У рамках Года навукі

- 10:49Навіны рэгіёнаў

У рамках Года навукі ў Пелішчанскай сярэдняй школе Камянецкага раёна запланаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё інтэлектуальных здольнасцей вучняў і актывізацыю навукова-даследчай дзейнасці іх і педагогаў.

— У школе было праведзена экспрэс-апытанне сярод вучняў 5—11 класаў на тэму “Што вы ведаеце пра дасягненні беларускай навукі і тэхнікі?”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пелішчанскай сярэдняй школы М.Л.Кур’яновіч. — Па выніках экспрэс-апытання загадзя падрыхтаваныя старшакласнікі выступалі на інфармацыйных га-дзінах у класах з паведамленнямі пра вядомых беларускіх навукоўцаў і іх адкрыцці. Затым бібліятэкар Алена Аляксандраўна Шышчыц аформіла ў школьным фае выставу тэматычнай літаратуры і навуковых работ, з якімі маглі азнаёміцца педагогі, вучні і іх бацькі. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаў агляд-конкурс калажаў, прысвечаны дасягненням беларускай навукі і тэхнікі. Малодшыя школьнікі прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі, дзе прэзентавалі даследчыя работы. Было прынята рашэнне аб выпуску інфармацыйнага весніка, у якім настаўнікі-прадметнікі будуць размяшчаць і штотыдзень абнаўляць інфармацыю пра навуковыя дасягненні ў фізіцы, хіміі, матэматыцы, геаграфіі, біялогіі і інш. Акрамя таго, кожную суботу ў школе арганізоўваюцца мерапрыемствы інтэлектуальнага, пазнавальнага і прафарыентацыйнага напрамку па вучэбных прадметах.

Па словах М.Л.Кур’яновіч, праведзеныя і запланаваныя мерапрыемствы дапамогуць не толькі актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў і развіваць здольнасці высокаматываваных дзяцей, але і ўдасканаліць арганізацыю шостага школьнага дня.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.