Выстава, прысвечаная творчасці Язэпа Драздовіча, праходзіць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На адкрыцці пабывала і карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Язэп Драздовіч быў не толькі таленавітым мастаком і скульптарам, але і выбітным пісьменнікам, паэтам, этнографам, археолагам, астраномам-аматарам, падарожнікам… Канкурсантам было прапанавана азнаёміцца з яго жыццём і творчасцю, зразумець яго стаўленне да мастацтва і выказаць свае ўражанні ў мастацкіх праектах. Юныя творцы не проста капіравалі шэдэўры Язэпа Драздовіча, а пераасэнсоўвалі іх, знаходзілі нешта блізкае для сябе, чым і натхняліся на стварэнне ўласных работ.
У конкурсе прынялі ўдзел 46 калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званні народнага, узорнага, і два заслужаныя калектывы. Гэта больш за 350 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны. На суд журы і гледачоў яны прадставілі 67 праектаў, выкананых у розных відах і тэхніках выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, змешаная тэхніка) і дэкаратыўна-прыкладной творчасці (маляванкі). У выставачнай зале — толькі лепшыя работы.
Самай папулярнай стала намінацыя «Нязведаны Сусвет». У сваіх работах дзеці ўвасаблялі мудрагелістыя планеты і іх дзіўных насельнікаў, незямныя пейзажы, жыццё cатуран і марсіян, марылі аб палёце да іншых планет і сустрэчах з незвычайнымі істотамі.
«Ён зазірнуў у космас — і космас зазірнуў у яго», — так характарызуюць мастацтвазнаўцы «касмічны» перыяд творчасці Язэпа Драздовіча. Гэтай фразай можна апісаць і творчы праект навучэнцаў узорнай дзіцячай выяўленчай майстэрні «Маленькія чараўнікі» (педагог Ю.М. Салаўёва) Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Асноўным аб’ектам юных мастакоў выступае не сама рэальнасць, а іх уласны ўнутраны свет — уражанні, перажыванні, эмоцыі, разважанні, жаданні і сны.
Іх работы — гэта спалучэнне аўтапартрэта юнага мастака падчас сну і ўласна яго сон — астральнае падарожжа. Кампазіцыі выкананы ў змешанай тэхніцы з выкарыстаннем чорнага маркера і алейнай пастэлі. Розніца паміж рэальнасцю і сном перадаецца пры дапамозе цікавага мастацкага прыёму: сон быццам бы разляцеўся на кавалачкі і зафіксаваўся маленькімі часткамі на чорным фоне вакол аўтапартрэта.
Юлія Салаўёва падкрэслівае:
— Удзел у праекце паспрыяў пераасэнсаванню дзецьмі ўласнай творчай дзейнасці, разуменню важнасці ўмення перадачы ў малюнках не толькі рэалістычнага ўяўлення аб свеце, але і свайго непаўторнага ўнутранага свету. Важна не абмяжоўваць сябе рамкамі, імкнуцца спрабаваць і спазнаваць нешта новае ў творчасці.
Яшчэ адзін яркі праект з названай установы прадставілі выхаванцы ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва, якой кіруе Л.М. Здор. Гэта серыя работ «Беларускі Леанарда да Вінчы і я», якія ўвабралі ў сябе дзве творчыя іпастасі Язэпа Драздовіча: мастака (яго знакаміты аўтапартрэт на фоне пейзажу) і пісьменніка (літаратурныя творы касмічнай тэматыкі).
Ларыса Здор адзначае:
— У знакамітым аўтапартрэце Язэп Драздовіч, як і Леанарда да Вінчы, аб’яднаў партрэт з пейзажам. Драздовіч адлюстраваў сябе на фоне пейзажу і завяршыў яго арнаментам. Гэта дало нам падказку, як можна аб’яднаць аўтапартрэт і касмічны пейзаж, прымяніць фантазію і веды. Заставалася толькі зразумець, як незвычайна перадаць тэму. Для гэтага быў напісаны шэраг партрэтаў у тэхніцы графікі на акварэльным аркушы, дзе навучэнцы стварылі аўтапартрэты. Дзецям малодшага ўзросту было прапанавана выканаць работу гуашавымі фарбамі, але потым з’явілася ідэя, каб яны звязалі свой партрэт з касмічным пейзажам і арнаментам з фантазійных вобразаў. У партрэтах выхаванцы вывучылі ўсе прапорцыі твару, адлюстравалі сябе ў анфас і профіль, перадалі настрой і міміку, характар і адметныя рысы, акцэнтавалі ўвагу на асвятленні, колеравых і светлавых змяненнях.
Мастацкія праекты ў намінацыі «Падарожжа па Беларусі» знаёмяць гледача з малой радзімай дзяцей. Гэта праекты «Мая Салігоршчына», «Падарожжа-фантазія «Пан Язэп малюе Пухаўшчыну», «Па слядах графаў Чапскіх», «Падарожжа па слядах Гомельшчыны», «Ажыўшая веліч» (Брэст). Са знакамітымі палацамі і замкамі, касцёламі і цэрквамі знаёмяць праекты «Экскурсія па Беларусі» (Барысаў), «Падарожжа з Я. Драздовічам» (Кобрын). А праект «Заказнікі Беларусі» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава расказвае пра знакамітыя заказнікі Беларусі, такія як «Ельня», «Лябяжы», «Чырвоны Бор», «Прыбужскае Палессе», «Сіньша», «Сялява», і іх насельнікаў.
Журы высока ацаніла работы і канкурсантаў, і іх педагогаў. Так, член Беларускага саюза мастакоў, мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная адзначыла:
— У лепшых праектах мы сустракаем асэнсаванае ўспрыманне ідэй мастака. Вялікае значэнне мае кірунак, які задае педагог, асабліва там, дзе размова ідзе пра фантазіі дзяцей. Радасна бачыць, што педагогу ўдаецца ўзбагаціць іх свет вобразамі, навеянымі творчасцю Язэпа Драздовіча. Бо ўсе мы разумеем, як цяжка сёння канкурыраваць са светам сучаснай анімацыі і камп’ютарных гульняў. Упэўнена: конкурс пакіне ў культурным багажы ўдзельнікаў больш глыбокае разуменне творчасці Язэпа Драздовіча, натхніць на ўвагу да наваколля і выкліча жаданне марыць.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара