У полі зроку — гатоўнасць да новага навучальнага года

- 11:14Актуально, Апошнія запісы

У сярэдзіне гэтага тыдня адбылася чарговая рабочая паездка міністра адукацыі Ігара Карпенкі на Гродзеншчыну. Кіраўнік ведамства наведаў чатыры ўстановы адукацыі на Астравеччыне — Рымдзюнскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання, яслі-сад № 3, Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, гімназію № 1. Акрамя таго, міністр сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю раённага цэнтра.

“Сёння мы праводзім маніторынг гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Ня­гледзячы на тое што ў дзяцей зараз канікулы, для агульнаадукацыйных устаноў гэта гарачая пара. У нас у краіне 3020 школ. Большасць з іх да канца жніўня павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці, каб 1 верасня прыняць сваіх вучняў. Выключэнне складуць толькі тыя школы, дзе вядзецца капітальны рамонт, у тым ліку за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. У нас зараз рэалізуецца праект па мадэрнізацыі сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Мы ўжо атрымалі два траншы”, — адзначыў Ігар Карпенка падчас наведвання Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання.

За апошнія гады на Астравеччыне ўве­дзена ў эксплуатацыю 6 новых устаноў адукацыі: гімназія, школа, 4 дзіцячыя садкі і Цэнтр творчасці дзяцей і мола­дзі. У сістэме адукацыі Астравецкага раёна ёсць свае адметнасці. Як, напрыклад, школы і дзіцячыя сады з беларускай і літоўскай мовамі навучання ў Рымдзюнах. На сёння ў гэтым населеным пункце побач з Астраўцом дзейнічае сапраўдны адукацыйна-культурны комплекс, які ўключае ў сябе школы з літоўскай і беларускай мовай навучання і Цэнтр культуры. Цяпер праводзіцца рэканструкцыя, у выніку якой на базе комплексу будуць размяшчацца і дзіцячыя сады з літоўскай і беларускай мовай навучання.

“Мультыкультурная разнастайнасць, якая традыцыйна складалася на тэрыторыі нашай краіны, без падтрымкі адукацыйных структур адчувала б сябе некамфортна. І было прынята правільнае рашэнне аб пераносе дзіцячых садкоў з асобных будынкаў на базу школы. Па-першае, тут больш камфортныя ўмовы, а па-другое, у дзяцей з’явіцца больш магчымасцей для развіцця і сацыялізацыі”, — заўважыў міністр.

У краіне дзейнічаюць 4 установы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне вядзецца на мове нацыянальных меншасцей. Акрамя таго, тыпавым вучэбным планам прадугледжана магчымасць вывучэння мовы нацыянальных меншасцей у якасці вучэбнага прадмета або факультатыўна.

Дырэктар Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання Святлана Лукшэне расказала пра адметнасці сваёй установы (навучанне па прадметах адбываецца на літоўскай мове, з вучнямі працуюць літоўскія педагогі) і паказала міністру адукацыі, як ідуць рамонтныя работы ў той частцы комплексу, дзе будуць размешчаны дзіцячыя садкі. У сваю чаргу Ігар Карпенка адзначыў, што галоўнае для ўстаноў адукацыі — стварыць камфортныя ўмовы для вучобы, жыццядзейнасці і выхавання школьнікаў.

“Ніякіх асаблівых новаўвядзенняў для школьнікаў у новым навучальным годзе не плануецца. Традыцыйна штогод абнаўляюцца вучэбныя планы і праграмы ў адпаведнасці з рэаліямі часу. Мы кожны год выпускаем метадычныя рэкамендацыі па розных напрамках: па выкладанні канкрэтных прадметаў, пытаннях выхавання, навучання. Перавыдаюцца і карэкціруюцца падручнікі з улікам тых прапаноў, якія паступаюць ад педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці”, — заўважыў міністр.


