Сям’і Бажко, педагогам з Пружан, у наступным годзе час спраўляць жамчужнае вяселле. На дваіх у іх 58 гадоў педагагічнага стажу, дарослыя дачка і сын, агульная любоў да школы і прафесіі, прыхільнасць да турпаходаў, здаровага ладу жыцця. І яшчэ адзін агульны штрых — абое з сем’яў педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
І артыстка, і мастачка, і спявачка
Наталля Уладзіміраўна Бажко 30 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 3 Пружан. Яна ўпэўнена, што два настаўнікі ў сям’і — гэта выдатна, бо ёсць разуменне, падтрымка і ўзаемадапамога. А яшчэ агульнасць інтарэсаў на рабоце, дома, на адпачынку.
— Мой тата быў настаўнікам фізкультуры сельскай школы, дзядуля, прайшоўшы Вялікую Айчынную вайну, на пенсіі выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў тагачаснай сярэдняй школе № 2 Пружан, цяперашняй гімназіі. Мая першая настаўніца Кацярына Васільеўна запомнілася на ўсё жыццё сваёй дабрынёй і клопатам, шчырым і справядлівым стаўленнем да людзей. І мне вельмі хацелася быць падобнай на яе. Да таго ж гэта прэстыжная прафесія, — расказвае Наталля Бажко, чаму, скончыўшы школу з медалём, выбрала прафесію настаўніцы і паступіла ў педінстытут.
— Цяжка выказаць словамі тое пачуццё, якое перажываеш, калі ўпершыню вядзеш у кабінет свой 1 клас, — успамінае Наталля Уладзіміраўна. — Гэта адначасова былі захапленне, радасць, гордасць, хваляванне, страх. Вельмі хутка я зразумела, што быць настаўніцай — гэта не толькі весці ўрокі і правяраць сшыткі, гэта лад жыцця, які прадугледжвае поўную аддачу дзецям.
На сваім прафесійным шляху настаўніца заўсёды старалася ісці ў нагу з часам: асвойвала і ўкараняла ў практыку новыя тэхналогіі. Адной з першых была адукацыйная мадэль асобасна арыентаванага навучання “Крок за крокам”. У 2007 годзе, прадставіўшы вопыт работы па тэме “Развіццё пазнавальных працэсаў малодшых школьнікаў у вучэбнай дзейнасці ў рамках адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” у Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі, Наталля Бажко атрымала вышэйшую педагагічную катэгорыю, якую паспяхова пацвярджае.
— У сваёй рабоце часта выкарыстоўваю электронныя сродкі навучання, інфармацыйныя тэхналогіі. Метадам проб і памылак прыйшла да разумення таго, што толькі сістэмны падыход у прымяненні ІКТ можа даць станоўчы вынік у навучанні малодшых школьнікаў. Арыгінальныя ўрокі з выкарыстаннем камп’ютара павышаюць цікавасць дзяцей да прадметаў, ствараюць сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці, даюць магчымасць адчуць сябе даследчыкам, адкрывальнікам, — дзеліцца прафесійнымі назіраннямі настаўніца.
Ужо 16 гадоў Наталля Уладзіміраўна далучае сваіх падапечных да навукова-даследчай дзейнасці, рыхтуе да ўдзелу ў конкурсе “Я — даследчык”. Многія з работ яе вучняў прысвечаны даследаванню гісторыі, народных традыцый, пытанняў духоўнасці, сакрэтаў прадметаў даўніны. У мінулым навучальным годзе настаўніца абагульніла шматгадовы вопыт у рабоце “Праектная дзейнасць малодшых школьнікаў у арганізаваных формах групавой работы на вучэбных і пазавучэбных занятках як сродак фарміравання ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый”.
Педагог — актыўная ўдзельніца метадычнай работы раёна: 10 гадоў кіравала школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў, 3 гады — раённым метадычным аб’яднаннем класных кіраўнікоў, столькі ж узначальвала раённую творчую групу настаўнікаў пачатковых класаў, год з’яўлялася членам абласной творчай групы класных кіраўнікоў.
Апошнія 4 гады Наталля Бажко актыўна дзялілася вопытам з маладымі спецыялістамі. Сярод іншага, вучыць маладых калег адказна і творча падыходзіць да прафесіі, бо менавіта ў малодшых класах закладваецца падмурак адукацыі школьніка. Ідэальны настаўнік пачатковых класаў, на яе думку, — гэта прафесіянал, які валодае комплексам якасцей. Ён і артыст, і мастак, і спявак, і пісьменнік. Але галоўнае для педагога — гэта любоў да прафесіі і дзяцей! Валодаючы ведамі па прадметах і вялікім цярпеннем, важна змагчы распаліць у дзіцячых вачах агонь пазнання, знайсці падыход да кожнага вучня і навучыць першакласніка вучыцца. А яшчэ важна наладзіць партнёрства з бацькамі і быць гатовым знайсці выйсце з любой спрэчнай сітуацыі.
Сёння на рахунку Наталлі Бажко шэсць выпускаў малодшых класаў. Паводле яе слоў, кожны раз развітанне з чацвёртакласнікамі — гэта свята з усмешкай і слязамі, бо вельмі цяжка развітвацца з дзецьмі, у якіх укладзена часцінка душы.
— Гледзячы на сваіх выпускнікоў, успамінаеш, як яны сталелі, асвойвалі чытанне, дзяліліся сваімі сакрэтамі, вучыліся сябраваць, як дасягалі перамог і вяршынь у алімпіядах і конкурсах, — адзначае суразмоўніца. — Яны кожны раз мяне вучаць таму, што дарослыя часам страчваюць за гады жыцця: непасрэднасці, аптымізму, адкрытасці.
Наталля Уладзіміраўна ўпэўнена, што настаўніку нельга стаяць на адным месцы, таму пастаянна развіваецца. Яна праходзіць навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, выступае на семінарах і нарадах, дае адкрытыя ўрокі, удзельнічае ў конкурсах.
Майстар па розных відах спорту
Захапіўшыся ў 3 класе футболам, Аляксандр Бажко звязаў сваё жыццё са спортам і ўжо 28 гадоў працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя.
Таксама вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Юны стралок”, трэніруе аматараў футбола, ды і сам з задавальненнем ганяе мяч. А яшчэ ў спартакіядах і турзлётах гуляе ў валейбол, дартс, плавае, страляе, паднімае гіры.
— Прызнацца, у школьныя гады я падумваў аб прафесіі ваеннага, аднак да заканчэння Малатковіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна ўжо сур’ёзна займаўся футболам, таму аддаў перавагу спартыўнай форме і паступіў у 1989 годзе на спартыўны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, — успамінае Аляксандр Іосіфавіч. — Падчас вучобы на малодшых курсах удзельнічаў у спаборніцтвах “Хрустальны мяч”, пазней актыўна выступаў за студэнцкую футбольную каманду, якая ў 1992 годзе стала чэмпіёнам рэспублікі сярод беларускіх ВНУ, а праз год заваявала “серабро”. Заняткі футболам з дзяцінства навучылі дысцыпліне, мэтанакіраванасці, выхавалі характар і жаданне перамагаць.
Пасля заканчэння інстытута захоплены футболам юнак паспеў пагуляць за паўпрафесійную каманду па футболе “Граніт”, затым адслужыў у войску.
Аляксандр і Наталля пазнаёміліся ў студэнцтве, калі разам праходзілі практыку ў аздараўленчым лагеры “Бярозка” Бярозаўскага раёна.
— Калі пасля жаніцьбы прыйшоў час задумацца аб стабільнай рабоце, высветлілася, што ў школе, дзе працавала жонка, якраз вызвалілася месца настаўніка фізкультуры. Мяне ўзялі, — успамінае пачатак педагагічнай дзейнасці Аляксандр Іосіфавіч. — У той час маімі старэйшымі калегамі-прадметнікамі былі жонка і муж Алена і Леанід Астапчык. У іх я шмат чаму вучыўся: як цікава праводзіць урокі, як выбудоўваць адносіны з дзецьмі.
