У полі зроку — асабістая прастора дзіцяці

- 11:47Навука і інавацыі

Кацярына Каранец — энергічная дзяўчына з шырокім колам інтэрэсаў і вялікімі планамі на навуковае жыццё. Кацярына Міхайлаўна — кандыдат педагагічных навук, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І ўсё гэта ў 28 гадоў.

Цікавасць да навукі ў Кацярыны з’явілася ў студэнцкія гады, а развіццё атрымала ў магістратуры і аспірантуры. У 2016 годзе Кацярына Міхайлаўна атрымала прэзідэнцкую стыпендыю. Аспірантуру cкончыла ўжо кандыдатам педагагічных навук. Сфера яе навуковых інтарэсаў — тэорыя і методыка дашкольнага навучання і выхавання. Тэма кандыдацкай дысертацыі — “Развіццё асабістай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай дзейнасці”. Навуковым кіраўніком Кацярыны Міхайлаўны стала доктар педагагічных навук прафесар Л.Д.Глазырына.

Работа выконвалася ў межах навукова-даследчай тэмы кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Павышэнне якасці дашкольнай адукацыі на аснове ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння педагагічнага працэсу ва ўстановах адукацыі”; навукова-даследчай работы па тэме “Распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Мэтай даследавання стала тэарэтычна абгрунтаваць і распрацаваць методыку развіцця асабістай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай дзейнасці.

“Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту не заўсёды могуць вызначыць і арганізаваць асабістую прастору з дапамогай свайго наяўнага рухальнага вопыту для вырашэння розных бытавых, гульнявых і іншых сітуацый. У гэтым кантэксце актуальнай з’яўляецца праблема развіцця ў дзяцей умення дзейнічаць у асабістай прасторы згодна з правіламі бяспечных паводзін пры ўзаемадзеянні з аб’ектамі навакольнага асяроддзя і аднагодкамі.

Прастора выступае як інтэгратыўная катэгорыя для ўсіх з’яў чалавечага свету, сінтэзуе гетэрагенную рэальнасць асобы. Тэорыі прасторы ў сацыяльна-гуманітарных навуках тычацца фундаментальных вымярэнняў чалавечага свету і выказваюць іх у спецыфічных параметрах, такіх як “верх”, “ніз”, “цэнтр”, “ускраіна” і інш., якія фіксуюцца на ўзроўні будзённай свядомасці.

Праведзены аналіз філасофскай, псіхолага-педагагічнай літаратуры паказаў, што праблема развіцця асобаснай прасторы для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з’яўляецца актуальнай. Было выяўлена, што ў існуючых даследаваннях абгрунтаваны механізмы фарміравання асобных структурных кампанентаў асобы дзяцей. Аднак у навуковай літаратуры адсутнічала вызначэнне сутнасці і структуры асабістай прасторы дзяцей, няпоўна адлюстраваны мэтавыя, зместавыя і працэсуальныя асновы, сродкі і методыка арганізацыі работы педагога па развіцці асобаснай прасторы дзяцей”, — патлумачыла ідэю даследавання Кацярына Міхайлаўна.

У выніку маладая вучоная раскрыла сутнасць паняцця “асабістая прастора дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту”, стварыла мадэль развіцця гэтай асабістай прасторы, распрацавала і эксперыментальна апрабавала методыку і стварыла метадычнае забеспячэнне развіцця асабістай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай дзейнасці.

Метадычнае забеспячэнне ўключае ў сябе спецыяльныя гульнявыя заданні, дыягнастычны інструментарый, метадычныя рэкамендацыі для педагогаў, канспекты фізкультурных заняткаў (дарэчы, фізічная культура мае вялікі патэнцыял для развіцця асабістай прасторы), а таксама дапаможнік “Развіццё асабістай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай актыўнасці”. Усё гэта дапаможа педагогу дашкольнай установы навучыць сваіх падапечных арыентавацца ў прасторы, вызначаць сябе ў гэтай прасторы, узгадняць свае дзеянні з дзеяннямі сваіх аднагодкаў, а ў выніку гарманічна ўзаемадзейнічаць з навакольным светам.

Кацярына Міхайлаўна адзначыла, што тэма яе дысертацыі не вычарпана. Яна патрабуе далейшага вывучэння, бо праблема арганізацыі асабістай прасторы раней вывучалася толькі з пункту гледжання псіхалогіі. Педагагічныя аспекты не закраналіся. Акрамя таго, яна плануе вывучаць развіццё асабістай прасторы не толькі ў плоскасці рухальнай дзейнасці, але і ў іншых галінах жыццядзейнасці дзяцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.