У полі зроку сенатараў

- 15:41Актуально, Рознае

У мінскай гімназіі № 22 прайшло пасяджэнне круглага стала з удзелам членаў Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці і супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, дзе была разгледжана тэма ўдасканалення заканадаўчага рэгулявання дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У пасяджэнні прыняў удзел намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч.

Адкрываючы сустрэчу, старшыня камісіі М.У.Казаравец адзначыў, што ў рамках правядзення маніторынгу практыкапрымянення Кодэкса аб адукацыі пры камісіі Савета Рэспублікі быў створаны навукова-кансультацыйны савет, задачай якога з’яўляецца вызначэнне праблем, якія ўзнікаюць у ходзе апрабацыі кодэкса ў сістэме адукацыі краіны, і прадстаўленне сваіх прапаноў пры распрацоўцы законапраекта “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі”.
— Мэта сённяшняга круглага стала была прадыктавана неабходнасцю ўдасканаліць заканадаўчую аснову нацыянальнай сістэмы адукацыі, — паведаміў Мікалай Уладзіміравіч. — Але перш-наперш мы павінны вызначыць, наколькі сённяшні стан прававога забеспячэння дашкольнай і школьнай адукацыі адпавядае патрабаванням часу і якая заканадаўчая і нарматыўная прававая база неабходна ў далейшым, каб забяспечыць паспяховае функцыянаванне адукацыйнай галіны.
Невыпадкова члены Савета Рэспублікі і непрасрэдна профільнай камісіі сабраліся за адным сталом з кіраўнікамі ўпраўленняў галіновага міністэрства, каб выпрацаваць адзіныя падыходы ў рэалізацыі пастаўленых задач, і асабліва ў той частцы, якая сёння выклікае больш за ўсё пытанняў у грамадскасці.
На працягу лістапада камісія Савета Рэспублікі мае намер сустрэцца і з педагогамі, вучонымі-практыкамі, кіраўнікамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі, каб да канца месяца акумуляваць усе пададзеныя заўвагі па ўсіх узроўнях адукацыі і накіраваць іх заканатворцам.
Выступаючы перад удзельнікамі круглага стала, Васіль Антонавіч Будкевіч адзначыў, што, згодна з прапановамі рабочай групы Савета Міністраў, грамадскасці нашай краіны, непасрэдна педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, у праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі” будуць унесены новыя нормы, якія замацуюць шэраг пазіцый у функцыянаванні ўсіх узроўняў адукацыі.

На парадак дня круглага стала было вынесена пытанне, якое тычылася ўдасканалення нарматыўнага прававога рэгулявання дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Што тычыцца дашкольнага ўзроўню, то будзе заканадаўча замацаваны ўзрост знаходжання дзяцей у дашкольнай установе да 6 гадоў, прадугледзеўшы пры гэтым адкрыццё груп для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 7 гадоў толькі на платнай аснове з поўным вяртаннем расходаў на іх утрыманне. Выключэнне складуць дзеці, якім рэкамендавана прадаўжэнне тэрміну атрымання дашкольнай адукацыі па медыцынскіх паказчыках. У праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі” будуць унесены нормы, якімі ўстанаўліваецца ўзрост паступлення ў школу дзяцей з 6 гадоў за выключэннем тых дзяцей, тэрмін атрымання дашкольнай адукацыі якіх павялічаны на адзін год па медыцынскіх паказчыках. У тым выпадку, калі законныя прадстаўнікі дзіцяці жадаюць прадоўжыць тэрмін атрымання дашкольнай адукацыі на адзін год не па медыцынскіх паказчыках, яны будуць вяртаць расходы на яго ўтрыманне ў дзіцячым садзе.
Акрамя таго, плануецца ўстанавіць заканадаўчую норму аб адлічэнні выхаванцаў за адсутнасць без уважлівых прычын ва ўстанове дашкольнай адукацыі на працягу 20 дзён у год з перадачай вызваленых месцаў тым дзецям, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу.
Ёсць намер ажыццяўляць адкрыццё груп для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў толькі на платнай аснове, прадугледзеўшы пры гэтым вызваленне ад такой платы мнагадзетныя сем’і і іншыя льготныя катэгорыі.
Будзе распрацаваны механізм фінансавання сямейных дзіцячых садоў, прадугледзеўшы іх стварэнне па прынцыпе прыёмных сем’яў, дзе выхавальнік выхоўвае 6—8 дзяцей. Тым самым будзе пашырана практыка адкрыцця невялікіх дзіцячых садоў на першых паверхах шматкватэрных дамоў. На сённяшні дзень існуючыя санітарна-будаўнічыя нормы і правілы з’яўляюцца істотнай перашкодай для адкрыцця і функцыянавання такіх дзіцячых устаноў. З улікам гэтага неабходна ўнесці змяненні ў гэтыя нормы і правілы, каб максімальна спрасціць патрабаванні да адкрыцця і ўтрымання сямейных дзіцячых садоў на першых паверхах шматкватэрных дамоў. Станоўчы вопыт у гэтым кірунку ўжо ёсць у Гомельскай вобласці.
З улікам таго, што заканадаўча будзе зацверджана норма аб тым, што фінансаванне часткі расходаў прыватных устаноў адукацыі будзе ажыццяўляцца за кошт бюджэтных сродкаў, праектам закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс” прадугледжана ажыццяўленне фінансавання часткі расходаў прыватных устаноў адукацыі ў межах нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго выхаванца ва ўстановах дашкольнай адукацыі, спецыяльных яслях-садах, спецыяльных дзіцячых садах, устаноўленага дзяржаўным сацыяльным стандартам па абслугоўванні насельніцтва.
Таксама прапаноўваецца ўнесці дапаўненне ў праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі”, якое прадугледжвае надзяленне паўнамоцтвамі мясцовыя выканаўчыя органы па змяненні норм напаўняльнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі ў мэтах эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў для забеспячэння месцамі ў дашкольных установах мікрараёнах-новабудоўлях.

