У рамках міжнароднай сустрэчы на Кургане Дружбы ўпершыню пройдзе летні ваенна­-патрыятычны лагер

- 12:48Образование

У рамках традыцыйнай міжнароднай сустрэчы на Кургане Дружбы ўпершыню пройдзе летні ваенна­патрыятычны лагер. Якім ён будзе, абмеркавалі на фарсайт-сесіі ў Пячорах дэлегацыі Віцебскай і Пскоўскай абласцей, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Маштабная маладзёжная пляцоўка аб’яднала 200 школьных лідараў — пароўну ад кожнага рэгіёна. Разам з педагогамі навучэнцы працавалі над канцэпцыямі будучага лагера, стварэннем дадатковых лакацый і новых інтэр­актыўных праграм. Запамінальным момантам трохдзённага форуму стала экскурсія ў старажытны Свята-Успенскі Пскова-Пячэрскі манастыр. Па выніках работы ў групах “Мастакі”, “Захавальнікі” і “Абаронцы” ўдзельнікі прапанавалі на разгляд экспертаў 27 праектаў у творчым, даследчым і ваенна-патрыятычным напрамках.

Курган Дружбы — помнік гераізму і мужнасці беларускіх, рускіх і латышскіх партызан, якія разам змагаліся супраць фашыстаў і іх памагатых у час Вялікай Айчыннай вайны. Ён з’яўляецца цэнтральнай часткай закладзенага ў 1959 годзе мемарыяла на мяжы краін-суседзяў. З беларускага боку ў Верхнядзвінскім раёне на пагорак вядзе бярозавая алея, з расійскага — кляновая, з латышскага — ліпавая. Для стварэння кургана выкарыстоўвалася зямля, узятая з месцаў пахаванняў ці гібелі партызан і воінаў Чырвонай Арміі. На тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена стэла ў гонар прошкаўскіх падпольшчыкаў, у Расіі — помнік себежскай партызанцы Марыі Пынто. На жаль, частку мемарыяла з помнікам Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу ў Латвіі мінулай восенню зруйнавалі з дапамогай цяжкай тэхнікі…

На працягу многіх дзесяцігоддзяў у першую нядзелю ліпеня на Кургане Дружбы збіраюцца тысячы людзей, каб ушанаваць па­мяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у асяроддзі сяброў пагар­таць старонкі гераічнай барацьбы патрыётаў з акупантамі ў знакамітым партызанскім краі і адкрыць новыя, раней невядомыя. Пачатак традыцыі паклалі ветэраны, цяпер справу працягваюць іх нашчадкі. Прыязджаюць асобна, арганізаванымі групамі і цэлымі сем’ямі, далучаюцца артысты і вучоныя-даследчыкі, прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх арганізацый. Урачысты мітынг-рэквіем перарастае ў народнае свята з выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці, песнямі ля партызанскага вогнішча. Для наведвальнікаў мемарыяла ў лесе абсталяваны канцэртная эстрада, месцы для спартыўных гульняў і палатачнага гарадка, аўтастаянка. У Год гістарычнай памяці зарадзілася яшчэ адна традыцыя: напярэдадні цэнтральнай штогадовай падзеі тут разгарнуўся маладзёжны беларуска-расійскі адукацыйна-патрыятычны лагер, які прыняў удзель­нікаў 11 каманд Віцебшчыны і Пскоўшчыны ва ўзросце ад 18 да 31 года.

Сёлета міжнародная сустрэча адбудзецца 64-ы раз. Свята рыхтуецца прымаць Расія. І зноў чакаецца пашырэнне фармату. У прыватнасці, пад Себежам плануюць правесці патрыятычны лагер для падлеткаў. Мяркуецца, што распрацаваныя віцебскімі і пскоўскімі навучэнцамі ў ходзе сакавіцкай фарсайт-сесіі праекты будуць рэалізаваны ў рамках летняй змены працягласцю ў 21 дзень. Завершыцца яна якраз у першыя выхадныя ліпеня.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі