У пошуку эфектыўных сродкаў развіцця прасторавых уяўленняў вучняў

- 10:45Навіны рэгіёнаў

— Неабходным элементам агульначалавечай культуры з’яўляецца валоданне пэўным аб’ёмам графічных ведаў і ўменнем чытаць і выконваць чарцяжы, — гаворыць настаўніца чарчэння Алена Васільеўна Бялюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — Гэта патрабуе вырашэння праблемы, звязанай з развіццём прасторавага мыслення, якое з’яўляецца важным кампанентам падрыхтоўкі да практычнай дзейнасці па многіх спецыяльнасцях. Высокі ўзровень развіцця прасторавага мыслення — абавязковая ўмова паспяховага засваення розных тэхнічных дысцыплін на ўсіх этапах навучання.

Прасторавае мысленне — гэта від нагляднага мыслення, які забяспечвае стварэнне прасторавых вобразаў і карыстанне імі падчас вырашэння практычных і тэарэтычных задач. Развіццю прасторава-вобразнага мыслення садзейнічаюць урокі выяўленчага мастацтва ў 5—7 класах, але асноўную ролю ў гэтым адыгрываюць урокі чарчэння ў 9 класе.

— Менавіта на ўроках чарчэння фарміруюцца і развіваюцца прасторавыя ўяўленні, без якіх немагчыма навучыцца чытаць і выконваць чарцяжы, — тлумачыць А.В.Бялюк. — Пераход да аднагадовага вывучэння гэтага прадмета абумовіў пошук больш эфектыўных прыёмаў і метадаў для развіцця прасторавага мыслення школьнікаў.

Прасторавыя ўяўленні адыгрываюць значную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Даследаванні псіхолагаў і педагогаў даказалі, што навучанне, якое не абапіраецца на вобразнае мысленне як складнік тэарэтычнага мыслення, тармозіць развіццё дзяцей. Найбольш інтэнсіўна і прадукцыйна прасторавыя ўяўленні фарміруюцца ў вучняў ва ўзросце 15—16 гадоў, пасля чаго назіраецца рэзкі спад у іх развіцці.

— Адна з праблем недастатковага развіцця прасторавых уяўленняў школьнікаў звязана з недахопам часу на ўроках, — адзначае А.В.Бялюк. — Для яе вырашэння давялося перайсці на выкарыстанне вучэбных сшыткаў, якія дазволілі вызваліць частку часу на занятках. Перагледзела каляндарна-тэматычнае планаванне, аб’яднаўшы некаторыя тэмы і вызваліўшы час для замацавання больш складаных з іх. На жаль, да пачатку вывучэння чарчэння толькі каля 40% дзяцей ведаюць геаметрычныя целы, умеюць іх адлюстроўваць і аналізаваць геаметрычныя формы. Акрамя таго, школьнікі прызвычаіліся да дэманстрацыі геаметрычных цел толькі ў вертыкальным становішчы, а пры змяненні становішча цел у прасторы вучні не пазнаюць іх. Зыходзячы з гэтага, паставіла задачу па развіцці асацыятыўна-вобразнага мыслення, творчай і пазнавальнай актыўнасці дзяцей.

Спачатку патрабавалася аднавіць і пашырыць веды вучняў у галіне геаметрычных плоскіх фігур і аб’ёмных цел. Для гэтага А.В.Бялюк звярнулася да метаду нагляднага навучання. Акрамя друкаваных табліц, настаўніца паказвае дзецям мадэлі розных геаметрычных цел, вырабленых вучнямі ў мінулыя гады.