С.В.Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства, у сваім выступленні прадставіла змяненні, якія плануецца ўнесці ў заканадаўчую базу сістэмы адукацыі, на падставе высноў, зробленых у ходзе дзейнасці рабочай групы Савета Міністраў, і прапаноў, якія прагучалі з боку грамадскасці. Святлана Васільеўна выказалася наконт павелічэння колькасці вучэбных дзён на працягу навучальнага года. Магчыма, трэба падумаць аб рацыянальным выкарыстанні шостага школьнага дня, асабліва на трэцяй ступені, і выкарыстоўваць яго ў якасці вучэбнага дня пры ўвядзенні профільнага навучання. Улічваючы пажаданні навучэнцаў і іх бацькоў, дазволіць наведваць факультатыўныя заняткі не толькі навучэнцам 9—11 класаў, але і 5—8 класаў.
Што тычыцца пераходу на профільнае навучанне на трэцяй ступені школы, то ўжо выпрацаваны механізм камплектавання такіх класаў, згодна з якім навучэнцы, якія скончылі базавую школу з сярэдняй адзнакай пасведчання аб адукацыі не менш за 6 балаў, а па профільных прадметах маюць адзнаку не менш за 7, могуць прэтэндаваць на тое, каб вучыцца ў профільным класе.
Па-ранейшаму існуе праблема безадзнакавага навучання ў 1—2 класах. Нягледзячы на тое, што ў рэкамендацыях Міністэрства адукацыі прапанавана самастойна выбіраць форму ацэньвання, настаўнікі да гэтага часу так і не вызначыліся. Па гэтым пытанні былі праведзены дадатковыя даследаванні ў школах рэгіёнаў, якія паказалі, што педагогі схіляюцца да таго варыянта, каб безадзнакавае навучанне захаваць у 1 і 2 чвэрцях першага класа. Менавіта гэтая норма самая аптымальная і будзе ўстаноўлена заканадаўча.
Як вядома, тэмай для абмеркавання рабочай групай, педагагічнай грамадскасцю стала недастатковае вывучэнне ў школе беларускай мовы і літаратуры. Асабліва выклікае неразуменне той факт, што падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі сёння выдаюцца на рускай мове. С.В.Уклейка паведаміла, што галіновае міністэрства аператыўна адрэагавала на гэтыя заўвагі і плануе пашырыць выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў школе, а падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі будуць выдавацца на беларускай мове.
Начальнік упраўлення заўважыла, што для вызначэння якасці нацыянальных падручнікаў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук праводзіў даследаванні, згодна з вынікамі якіх нашы падручнікі атрымалі даволі высокую ацэнку. Але пры гэтым было прызнана, што вучэбным праграмам не хапае гнуткасці з улікам сучасных патрабаванняў. Патрабуе ўдасканалення і тыпавы вучэбны план, дзе пакуль не прадугледжана мэтазгоднасць выкладання тых ці іншых прадметаў, а па некаторых не хапае гадзін для авалодання тымі ці іншымі тэмамі прадмета. Міністэрства адукацыі сёння працуе над удасканаленнем вучэбна-планавай дакументацыі. У тым ліку будуць перагледжаны вучэбныя праграмы з мэтай завершанасці навучання за курс базавай школы.
Шмат заўваг паступае ад бацькоў наконт напаўняльнасці класаў у школах. Бацькі скардзяцца, што ў некаторых класах не выконваюцца нормы напаўняльнасці, навучэнцаў больш, чым патрэбна. Гэта негатыўна адбіваецца на паспяховасці школьнікаў. Святлана Васільеўна адзначыла, што неабходна замацаваць адзін нарматыў напаўняльнасці класаў для школ, ліцэяў, гімназій і рэгуляваць гэтую норму па меркаванні заснавальніка навучальнай установы.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці загадчыца кафедры педагогікі пачатковага навучання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Т.В.Нічышына паведаміла прысутным аб развіцці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі на рэгіянальным узроўні і расказала аб прыярытэтах адукацыі Брэсцкай вобласці.
Як будуць фарміравацца дзясятыя класы з улікам пераходу на профільнае навучанне, як будзе праходзіць атэстацыя навучэнцаў, якім будзе склад груп прадоўжанага дня, якая максімальная нагрузка прадугледжана на аднаго навучэнца, як узняць прэстыж педагагічнай прафесіі — усе гэтыя і іншыя пытанні былі закрануты членамі камісіі. Многія іх прапановы будуць улічаны ў ходзе распрацоўкі заканадаўчай базы для сістэмы адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.