Наступным прыпынкам рабочай паезд­кі кіраўніка ведамства сталі яслі-сад № 3 Астраўца, які з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Як адзначыла загадчыца садка Вольга Баяровіч, дзейнасць рэсурснага цэнтра арыентавана на навучанне дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту асновам бяспекі жыццядзейнасці, правілам аказання першай медыцынскай дапамогі, правілам карыстання калектыўнымі і індывідуальнымі сродкамі абароны, навучанне навыкам бяспечных паводзін.

З дапамогай інавацыйных тэхналогій і сучаснага абсталявання наведвальнікі цэнтра маюць магчымасць адпрацаваць практычныя навыкі выратавання людзей, карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, выкліку экстранных службаў, эвакуацыі з задымленага памяшкання. Увогуле, дзіцячы садок вельмі яркі, сучасны і выдатна абсталяваны.


Далей па раскладзе было наведванне Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, новы будынак якога быў адкрыты ў мінулым годзе. Як адзначыла дырэктар цэнтра Святлана Куцько, у 133 аб’яднаннях па інтарэсах займаюцца 1793 навучэнцы. Асноўнымі напрамкамі цэнтра з’яўляюцца музыка і харэаграфія, выяўленчае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, інтэлектуальнае развіццё, турыстычна-краязнаўчае, ваенна-патрыятычнае, фізкультурна-спартыўнае, тэхнічнае, тэатральнае, сацыяльная адаптацыя, школа ранняга развіцця. Новы будынак уражвае цікавай архітэктурай і стракатым, сучасным начыннем.

Цэнтр карыстаецца папулярнасцю круглы год. І летам кабінеты не пустуюць — дзеці розных узростаў і іх бацькі прыходзяць сюды, каб навучыцца тэхнікам дэкаратыўна-прыкладной творчасці, паўдзельнічаць у майстар-класах і проста адпачыць, зручна размясціўшыся ў мяккіх крэслах ці на арэ­лях.

Тут Ігар Карпенка наведаў вучэбныя кабінеты па робататэхніцы, роспісе па шкле, саломапляценні, кераміцы і лепцы, пагутарыў з маладымі педагогамі цэнтра і маленькімі наведвальнікамі. Педагог дадатковай адукацыі правёў майстар-клас — прадэманстраваў выкарыстанне тэрмапрэса і лазернага гравіравальнага станка “Тэхнапрарыў”.


У гімназіі № 1 Астраўца міністр адукацыі таксама пазнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Дырэктар гімназіі Алена Севасцьян расказала, што новы будынак гімназіі быў адкрыты ў 2015 годзе. У гімназіі 28 вучэбных кабінетаў (13 абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, 18 — персанальнымі камп’ютарамі), 2 камп’ютарныя класы, 3 лінгафонныя кабінеты, мабільны клас, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, спартыўная і трэнажорная залы. На тэрыторыі размешчаны спартыўныя аб’екты: стадыён з бегавымі дарожкамі і скачковымі ямамі, 2 валейбольныя, 2 баскетбольныя пляцоўкі, 2 — для спартыўнай гімнастыкі, адна ўніверсальная (хакейная і міні-футбольная), 2 пляцоўкі для рухавых гульняў, ёсць плоскасныя збудаванні. Абсталяваны гарадок па правілах дарожнага руху.

Педагогі гімназіі з’яўляюцца выніковымі ўдзельнікамі конкурсаў, семінараў, канферэнцый, актыўна абагульняюць і трансліруюць перадавы педагагічны вопыт на фестывалях педагагічнага майстэрства, у перыядычным друку. Гімназія вядома інавацыйнай дзейнасцю, высокапрафесійным калектывам, які штогод рыхтуе пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і навуковых конкурсаў.

У гатовым да новага навучальнага года кабінеце замежнай мовы міністр пагутарыў з яго гаспадыняй — настаўніцай англійскай мовы Тэрэсай Вайшнаровіч. Тэрэса Зігмундаўна — педагог-інаватар. Яна ўвесь час у творчым пошуку: інакш зацікавіць сучаснага вучня немагчыма. Настаўніца вялікую ўвагу ўдзяляе нагляднасці, многае распрацоўвае сама — схемы, табліцы. Разам з вучнямі працуе над рознымі англамоўнымі праектамі.

Ігар Васільевіч пацікавіўся ў педагога якасцю падручнікаў па англійскай мове, бо ідзе завяршэнне абнаўлення вучэбных праграм і адпаведна падручнікаў. “З 1 верасня 2020 года будуць выкарыстоўвацца новыя вучэбныя праграмы для 10 класа. Да іх будуць выдадзены і новыя падручнікі. Да 2021/2022 навучальнага года цалкам завершым абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі”, — заўважыў міністр.

Тэрэса Зігмундаўна адзначыла, што ёй падабаюцца сучасныя падручнікі. Праўда, яшчэ не да ўсіх падрыхтаваны рабочыя сшыткі, кнігі для настаўнікаў, каб атрымаліся паўнавартасныя вучэбна-педагагічныя комплексы. Але гэта справа часу.


Падчас сустрэчы з педагагічнай грамад­скасцю Астравецкага раёна  кіраўнік ведамства найперш падзякаваў усім за паспяховае заканчэнне навучальнага года ў няпростых умовах і аператыўную работу ў гэтым кірунку, адзначыў ролю педагога ў працэсе атэстацыі.

“Мы годна і спакойна завяршылі навучальны год. На гэтым тыдні стартавала ўступная кампанія. Сёлета нам прыйшлося на 2 тыдні перанесці ЦТ. І мне здаецца, што гэта аптымальны варыянт, бо дае магчы­масць выпускнікам сур’ёзна падрыхтавацца, прычым не звяртаючыся да рэпетытараў. Мы рэкамендавалі школам выкарыстоўваць га­дзіны заняткаў для падрыхтоўкі да ЦТ, і гэты механізм актыўна выкарыстоўваецца”, — адзна­чыў міністр.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што цяпер праводзіцца маніторынг гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. “Хачу запэўніць, што мы ўжо ў даволі высокай ступені гатоўнасці. Пашпарты ўстановы адукацыі традыцыйна будуць атрымліваць у канцы жніўня. Пры гэтым, пачынаючы новы навучальны год, нам будзе неабходна і далей прытрымлівацца ўсіх санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя”, — дадаў ён.

Далей у размове міністра з педагогамі ішла гаворка пра фарміраванне сучасных кампетэнцый школьнікаў, калі яны павінны вучыцца вырашаць жыццёвыя задачы, пра развіццё аўтарскіх педагагічных методык, у тым ліку і тых, якія пачалі развівацца падчас дыстанцыйнага навучання, да якога давялося звяртацца ў чацвёртай чвэрці з-за пандэміі. “Увесь станоўчы  прагрэсіўны вопыт будзе акамуляваны на спецыяльнай адукацыйнай платформе. Разам з тым зноў хачу падкрэсліць, што дыстанцыйнае навучанне не заменіць класна-ўрочную сістэму, якая забяспечвае сацыялізацыю дзіцяці. Яно можа разнастаіць навучанне школьнікаў, недзе спрасціць, але не больш”, — адзна­­чыў міністр. 

Асобна было закратута пытанне ўзаемадзеяння школы і бацькоў. Ігар Карпенка падкрэсліў, што сёння вельмі важна для школы выбудаваць дыялог з бацькамі. “Бо гэта ненармальна, калі ў сям’і ёсць гвалт ці бацькі вядуць асацыяльны лад жыцця. Днямі мы праводзілі пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і ўсе гэтыя пытанні абмяркоўвалі, у тым ліку суіцыдальныя паводзіны падлеткаў. Мы стварылі Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі на базе БДПУ імя Максіма Танка, які праводзіць кансультацыі, у тым ліку анлайн і па тэлефоне. Нават у дзённікі ўнеслі спецыяльныя спасылкі, тэлефоны, QR-коды, каб дзіця ведала, куды можна звярнуцца ў той ці іншай крызіснай сітуацыі. Усе гэтыя пытанні важныя і знаходзяцца на пастаянным кантролі”, — дадаў міністр адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.