Пры гэтым педагог-пачатковец не забываў пра захапленне футболам. Любоўю да гульні № 1 у свеце ён заразіў і сваіх падапечных у арганізаваным неўзабаве гуртку па футболе. Хлопчыкаў набіраў у рознаўзроставыя групы. Дарэчы, падапечныя Аляксандра Бажко тройчы станавіліся фіналістамі абласных спаборніцтваў па футболе, двойчы — рэспубліканскіх.
— Сёння ў школах праходзіць мноства спартыўна-масавых мерапрыемстваў, арганізацыя якіх кладзецца, як правіла, на плечы настаўнікаў фізкультуры. Да таго ж іх задача — падрыхтоўка навучэнцаў да раённых турніраў, якія праводзяцца па самых розных відах спорту. Для гэтага настаўніку важна захапіць дзяцей сваім прадметам, развіць у іх цікавасць да спорту і матываваць на ўдзел у спаборніцтвах, — гаворыць Аляксандр Іосіфавіч. — Сёння я рыхтую хлопцаў і дзяўчат да лёгкаатлетычных спаборніцтваў, ваенна-спартыўных гульняў “Зарніца”, “Арляня”, “Зарнічка”, да спартакіяды па дапрызыўнай падрыхтоўцы “Ану, хлопцы!”, турніраў па плаванні, валейболе, футболе, стральбе. За 9 вучэбных месяцаў мы ўдзельнічаем больш як у трох дзясятках спартыўных мерапрыемстваў і конкурсаў. Таму я жартую, што сучасны настаўнік фізкультуры — гэта майстар спорту па ўсіх відах спорту. З усіх школьнікаў спартыўны касцяк — гэта паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія актыўна ўдзельнічаюць ва ўсім. Ім не страшна пераначаваць у палатцы, дзе могуць быць камары, іх не палохае паласа перашкод.
Адказваючы на пытанне, як удаецца захапіць школьнікаў спортам, Аляксандр Іосіфавіч зазначае, што выключна асабістым прыкладам:
— Я заўсёды станаўлюся з вучнямі гуляць у футбол, валейбол. Заўсёды паказваю, як правільна трэба выконваць тое ці іншае практыкаванне: адціскацца, падцягвацца, страляць, бегчы. У адносінах з дзецьмі важна быць для іх аўтарытэтам. Пры гэтым трэба знаходзіцца з імі на адной хвалі, але не дапускаць панібрацтва, інакш пачне парушацца дысцыпліна. Нельга ўзнімаць сябе над класам, каб не страціць давер. Яшчэ адна важная выснова, да якой я прыйшоў за шматгадовую дзейнасць, — важна, каб ад настаўніка дзеці адчувалі шчырую зацікаўленасць, суперажыванне, спагаду.
Назіраючы ў сваіх падапечных схільнасці да таго ці іншага віду спорту, педагог заўсёды прапануе развіваць гэтыя здольнасці далей.
— У горадзе ёсць дзве спартыўныя школы, якія я рэкамендую наведваць тым, у каго ёсць задаткі ў спорце, хто дэманструе добрыя вынікі. Бывае, калі ў пачатку года да нас прыходзяць трэнеры з гэтых школ і цікавяцца адоранымі вучнямі, раю ім, на каго звярнуць увагу, — гаворыць мой суразмоўнік.
З лёгкай рукі Аляксандра Іосіфавіча за гады работы больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся займацца спортам у мясцовыя профільныя ўстановы адукацыі. Некаторыя пасля дабіліся значных поспехаў на спартыўным шляху.
У спорце, перакананы Аляксандр Іосіфавіч, важна мэтанакіравана рыхтавацца да спаборніцтваў, прыкладаць максімум намаганняў і часу, тады вынік абавязкова будзе. Пра гэта ён не стамляецца паўтараць сваім вучням. Зрэшты, гэтае правіла працуе ў любой сферы жыцця.
Марына КУНЯЎСКАЯ