— Даю заданні на распазнаванне геаметрычных цел, — расказвае педагог. — Пры вывучэнні тэмы “Аналіз геаметрычнай формы” абавязкова наглядна разбіраю дэталі на геаметрычныя складнікі, прычым імкнуся паказаць целы ў розным становішчы ў прасторы. Акрамя візуальнага ўспрымання, неабходна веданне асноўных прыкмет геаметрычных цел. Для гэтага выкарыстоўваю розныя практыкаванні. Напрыклад, прапаноўваю дапоўніць азначэнні геаметрычных цел і фігур, уставіўшы прапушчаныя словы: піраміда — …, у якога ў аснове — …, і ўсе грані… Для пашырэння кола вобразаў памяці прымяняю метад супастаўлення і прыём пазнавання. Гэтаму садзейнічае і рашэнне розных задач у табліцы.

Па словах А.В.Бялюк, на працягу ўсяго школьнага навучання дзеці працуюць у адной плоскасці, нават на ўроках фізікі і матэматыкі. Складанасць пераходу ад двухмернага вымярэння да трохмернага згладжваецца пры выкарыстанні мадэлі трохграннага вугла і метаду мадэлявання (стварэнне прадмета на аснове яго чарцяжа). Гэта адзіны метад, які дазваляе вучням перайсці ад плоскаснай выявы да аб’ёмнай.

— Для развіцця прасторавых уяўленняў выкарыстоўваю не толькі наглядны матэрыял (дэталі, макеты, мадэлі, табліцы), заданні па мадэляванні і задачы на распазнаванне геаметрычных цел і фігур, але і прыёмы разгляду і запамінання цел, аднаўлення іх па памяці, пазнавання, аналізу дэталі, мысленнага правядзення межаў і абстракцыі (уменне вылучыць у кожным геаметрычным целе яго істотныя прыкметы), — гаворыць А.В.Бялюк. — Вырашэнне пастаўленых задач немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў. На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці выкарыстоўваю розныя метады навучання: слоўныя, наглядныя і практычныя. Сярод слоўных аддаю перавагу метаду гутаркі-паведамлення. Імкнуся не проста выкладаць матэрыял, а паставіць перад дзецьмі апераджальныя пытанні па тэме, якая тлумачыцца. Гэта дазваляе прыцягнуць увагу і актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў. Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваю метады стымулявання і матывацыі пазнавальнай дзейнасці: стварэнне праблемнай сітуацыі і сітуацыі поспеху, тлумачэнне, парада, нагадванне ў выглядзе кароткіх указанняў, заахвочванне.

Асаблівую ўвагу Алена Васільеўна ўдзяляе практычным работам, якія развіваюць прасторавыя ўяўленні вучняў, замацоўваючы набытыя веды і навыкі па складанні і чытанні чарцяжоў. Найбольш эфектыўным з’яўляецца выкананне індывідуальных заданняў. Настаўніца выкарыстоўвае 8—10 іх варыянтаў. А.В.Бялюк дае вучням не толькі агульныя метадычныя рэкамендацыі, але і дыферэнцыравана падыходзіць да выдачы заданняў.

— Усё гэта дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў, — прызнаецца педагог. — Узровень навучанасці школьнікаў на працягу многіх гадоў застаецца сярэднім ці дастатковым. Але лепшым прыкладам выніковасці работы з’яўляецца адсутнасць цяжкасцей у выпускнікоў, сённяшніх студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю, пры засваенні прадмета “Інжынерная графіка”.

За шматгадовую педагагічную дзейнасць А.В.Бялюк назапасіла вялікую колькасць метадычных і практычных дапаможнікаў, наглядных друкаваных матэрыялаў, дынамічных і статычных мадэлей, зборнікаў задач па чарчэнні. Алена Васільеўна ўпэўнена, што без належнага вучэбна- і навукова-метадычнага забеспячэння немагчыма дасягнуць высокіх вынікаў у рабоце. Выпрацаваная сістэма педагагічнай дзейнасці прэзентуецца на семінарах па развіцці прасторавага мыслення на ўроках чарчэння для слухачоў Брэсцкага абласнога ІРА. Для калег з іншых рэгіёнаў вобласці А.В.Бялюк дае адкрытыя ўрокі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.