца маленькім выхаванцам.

З вуснаў другога маладога спецыяліста, якая таксама скончыла педагагічны ўніверсітэт у Мазыры, прыемна было па­чуць меркаванне аб тым, што быць педагогам — гэта прызванне, якое дадзена не кожнаму. Ужо са старту свайго прафесійнага шляху Алеся Вярбовікава гатова выкладвацца на сто працэнтаў, рабіць усё з душой і жаданнем. Як кажуць, ад лёсу не ўцячэш. Чаму выбар зроблены на карысць педагагічнай прафесіі, спецыяліст, не задумваючыся, шчыра адказала, што любіць дзяцей.

— У мяне шмат сваякоў, у якіх ёсць дзеці, і я заўсёды лёгка знаходзіла з імі агульную мову. З часам заўважыла, што мне не складана захапіць іх развіццёвымі або пазнавальнымі гульнямі, — сказала Алеся Міхайлаўна. — Добра памятаю, як у свой час мае малодшыя браты прывыкалі да дзіцячага сада, таму стараюся, каб перыяд адаптацыі ў маіх выхаванцаў прайшоў як мага лягчэй і хутчэй. А яшчэ я кожны дзень тут натхняюся і захапляюся прыроднай прыгажосцю, тэрыторыя ДЦРД літаральна ўся патанае ў кветках. Спецыя­лісты паклапаціліся і прыўнеслі свае ідэі ў афармленне дзіцячых пляцовак, інфармацыйных і вучэбных стэндаў. Шчыра лічу, што знаходзіцца ў такім матываваным калектыве — сапраўдны падарунак лёсу.

Маладыя педагогі робяць першыя крокі на прафесійным шляху, але ўжо маюць дакладныя мэты, жаданні і памкненні, уме­юць спраўляцца з цяжкасцямі прафесіі і, што самае галоўнае, хочуць працягваць развівацца ў ёй. Той, хто вызначыў для сябе важнасць выбранай справы, павінен прайсці гэты шлях, адчуць радасць і шчасце сумесных поспехаў: таленавітага педагога і здольных выхаванцаў.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска