У педагогаў Чэрвеньскага раёна ўласная формула таго, як зрабіць канікулы ў дзяцей запамінальнымі і цікавымі

- 9:00Главная, Образование

Плануючы летнюю аздараўленчую кампанію, педагогі Чэрвеньскага раёна паставілі перад сабой дакладную задачу: канікулы ў дзяцей павінны быць запамінальнымі і цікавымі. Што для гэтага трэба? У кожнай установе адукацыі — уласная формула. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Са школы — у космас

Рашэнне выбраць Чэрвеньскі раён для чарговага прэс-туру было цалкам зразумелым. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская зацікаўлена ў тым, каб вопыт яе калег трансліраваўся іншым педагогам, таму часта прапаноўвае тэмы для напісання артыкулаў у профільным выданні. Гэтым ра­зам нагод для сустрэчы з журналістамі ў раёне было некалькі. Ірына Мікалаеўна расказала, што ў сярэдняй школе № 2 Чэрвеня, якую скончыў беларускі касманаўт Алег Навіцкі, ужо амаль зрабілі бягучы рамонт. З новага навучальнага года тут пачне працаваць музей касманаўтыкі: работа над ім таксама падыходзіць да завяршэння. Акрамя гэтага, у навучальнай установе адкрыецца дэфекталагічны кабінет, дзе змогуць займацца дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Для яго функцыянавання ўжо закупілі неабходнае абсталяванне і мэблю. Наступны крок — афарбоўка сцен: для дзяцей з аўтызмам важна выбраць спрыяльную колеравую гаму, якая дапамагае супакоіцца і не раздражняе вока.

“Кабінета для такіх выхаванцаў у нас яшчэ не было, — расказ­вае Ірына Змачынская. — У ім будзе аказвацца дапамога дзеткам з усяго раёна. Што датычыцца знешняга аблічча школы, то сёння ўжо завершана афармленне адной сцяны — на ёй намаляваны планеты. Такім жа чынам будзе пафарбавана яшчэ адна. На трэцім паверсе размесціцца музей касманаўтыкі. Плануецца, што ён стане не проста пляцоўкай для навучання, дзе можна праводзіць пэўныя заняткі, але і будзе прасторай для выхавання нашых дзяцей”.

Рабочы “Рытм”

Навучэнцы гімназіі № 1 Чэрвеня імя У.А.Караля з усіх форм арганізацыі летніх канікул аддаюць перавагу лагеру працы і адпачынку.

На мінулым тыдні тут пачаў працаваць такі летнік пад назвай “Рытм”. Дырэктар установы Сяргей Суша расказаў, што яго наведваюць 20 вучняў, якія падзелены на тры атрады. Кожны з іх выконвае пэўны від работ, а які іменна — залежыць ад арганізацыі, з якой ва ўстанове заключаны дагаворы: гэтым летам іх тры.

“Тыя, хто заключыў дагавор з райаграсэрвісам, працуюць на праполцы сельскагаспадарчых культур, а таксама на зернесушыльным камбінаце, — рас­тлумачыў Сяргей Іванавіч. — Другі атрад накіроўваецца на зборку буякоў, а трэці замацаваны за прадпрыемствам, якое вырабляе паліўныя брыкеты. Хлопцы фасуюць іх па пакетах і рыхтуюць для транспарціроўкі”.

Як таго і патрабуе заканадаўства, на работах вучні, якім ужо споўнілася 14 гадоў, знаходзяцца чатыры гадзіны ў дзень. Пасля гэтага яны вяртаюцца ў гімназію на абед, адпачываюць і прыма­юць удзел у дадатковых мерапрыемствах.

“Лагер такога профілю даз­валяе дзецям зарабіць уласныя грошы, і ім гэта даспадобы, — дадае дырэктар гімназіі. — Што датычыцца дадатковай праграмы адпачынку, то яна ў нас рознабаковая, кожны педагог імкнецца прыдумаць нешта цікавае”. 

На работах дзецям таксама няма калі сумаваць. Так, група хлопчыкаў пад кіраўніцтвам нас­таўніка фізкультуры Аляксандра Іванавіча Балоціна занята на зернесушыльным комплексе.

“Чатыры навучэнцы працуюць з ячменем і рапсам, якія паступаюць на комплекс, і яшчэ чатыры замацаваны за будаўнічай брыгадай. Там яны выконваюць ролю падсобных рабочых, складваюць дошкі, дапамагаюць наводзіць парадак у будаўнічых матэрыялах, — растумачыў сутнасць работы А.Балоцін. — Со­чыць за імі і кіруе працэсам назначаны майстар. Плануем, што за час змены мая каманда не толькі заробіць грошы, але і адпачне. Распарадак дня пабудаваны такім чынам, што вучні сумяшчаюць карыснае з прыемным. Як толькі скончым работу, паедзем у гімназію і бу­дзем там праводзіць астатні час”.

Настаўнік фізкультуры прызнаўся, што яму вельмі падабаецца спорт і прыемна, што вучні таксама яго любяць: лета спрыяе таму, каб удзяляць гэтаму карыснаму захапленню яшчэ больш часу.

“Калі вяртаемся ў гімназію, ідзём на абед, а пасля збіраемся ў каманды і ганяем мяч, — адзначае настаўнік фізкультуры. — Радуе, што вучняў не трэба прымушаць да гэтага”.  

“Голас. Верас”

У загарадным аздараўленчым лагеры “Верас” падыходзіць да завяршэння другая змена, падчас якой аздараўляюцца 75 дзяцей.

Плануючы арганізацыю адпачынку навучэнцаў, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з кадрамі. Для кіраўніка важна, каб са школьнікамі працавалі зацікаўленыя педагогі, якія ўме­юць знаходзіць з дзецьмі агульную мову. Начальнік упэўнена: маладым спецыялістам гэта ўдаецца лепш за ўсё. Сакрэту тут ніякага няма. Дзякуючы не вельмі вялікай розніцы ва ўзросце, навучэнцы хутка збліжаюцца са сваімі важатымі, давяраюць ім, а значыць, любая праблема, калі яна ўзнікае, вырашаецца імгненна і без наступстваў.

“Сёлета з нашымі выхаванцамі працуюць удзельнікі студэнцкага атрада “Полымя”, — расказвае дырэктар лагера Валерый Захараў. — У яго склад уваходзяць маладыя спецыялісты Чэрвеньскага раёна. Прыемна, што сярод іх ёсць тыя, хто прыязджае ў лагер не першы год”.

У ліку такіх настаўнікаў — старшая выхавальніца настаўніца англійскай мовы сярэдняй № 2 Чэрвеня імя А.К.Флегантава Кацярына Замковіч, якая ўжо пятае лета выконвае ў “Верасе” ролю важатай. Дзяўчыне, дарэчы, ёсць з каго браць прыклад: Валерый Васільевіч кіруе лагерам 11 гадоў, а пачынаў калісьці з пасады выхавальніка.

“Мне вельмі падабаецца прыязджаць сюды, — дзеліцца К.Замковіч. — І справа не толькі ў атмасферы, якая тут пануе. У лагер вяртаюцца многія дзеці, з якімі мы сустракаліся ў мінулыя гады. Так, летась развіталіся з тымі, хто праводзіў канікулы ў “Верасе” пяць гадоў запар і вырас на маіх вачах”.

Змена, на якой працуе нас­таўніца англійскай мовы, называецца “Шчыт Айчыны”. Па словах педагога, яна прадугледжвае вялікую колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне патрыятызму, а таксама прысвечана значнай гістарычнай па­дзеі — 80-годдзю з дня вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

“Мы праводзілі квест-гульню па вывучэнні роднага краю, вусны часопіс “Іх імёнамі названы вуліцы Чэрвеньшчыны”, арганізоўвалі конкурс малюнкаў “Краіна, у якой я жыву”, — пералічвае старшая выхавальніца. — Таксама мы наведалі мемарыяльны комплекс “Папова града” і брацкія пахаванні”.

Вучні прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах, некаторыя з якіх ужо сталі для іх любімымі. Так, конкурс “Голас. Дзеці” — гэта творчая пляцоўка для развіцця вакальных, паэтычных і харэаграфічных здольнасцей, а “Містар Верас” і “Міс Верас” вызначаюць найбольш амбіцыйных, смелых і крэатыўных удзельнікаў лагернай змены. 

“Усё гэта праводзіць наш студ­атрад, — тлумачыць Кацярына Сяргееўна. — Але і ў атрадах для выхаванцаў арганізоўваюцца асобныя праграмы. Калі надвор’е дрэннае і не дазваляе выйсці на вуліцу, школьнікі гуляюць у настольныя гульні, малю­юць ці проста размаўляюць адно з адным. Прыемна назі­раць, як яны вучацца камунікаваць, будаваць зносіны. Я ўпэўнена, што загарадны аздараўленчы лагер павінен здарыцца хаця б аднойчы ў жыцці як дзіцяці, так і настаўніка. Тут можна атрымаць тыя эмоцыі, якія дапамагаюць у рабоце на працягу ўсяго навучальнага года”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА