У пошуках сваякоў

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Няпростай, але вельмі ганаровай працай займаюцца члены краязнаўчага гуртка Гомельскага шматпрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На чале са сваім кіраўніком Людмілай Прыскока яны спрабуюць устанавіць месца пахавання савецкіх воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і перадаць гэтую інфармацыю іх сваякам.

У цяжкі час абаранялі краіну воіны з 15 савецкіх рэспублік. Не ўсе прайшлі суровыя выпрабаванні, шмат салдат загінула, многія папоўнілі спіс тых, хто прапаў без вестак, для многіх апошнім прытулкам сталі брацкія магілы. Праз 70 гадоў унукі і праўнукі не губляюць надзею адшукаць якія-небудзь звесткі, спрабуюць устанавіць месцы пахавання сваіх дзядоў. Чаму выхаванцы цэнтра падключыліся да пошукавай работы, зараз нават цяжка прыпомніць, але гэтая добрая справа вельмі зацягнула. А першыя поспехі сталі пацвярджэннем таго, наколькі важнай можа быць іх работа.
У верасні мінулага года юных пошукавікаў Гомеля папрасілі знайсці магілу Ціхана Давыдавіча Раўкова, ураджэнца Браншчыны, які загінуў за вызваленне Гомеля ў лістападзе 1943 года. Дакументальнай крыніцай паслужыла пахавальная, якую як памяць бераглі ў сям’і воіна. Да вайны Ціхан Давыдавіч жыў у Бранску, меў вялікую дружную сям’ю: жонку, сыноў і дачок. У 1943 годзе ішоў бой у Галавінцах, пад Гомелем. Там і нагнала савецкага салдата варожая куля. Гурткоўцы знайшлі брацкую магілу, у якой быў пахаваны Ц.Д.Раўкоў. А разам з тым знайшлі яшчэ некалькі дзясяткаў імён салдат, ураджэнцаў Браншчыны, якія пахаваны ў брацкіх магілах пад Гомелем, на тэрыторыі Улукаўскага сельсавета. Спіс гэтых імён гамяльчане перадалі педагогам і юным музейшчыкам з Бранска, якія наведалі беларускі абласны цэнтр восенню мінулага года. Сваякоў больш як 30 загінуўшых салдат трэба будзе знайсці школьнікам Бранска. У складзе той дэлегацыі была і кіраўнік школьнага музея сярэдняй школы № 11 Бранска Н.Э.Нікеенка, унучка Ціхана Раўкова.
У ліку загінуўшых за вызваленне Гомеля значыцца сяржант Хасанбек Ібрагімавіч Зукураў — ураджэнец Паўночнай Асеціі. На працягу многіх гадоў гомельскіх і асецінскіх міратворцаў звязвае цеснае сяброўства, менавіта таму дзеці задаліся мэтай знайсці сваякоў асецінскага салдата, пахаванага пад Гомелем.
— Інфармацыя аб ім была вельмі скупой: загінуў 14 лістапада 1943 года — і больш нічога, — расказвае загадчык аддзела турызму і краязнаўства шматпрофільнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомеля кіраўнік пошукавага атрада Людміла Прыскока. — Мы звярнуліся па дапамогу да прадстаўніка Расійскага фонду міру ў Рэспубліцы Паўночная Асеція — Аланія Віктара Бяляева. Да працы былі далучаны і сродкі масавай інфармацыі Асеціі.
І вось пошукі прывялі ў сяло Нарт Ардонскага раёна, дзе ў сярэдняй школе працуе настаўнікам замежнай мовы пляменніца загінуўшага пад Гомелем асеціна Фаіма Чахоева. У сямейным архіве сям’і захоўваюцца дзве пахавальныя братоў Зукуравых — Салтанбека і Хасанбека. 72 гады сваякі лічылі, што яны прапалі без вестак.
Там, у асецінскай сярэдняй школе, гамяльчане сустрэліся са сваякамі Хасанбека Зукурава, перадалі сваякам матэрыялы пра яго салдацкі лёс і атрымалі ад іх вялікую падзяку за праведзеную работу.
На гэтым, упэўнена Людміла Прыскока, праца пошукавага атрада не спыняецца. Наадварот, яна толькі пачынаецца. Юныя пошукавікі разам са сваім кіраўніком працавалі з матэрыяламі кнігі ўліку воінскіх пахаванняў Улукаўскага сельскага савета і склалі спісы салдат з Башкірыі, Казахстана, Яраслаўскай, Курскай і Чарнігаўскай абласцей. Гэтую інфармацыю яны перадалі ў рэгіёны для далейшага пошуку і спадзяюцца ў хуткім часе атрымаць якія-небудзь водгукі.

Наталля ЛУТЧАНКА.